1 І адказаў Ёў, і сказаў:
2 «І сёньня з горыччу жальба мая, бо рука Ягоная цяжэйшая за стагнаньне маё.
3 О, каб я ведаў, дзе знайсьці Яго, я пайшоў бы да месца жытла Ягонага!
4 Я б прынёс перад аблічча Ягонае справу маю і напоўніў бы вусны мае нараканьнямі.
5 І ведаў бы я словы, якімі Ён адкажа, і зразумеў бы, што Ён будзе казаць мне.
6 Ці з вялікім запалам Ён будзе спрачацца са мною? Не! Ён толькі зьверне ўвагу на мяне!
7 Там справядлівы прадставіць справу сваю перад Ім, і ад Судзьдзі майго выйду я вольным.
8 Але вось, я іду на ўсход, і няма Яго, і іду на захад, і не знаходжу Яго.
9 На поўначы шукаю Яго, і ня бачу, і паварочваю на поўдзень, і не заўважаю.
10 А Ён ведае шлях мой, і няхай выспрабуе мяне, выйду я [чысты], як золата.
11 Нага мая трымалася сьлядоў Ягоных, я пільнаваў шляхі Ягоныя і не зыходзіў з іх.
12 Ад загадаў вуснаў Ягоных не адступаюся, і захоўваю словы вуснаў Ягоных як пастанову.
13 Ён адзін [вырашае], і хто заверне Яго? І што захоча душа Ягоная, Ён зробіць.
14 Бо Ён зробіць, што прызначыў пра мяне, і шмат такога ёсьць у Яго.
15 Таму я дрыжу перад абліччам Ягоным, разважаю [пра Яго], і ў страху вялікім перад Ім.
16 Бог аслабіў сэрца маё, і Усемагутны настрашыў мяне.
17 Бо не ад цемры я гіну, і аблічча маё не пакрытае змрокам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023