1 І адказваў Ёў і сказаў:
2 яшчэ і цяпер горкае слова маё: пакуты мае цяжэйшыя за стогны мае.
3 О, калі б я ведаў, дзе знайсьці Яго, і мог падысьці да трона Ягонага!
4 Я выклаў бы прад Ім усё маё і вусны мае напоўніў бы апраўданьнямі;
5 уведаў бы словы, якімі Ён адкажа мне, і зразумеў бы, што Ён скажа мне.
6 Няўжо Ён у поўнай магутнасьці пачаў бы спаборнічаць са мною? О, не! Няхай бы толькі даў увагі мне.
7 Тады праведнік мог бы спаборнічаць зь Ім, — і я назаўсёды атрымаў бы свабоду ад Судзьдзі майго.
8 Але вось, я іду наперад — і няма Яго, назад — і не знаходжу Яго;
9 ці робіць Ён што зь левага боку, я ня бачу; ці хаваецца з правага, не разгледжу.
10 Але Ён ведае шлях мой; няхай выпрабуе мяне, — выйду, як золата.
11 Нага мая цьвёрда трымаецца сьцежкі Ягонай; шляхі Ягоныя я захоўваў і ня ўхіляўся зь іх.
12 Ад наказаў вуснаў Ягоных не адступаўся; словы вуснаў Ягоных захоўваў болей, чым мае правілы.
13 Але Ён цьвёрды; і хто ўхіліць Яго? Ён робіць, чаго хоча душа Ягоная.
14 Так, Ён выканаў тое, што належала мне, і падобнага на гэта многа ў Яго.
15 Таму я дрыжу прад абліччам Ягоным; разважаю — і баюся Яго.
16 Бог расслабіў сэрца маё, і Ўсеўладны напалохаў мяне.
17 Чаму я ня зьнішчаны раней за гэтую цемру, і Ён не схаваў мораку ад твару майго!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002