1 Ці ты ведаеш час пароду дзікіх козаў у скалах, або сачыў за пародамі ланяў?
2 Ці ты лічыш месяцы цяжарнасьці іхняй, або ведаеш час іх нараджэньня?
3 Схіляюцца яны, родзячы дзяцей сваіх, і вызваляюцца ад болю нараджэньня.
4 Дзеці іхнія набіраюць сілы і растуць у полі, і выходзяць, і не вяртаюцца да іх.
5 Хто пусьціў дзікага асла на свабоду, і хто разьвязаў путы ягоныя?
6 Я даў яму дом у пустыні, і на зямлі салёнай прызначыў жытло яму.
7 Ён сьмяецца з гармідару гораду і ня чуе крыку паганятага,
8 на гарах знаходзіць сабе пашу і шукае ўсякую зеляніну.
9 Ці захоча аднарог служыць табе, ці пераначуе ён пры ясьлях тваіх?
10 Ці ты можаш прывязаць аднарога вяроўкаю да плуга, ці будзе ён араць лагчыны за табою?
11 Ці ты паверыш у вялікую сілу ягоную, і даручыш яму працу тваю?
12 Ці паверыш яму, што ён верне зерне тваё і зьбярэ на ток?
13 Крылы страуса радасна махаюць, але ці яны такія, як крылы і пер’е бусла?
14 Бо ён пакідае яйкі свае на зямлі, і яны грэюцца ў пяску,
15 і забываецца ён, што можа нага стаптаць іх і зьвер палявы раздушыць.
16 Нячулы ён да дзяцей сваіх, быццам яны не ягоныя, і не трывожыцца ён, што праца ягоная можа быць дарэмнай,
17 бо пазбавіў яго Бог мудрасьці і ня даў яму розуму.
18 А калі прыйдзе час, і ён падыме ўгору крылы, тады ён сьмяецца з каня і вершніка ягонага.
19 Ці ты даеш каню сілу? Ці ты ахінаеш шыю ягоную грывай?
20 Ці ты прымусіш бегчы яго, як саранчу? Велічнае іржаньне ягонае жах наводзіць.
21 Ён б’е зямлю капытом, і цешыцца сілаю, і выходзіць адважна насустрач зброі.
22 Ён сьмяецца над страхам, не палохаецца, і не ўцякае перад мячом.
23 Калі гучыць над ім сагайдак, вострыва дзіды, ці рагаціны,
24 ён з шаленствам і лютасьцю каўтае зямлю, і не спыняецца пры гуку трубы.
25 На гук трубы іржэ: “І-га-га!” і здалёку ён вычувае бітву, воклічы князёў і крык [ваенны].
26 Ці паводле разуменьня твайго лётае ястраб і накіроўвае крылы свае на поўдзень?
27 Ці паводле загаду твайго падымаецца арол, і на вышынях робіць гняздо сваё?
28 Ён жыве на скалах і [там] начуе, на вяршынях скальных замчышча ягонае.
29 Адтуль выгледжвае ён сабе ежу, вочы ягоныя бачаць далёка,
30 а птушаняты ягоныя п’юць кроў, і дзе толькі забіты, там і ён».
31 І адказаў ГОСПАД Ёву, і сказаў:
32 «Ці той, хто спрачаецца з Усемагутным, будзе вучыць? Той, хто вінаваціць Бога, няхай адкажа».
33 І адказаў Ёў ГОСПАДУ, і сказаў:
34 «Вось, я, нікчэмны, што магу Табе адказаць? Я кладу руку маю на вусны мае.
35 Раз я гаварыў, і гэтага не паўтару, і другі раз, але нічога не дадам».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 39 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023