1 І адказаў Ёў, і сказаў:
2 «Сапраўды, ведаю, што так ёсьць, але як апраўдаецца чалавек перад Богам?
3 Калі хто захоча спрачацца з Ім, Ён не адкажа яму нават на адно пытаньне з тысячы.
4 Ён — мудры розумам і магутны сілаю. Хто супрацівіцца Яму і застанецца цэлым?
5 Ён пераносіць горы, і ня ведаюць яны, што Ён пераварочвае іх у гневе Сваім.
6 Ён зрушвае зямлю з месца ейнага, і падваліны яе трасуцца.
7 Ён загадвае сонцу, і тое не ўзыходзіць, і на зоркі накладае пячатку.
8 Ён Сам расьцягвае нябёсы і крочыць па хвалях марскіх.
9 Ён стварыў Воз, Касцоў, Стажар’е і зоркі паўднёвая.
10 Ён творыць вялікія і недасьледныя рэчы і цуды, якіх ніхто палічыць ня можа.
11 Калі Ён прыйдзе да мяне, я ня ўбачу Яго, а калі Ён адыйдзе, не заўважу.
12 Калі Ён раптам схопіць, хто Яму перашкодзіць? Або хто зможа сказаць: “Што Ты робіш?”
13 Бог ня стрымлівае гневу Свайго, перад ім схіляюцца служкі Рагава.
14 Дык хто я такі, каб адказваць Яму і гаварыць з Ім падабранымі словамі?
15 Хоць бы я быў праведны, ня буду адказваць, буду толькі маліць Судзьдзю свайго.
16 Калі буду клікаць, і Ён адкажа, не паверу, што Ён выслухаў голас мой.
17 Ён можа зьнішчыць ураганам мяне, і павялічыць раны мае без прычыны.
18 Ён ня дасьць супакою душы маёй, і напоўніць мяне бядотамі.
19 Што да сілы, дык Ён мацнейшы, што да суду, дык хто зможа Яго вінаваціць?
20 Калі б я хацеў сябе апраўдаць, вусны мае асудзяць мяне. І калі б я выявіўся нявінным, Ён прызнае мяне вінаватым.
21 Калі б я быў невінаваты, гэтага ня хоча ведаць душа мая, і я асуджу жыцьцё сваё.
22 Усё адно, кажу я, і невінаватага, і грэшнага Ён зьнішчыць разам.
23 Калі раптоўна некага біч [сьмерці] забівае, з бяды нявінных Ён насьміхаецца.
24 Зямля аддадзена ў рукі бязбожных, аблічча судзьдзяў яе Ён закрывае. Калі ня Ён гэта, дык хто?
25 Дні мае хутчэйшыя за бегуна, уцяклі і ня бачылі дабра,
26 праляцелі, як чаўны з чароту, і як арол, які імкне за здабычай.
27 Калі я скажу: “Забудуся пра смутак свой, зьмяню аблічча сваё і стану я вясёлы”
28 дык дрыжу дзеля ўсіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не апраўдаеш мяне.
29 Калі я такі грэшны, навошта дарма мучуся?
30 Калі б я памыўся ў вадзе са сьнегу і лугам абмыў рукі свае,
31 і тады Ты ўвапхнеш мяне ў балота, і будзе брыдзіцца мною адзеньне маё.
32 Бо Ён — не чалавек, падобны да мяне, каб я мог адказаць Яму. Ён — не чалавек, з якім мне разам ісьці на суд.
33 Няма між намі пасярэдніка, які паклаў бы руку на абодвух.
34 Няхай Ён забярэ ад мяне біч Свой, і страх Ягоны няхай не палохае мяне.
35 І тады я буду гаварыць, і ня буду баяцца Яго, бо так я ня маю адвагі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023