Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Асіі 1 Асіі 1 разьдзел

1 Слова Гасподняе, якое было да Асіі, сына Бээрыінавага, у дні Азіі, Ёатама, Ахаза, Эзэкіі, цароў Юдэйскіх, і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага.
2 Пачатак слова Гасподняга Асію. І сказаў Гасподзь Асію: «ідзі, вазьмі сабе жонку блудніцу і дзяцей блуду; бо моцна блудадзеіць зямля гэтая, адступіўшыся ад Госпада».
3 І пайшоў ён і ўзяў Гомер, дачку Дыўлаіма; і яна зачала і нарадзіла яму сына.
4 І Гасподзь сказаў яму: «дай яму імя Ізрэель, бо яшчэ крыху пройдзе, і Я спаганю кроў Ізраіля з дому Іуевага і пакладу канец царству дому Ізраілевага,
5 і будзе ў той дзень, Я зламаю лук Ізраілеў у даліне Ізрэель».
6 І зачала яшчэ і нарадзіла дачку, і Ён сказаў яму: «дай ёй імя Ларухама; бо я ўжо ня буду больш літаваць дому Ізраілевага, каб дараваць ім.
7 І дом Юдаў умілажалю і ўратую іх у Госпадзе Богу іхнім, уратую іх ня лукам, ня мечам, не вайною, ня конямі і вершнікамі».
8 І выкарміўшы грудзьмі Непамілаваную, яна зачала і нарадзіла сына.
9 І сказаў Ён: «дай яму імя Лаамі, бо вы — ня Мой народ, і Я ня буду вашым Богам.
10 Але будзе лік сыноў Ізраілевых як пясок марскі, якога нельга ні вымераць, ні палічыць; і там, дзе казалі ім: вы ня Мой народ, будуць казаць ім: вы сыны Бога жывога.
11 І зьбяруцца сыны Юдавыя і сыны Ізраілевыя разам і паставяць сабе адну галаву і выйдуць зь зямлі перасяленьня; бо вялікі дзень Ізрэеля!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Асіі, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002