1 І адказаў ГОСПАД Ёву з віхуры, і сказаў:
2 «Падперажы, як мужчына, сьцёгны твае. Я буду пытацца ў цябе, а ты тлумач Мне.
3 Ці хочаш ты зьнішчыць суд Мой? Ці ты асудзіш Мяне, каб сябе апраўдаць?
4 Калі ты маеш рамяно, як Бог, і калі ты падобным голасам грыміш, як Ён,
5 тады апраніся ў маестат і велічнасьць, і адзенься ў годнасьць і красу.
6 Зьяві ярасьць гневу твайго, і паглядзі на ўсіх пыхліўцаў, і ўпакор іх.
7 Глянь на ўсіх пыхліўцаў, і асаром іх, і выгубі бязбожных на месцах іхніх.
8 Пахавай іх разам у пыле, і абліччы іхнія закрый цемраю.
9 І Я таксама буду славіць цябе, калі правіца твая дапаможа табе.
10 Вось, бегемот, якога Я стварыў, як і цябе, і есьць ён траву як вол.
11 Вось, сіла ягоная — у сьцёгнах ягоных, і моц ягоная — у цягліцах жывата ягонага.
12 Ён круціць хвастом сваім, як кедрам, жылы сьцёгнаў ягоных моцна сплецены.
13 Косткі ягоныя — як трубы мядзяныя, і ногі ягоныя — як пруты жалезныя.
14 Ён ёсьць пачаткам шляхоў Божых. Толькі Той, Хто стварыў яго, можа паднесьці да яго меч.
15 Горы прыносяць ежу яму, і ўсе зьвяры палявыя гуляюць там.
16 Ён сьпіць пад ценем лотасу, схаваўшыся ў трысьнягу і дрыгве.
17 Лотасы хаваюць яго ў ценю сваім, атачаюць яго вербы пры ручаі.
18 Калі рака ўздымаецца, ён не баіцца, ён бясьпечны, хоць Ярдан даходзіць да пашчы ягонай.
19 Ці можа хто ўзяць яго на вачах ягоных? Ці можаш пракалоць яму ноздры гакам?
20 Ці можаш ты Левіятана выцягнуць кручком і вяроўкаю схапіць яго за язык?
21 Ці ўложыш ты трысьціну ў ноздры ягоныя або ці праколеш пашчэнку ягоную цярнінай?
22 Ці будзе ён дужа прасіць цябе або гаварыць да цябе лагодна?
23 Ці заключыць ён з табою запавет, і ты возьмеш яго як слугу навечна?
24 Ці пагуляеш ты з ім, як з птушкаю, або прывяжаш яго для дачок сваіх?
25 Ці ты справіш над ім частаваньне супольнае, і ці падзеляць яго між купцамі?
26 Ці зможаш прабіць скуру ягоную дзідаю, а галаву ягоную — восьцямі рыбацкімі?
27 Палажы на яго руку тваю, і рыхтуйся да бою, бо болей [гэтага] ня зробіш.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 40 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023