1 І адказаў Эліфаз з Тэману, і сказаў:
2 «Ці можа чалавек быць карысным Богу? Разумны ледзь самаму сабе можа быць карысным.
3 Што за карысьць Усемагутнаму, калі ты праведны, або што Яму дасьць, калі шлях твой беззаганны?
4 Ці ж за пабожнасьць тваю Ён карае цябе і ідзе на суд з табою?
5 Ці ж не за ліхоту тваю і незьлічоныя злачынствы твае?
6 Бо ты браў заклад ад братоў тваіх ні за што і з голых зьдзіраў адзеньне.
7 Ты не даваў вады сасьмягламу, і галоднаму адмаўляўся даваць хлеба.
8 Моцнаму чалавеку даваў ты зямлю, і заможны пасяляўся на ёй,
9 а ўдоваў адсылаў ты з пустымі рукамі, і сіротаў абцяжарваў работамі.
10 Дзеля таго акружаны ты пасткамі, і трывожыць цябе страх неспадзяваны,
11 і ў цемры ты ня бачыш, і вада вялікая залівае цябе.
12 Ці ж Бог не вышэйшы за неба? Паглядзі ўгару на зоркі, як яны высока!
13 А ты кажаш: “Што ведае Бог? Ці праз імглу Ён можа судзіць?
14 Хмары — заслона Яму, так што ня бачыць Ён і ходзіць па скляпеньні нябесным”.
15 Ці ты будзеш трымацца сьцежкі старадаўняй, па якой хадзілі злачынцы,
16 якія заўчасна былі зьнішчаныя, бо паводка падмыла падваліны іхнія?
17 Яны казалі Богу: “Адыйдзіся ад нас! Што можа зрабіць нам Усемагутны?”
18 А Ён багацьцем напоўніў дамы іхнія. Але няхай будзе далёкая ад мяне рада бязбожных.
19 Праведнікі будуць бачыць гэта і цешыцца, і чалавек нявінны будзе сьмяяцца з іх:
20 “Сапраўды вынішчаны супраціўнік наш, а багацьце іхняе спаліў агонь”.
21 Дык пагадзіся з Ім, і мей супакой, і праз гэта прыйдзе да цябе добрае.
22 Вазьмі з вуснаў Ягоных закон і палажы словы Ягоныя ў сэрцы тваім.
23 Калі навернешся да Усемагутнага, адновішся і адкінеш злачыннасьць ад намёту твайго,
24 калі ацэніш золата як парахно, а [золата] Афіру — як камень з ручая,
25 тады Усемагутны будзе золатам тваім і бліскучым срэбрам для цябе.
26 Тады захапляцца ты будзеш Усемагутным і падымеш да Бога аблічча тваё.
27 Будзеш прасіць Яго, і Ён выслухае цябе, і ты споўніш абяцаньні твае.
28 Што пастановіш, прыйдзе да цябе, і на шляхах тваіх будзе сьвяціць сьвятло.
29 Бо Ён паніжае таго, хто пыхлівы, а хто схіляе вочы, той будзе збаўлены.
30 Ён ратуе [нават] таго, хто не без віны, і будзе ён уратаваны дзеля чыстасьці рук сваіх».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023