1 І адказаў Більдад з Шуаху, і сказаў:
2 «Як доўга ты будзеш так гаварыць? Словы вуснаў тваіх — як вецер гвалтоўны.
3 Ці ж Бог перакручвае суд? Ці Усемагутны перакручвае праведнасьць?
4 Калі сыны твае саграшылі супраць Яго, дык Ён аддаў іх у рукі злачыннасьці іхняй.
5 Аднак, калі ты на сьвітаньні зьвернешся да Бога і будзеш маліць Усемагутнага,
6 і калі будзеш чысты і праведны, Ён сустрэне цябе і дасьць табе супакой паводле праведнасьці тваёй.
7 І хоць былі малыя пачаткі твае, канец твой будзе вельмі вялікі.
8 Распытай пакаленьні даўнейшыя і зваж на досьвед бацькоў тваіх,
9 бо мы — учора [нарадзіліся] і мала ведаем, бо дні нашыя на зямлі — быццам цень.
10 А яны навучаць цябе, і скажуць табе, і ад сэрца свайго скажуць слова табе.
11 Ці ж можа расьці трысьнёг бяз вільгаці, або чарот без вады?
12 Ён яшчэ квітнее і не сарваныя рукой кветкі ягоныя, але ён сохне раней за ўсю траву.
13 Такі шлях усіх, якія забываюцца пра Бога, і надзея бязбожнага загіне.
14 Надзея яго ценькая, як нітка, пэўнасьць ягоная — як павуціньне.
15 Абапрэцца ён на дом свой, але той не ўстаіць, схопіцца за яго, але ён не ўтрымаецца.
16 Зелянее ён на сонцы і выпускае галінкі свае,
17 і ў купу камянёў запускаюцца карані ягоныя, і паміж камянёў ён вырас.
18 А калі вырвуць яго з месца ягонага, адрачэцца яно ад яго: “Ня ведаю я цябе”.
19 Такая вось радасьць шляху ягонага, а з пылу вырастаюць іншыя.
20 Бог не адкіне нявіннага і ня дасьць рукі ліхотнікам.
21 Ён напоўніць вусны твае сьмехам, і губы твае — радасным ускліканьнем.
22 Тыя, што ненавідзяць цябе, асаромяцца, і не ўстаіць намёт бязбожных».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023