1 І сказаў Ёў у адказ:
2 «Сапраўды, ведаю, што так ёсць, ды як апраўдаецца чалавек, перад Богам?
3 Калі хто захоча спрачацца з Ім, Ён не адкажа яму і на адно [пытанне] з тысячы.
4 Ён мудры сэрцам і магутны сілаю; хто супрацівіўся Яму і застаўся цэлым?
5 Ён пераносіць горы, і не ведаюць яны, якія пераварочвае Ён у гневе Сваім.
6 Ён зрушае зямлю з месца свайго, і слупы яе трасуцца.
7 Ён загадвае сонцу, і тое не ўзыходзіць, і замыкае зоркі, быццам пад пячаткай.
8 Ён адзін расцягвае нябёсы і крочыць па хвалях марскіх.
9 Ён стварае Арктур, і Арыён, і Гіяды, і скрытыя [зоркі] поўдня.
10 Ён стварае вялікае, і недаследнае, і дзівоснае без ліку.
11 Калі Ён прыйдзе да мяне, я не ўбачу Яго; калі адыдзе, не зразумею.
12 Калі Ён раптам схопіць [каго], хто ж Яму перашкодзіць? Або хто можа сказаць: “Што Ты робіш?”
13 Бог не ўстрымлівае гневу Свайго, і пад ім схіляюцца прыхільнікі Рагаба.
14 Дык ці ж я такі вялікі, каб адказваць Яму і гаварыць з Ім падабранымі словамі?
15 Бо, нават калі б я быў справядлівы, я не адказваў бы, а толькі ўпрошваў бы суддзю майго.
16 І калі б Ён пачуў мяне, які прызывае Яго, не паверу, што Ён выслухаў бы голас мой.
17 Бо Ён знішчыць віхурай мяне і павялічыць раны мае нават без прычыны.
18 Ён не дазваляе супакоіцца духу майму і напаўняе мяне горыччу.
19 Калі спытаць пра сілу — Ён магутнейшы; калі пра суд — хто ж асудзіў бы Яго?
20 Калі захачу сябе апраўдаць, то мае ж вусны асудзяць мяне; калі я буду даказваць, што я бязгрэшны, Ён засведчыць, што я заганны.
21 Нават калі я буду шчыры, гэтага не прызнае душа мая і я асуджу жыццё маё.
22 Усё адно, як я сказаў: і бязгрэшнага, і бязбожнага Ён знішчае.
23 Калі раптоўна каго біч [смерці] забівае, з бяды бязгрэшных Ён пасмяецца.
24 Зямля аддадзена ў рукі бязбожнага, твар суддзяў яе Ён закрывае. Калі не Ён гэта, дык хто?
25 Дні мае хутчэйшыя за бегуна: уцяклі і не бачылі дабра,
26 праляцелі, як чаўны трысняговыя, як арол, што ляціць па ежу.
27 Калі скажу я: “Забудуся пра смутак свой, змяню аблічча сваё і стану я вясёлы”,
28 дык дрыжу перад усімі пакутамі маімі, ведаючы, што Ты не апраўдаеш мяне.
29 Калі я такі бязбожны, навошта дарма мардуюся?
30 Калі я буду абмыты, быццам снегавой вадою, і ачышчу лугам рукі мае,
31 то і тады Ты ўвапхнеш мяне ў бруд і будзе брыдзіцца мною адзенне маё.
32 Бо не чалавеку, які падобны да мяне, буду я адказваць; і не чалавек Ён, з якім я буду спрачацца ў судзе.
33 Няма між намі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух.
34 Хай Ён забярэ ад мяне бізун Свой, і страх Яго хай не палохае мяне.
35 І буду я тады гаварыць, і не буду баяцца Яго, бо так я сам не ў сабе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017