1 Ці ведаеш ты час народзін дзікіх коз у скалах, або сачыў за родамі ланей?
2 Ці лічыш ты месяцы цяжарнасці іх або ведаеш час іх нараджэння?
3 Выгінаюцца яны дзеля плода і выпускаюць плод свой на святло.
4 Іх дзеці набіраюць сілы і растуць у полі, і выходзяць, і не вяртаюцца да іх.
5 Хто пусціў дзікага асла на свабоду, і хто развязаў путы яго?
6 Я даў яму дом на пустыні, і на салёнай зямлі — жытло яго.
7 Ён пагарджае гармідарам горада і не чуе крыку паганятага,
8 выведвае ён горы выгану свайго і шукае ўсякую зеляніну.
9 Ці захоча дзікі бык служыць табе або ці пераначуе ён пры яслях тваіх?
10 Ці можаш прывязаць дзікага быка вяроўкаю сваёй дзеля ўзорвання або ці стане ён рассякаць глебу лагчын за табою?
11 Ці ты паверыш у вялікую сілу яго і даручыш яму работу сваю?
12 Ці паверыш яму, што ён вернецца і збярэ зерне тваё на ток?
13 Ці ты даў прывабныя крылы паўліну ды пер’я і пух страусу?
14 Калі ён пакідае яйкі свае на зямлі, яны грэюцца ў пяску,
15 забываецца ён, што можа нага іх стаптаць або дзікі звер струшчыць.
16 Не чулы ён да дзяцей сваіх, быццам яны не яго, і не трывожыцца аніякім страхам, дарэмна працуючы,
17 бо пазбавіў яго Бог мудрасці і не даў яму розуму.
18 А калі прыйдзе час і падыме ён крылы дагары, тады смяяцца будзе з каня ды яго вершніка.
19 Ці ты даў каню сілу або ці ты ахінуў шыю яго грывай?
20 Ці ты ўзрушыш яго, як саранчу? Іржанне яго — страх.
21 Рые ён зямлю капытом, скача смела насустрач зброі.
22 Пагарджае ён страхам, не палохаецца, і не саступае мечу.
23 Загучыць над ім калчан, заблішчыць дзіда і шчыт,
24 палаючы, з фырканнем глытае ён зямлю і не спыняецца, калі загучыць гранне трубы.
25 Калі пачуе ён трубу, іржэ: “І-га-га!”, і здалёк чуе ён бой, воклічы ваяводаў і голас.
26 Ці па тваёй мудрасці лётае ястраб і накіроўвае крылы свае на поўдзень?
27 Ці па тваім загадзе падымецца арол і на недасяжных месцах будзе ладзіць гняздо сваё?
28 Ён жыве на скалах і начуе на скрытых камянях і на непрыступных скалах.
29 Адтуль выследжвае ён сабе пажыву і вочы яго бачаць здалёк.
30 Птушаняты яго будуць піць кроў, і дзе толькі з’явіцца труп, там і ён».
31 І прамовіў Госпад Ёву ў адказ:
32 «Ці спрачаецца супраціўнік з Усемагутным? Хто вінаваціць Бога, павінен адказаць на гэтыя пытанні».
33 Ёў жа адказаў Госпаду:
34 «Вось, я неразумна гаварыў, што магу Табе адказаць? Я кладу руку сваю на вусны свае.
35 Раз я гаварыў — і гэтага не паўтару, і другі раз, але да гэтага нічога не дадам».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 39 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017