1 І працягваў Ёў прамову сваю, і сказаў:
2 «Хто мне дасьць, каб я быў як у часы старадаўнія, у тыя дні, калі Бог захоўваў мяне,
3 калі сьветач Ягоны сьвяціў над галавой маёй, калі ў сьвятле Ягоным хадзіў я ў цемры,
4 калі яшчэ жыў у днях восені маёй, калі спагаднасьць Бога была ў намёце маім,
5 калі Усемагутны быў са мною і вакол мяне — дзеці мае,
6 калі сьцежкі мае купаліся ў масьле, і са скалы ручаём сьцякаў алей.
7 Калі я выходзіў да брамы гораду, і на плошчы ставіў сядзеньне маё,
8 убачыўшы мяне, юнакі хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі,
9 князі пераставалі гаварыць і клалі палец на вусны свае,
10 начальнікі спынялі голас свой, і язык іхні прыліпаў да паднябеньня.
11 Вуха, якое чула мяне, добра гаварыла пра мяне, і вока, якое бачыла, сьведчыла пра мяне,
12 бо я вызваляў гаротніка, які клікаў [мяне], і сірату, і бездапаможнага.
13 Дабраславенства таго, які гінуў, зыходзіла на мяне, і сэрца ўдавы я рабіў радасным.
14 Я апранаўся ў праведнасьць, і быў апрануты; як плашч і карона быў суд мой.
15 Вокам быў я для сьляпога, і нагой — для кульгавага.
16 Бацькам быў для ўбогіх, і ў справе, якой ня ведаў, пільна разьбіраўся.
17 Я разьдзіраў пашчу крыўдзіцелю і вырываў з зубоў ягоных нарабаванае.
18 Я гаварыў у душы: “У гнязьдзе сваім я памру і, як пясок, памножу дні свае.
19 Корань мой адкрыты для вады, і раса пакрывае галіны мае.
20 Слава мая заўсёды аднаўляецца, і лук у руцэ маёй абнаўляе [сілу]”.
21 Тыя, што слухалі мяне, чакалі, і маўчалі, [чуючы] параду маю.
22 Да словаў маіх ня мелі нічога дадаць, і мова мая на іх сплывала.
23 І чакалі мяне, як дажджу, і адкрывалі вусны свае, як на дождж вясновы.
24 Калі ўсміхаўся я да іх, ня верылі, і сьвятла аблічча майго не адкідалі.
25 Я выбіраў шлях да іх, і сядзеў на чале, і быў, як валадар у атачэньні войска; як той, хто пацяшае засмучаных.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 29 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023