Ёва 23 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І адказваў Ёў і сказаў:
У адказ Ёў сказаў:
яшчэ і цяпер горкае слова маё: пакуты мае цяжэйшыя за стогны мае.
«І сёння з горыччу жальба мая, бо рука Яго ўзнеслася цяжарам над стогнам маім.
О, калі б я ведаў, дзе знайсьці Яго, і мог падысьці да трона Ягонага!
О, каб я спазнаў, дзе знайсці Яго, і каб падышоў да пасада Яго!
Я выклаў бы прад Ім усё маё і вусны мае напоўніў бы апраўданьнямі;
Пакладу я перад Ім суд і напоўню вусны свае нараканнямі,
уведаў бы словы, якімі Ён адкажа мне, і зразумеў бы, што Ён скажа мне.
каб ведаў я словы, якімі Ён адкажа мне, і каб зразумеў, што Ён будзе гаварыць мне.
Няўжо Ён у поўнай магутнасьці пачаў бы спаборнічаць са мною? О, не! Няхай бы толькі даў увагі мне.
Ці ж з вялікім запалам будзе Ён спрачацца са мною? Не! Ён будзе толькі слухаць!
Тады праведнік мог бы спаборнічаць зь Ім, — і я назаўсёды атрымаў бы свабоду ад Судзьдзі майго.
Тады справядлівы будзе судзіцца з Ім, і ад Суддзі свайго пайшоў бы я ў цэласці.
Але вось, я іду наперад — і няма Яго, назад — і не знаходжу Яго;
Калі пайду я на ўсход — Ён не з’явіцца, і калі пайду на захад — не здагадаюся, дзе Ён.
ці робіць Ён што зь левага боку, я ня бачу; ці хаваецца з правага, не разгледжу.
Калі далей пайду налева, не знайду Яго; калі павярну направа, не ўбачу Яго.
Але Ён ведае шлях мой; няхай выпрабуе мяне, — выйду, як золата.
А Ён ведае дарогу маю, і калі выпрабуе мяне, я выйду [чысты], як золата.
Нага мая цьвёрда трымаецца сьцежкі Ягонай; шляхі Ягоныя я захоўваў і ня ўхіляўся зь іх.
Нага мая трымаецца слядоў Яго, я пільную дарогу Яго і не збочваю з яе.
Ад наказаў вуснаў Ягоных не адступаўся; словы вуснаў Ягоных захоўваў болей, чым мае правілы.
Ад загадаў вуснаў Яго не адступаюся, і ў сэрцы сваім захоўваю словы вуснаў Яго.
Але Ён цьвёрды; і хто ўхіліць Яго? Ён робіць, чаго хоча душа Ягоная.
Бо Ён адзіны, і хто адштурхне Яго? І што толькі хоча душа Яго, тое робіць.
Так, Ён выканаў тое, што належала мне, і падобнага на гэта многа ў Яго.
Калі Ён на мне споўніў волю Сваю, то і іншых падобных рэчаў ёсць у Яго багата.
Таму я дрыжу прад абліччам Ягоным; разважаю — і баюся Яго.
Таму я хвалююся ў прысутнасці Яго і, калі гляджу на Яго, ахоплены страхам.
Бог расслабіў сэрца маё, і Ўсеўладны напалохаў мяне.
Бог улагодзіў сэрца маё, і Усемагутны ўстрывожыў мяне,
Чаму я ня зьнішчаны раней за гэтую цемру, і Ён не схаваў мораку ад твару майго!
бо не загінуў я ад надыходу цемры і змрок не агарнуў аблічча майго.