1 Тады Госпад з віхуры сказаў Ёву ў адказ:
2 «Хто гэта, што неразумнымі словамі зацямняе задуму?
3 Перапаяшы, як мужчына, сцёгны свае, і Я буду пытацца ў цябе, і ты тлумач Мне.
4 Дзе ты быў, калі Я закладваў падмурак зямлі? Адкажы Мне, калі маеш розум.
5 Хто даў меру ёй, ці ты ведаеш? Або хто працягнуў над ёй вяроўку мерную?
6 На чым замацавана апірышча яе? Або хто залажыў кутні камень яе,
7 калі гаманілі разам зоркі раннія і калі радасна цешыліся ўсе сыны Божыя?
8 Хто зачыніў мора брамамі, калі вырывалася яно, нібы з улоння выходзячы,
9 калі апранаў у хмары яго і ў імглу яго, як у пялёнкі, спавіваў?
10 Я акрэсліў яго сваімі межамі і паставіў загарадку і брамы,
11 і сказаў: “Дасюль дойдзеш, а далей не пяройдзеш, і тут разаб’еш узбураныя хвалі твае”.
12 Ці загадваў ты па днях сваіх світанню і ці вызначаў зараніцы месца яе,
13 і, калі б ты трымаў за канцы зямлю, ці выкалачаны былі б бязбожнікі з яе?
14 Той, хто пад пячаткай, зменіцца, як гліна, і стане, як адзенне каляровае.
15 Будзе забранае ў бязбожных святло іх, і зламаецца рука ўзнесеная.
16 Ці даходзіў ты да крыніц мора, і ці хадзіў па дне бяздоння?
17 Ці адкрытыя былі табе брамы смерці, і ці бачыў ты дзверы цемры?
18 Ці аглядаў ты абшары зямлі? Раскажы Мне, калі ведаеш усё.
19 Пры якой дарозе святло жыве, і дзе месца цемрадзі,
20 каб давёў ты кожнае паасобку да межаў сваіх і зразумеў шляхі дому яго?
21 Ты ведаеш, бо тады ты быў ужо народжаны, і лічба дзён тваіх вельмі вялікая!
22 Ці даходзіў ты да сховішча снегу і ці бачыў ты сховішчы граду,
23 якія падрыхтаваў Я на час гора і на дзень бою і вайны.
24 Па якім шляху разліваецца святло, разыходзіцца палючы вецер па зямлі?
25 Хто вызначыў накірунак самай гвалтоўнай навальніцы і шлях для грымотнай маланкі,
26 каб ліў дождж на зямлю бязлюдную, у пустыні, дзе няма ніводнага са смяротных,
27 каб насыціць бездарожжа і пустэчу і каб вырасціць траву на засохлай зямлі?
28 Хто ёсць бацька дажджу? Або хто нарадзіў кроплі расы?
29 З чыйго нутра нарадзіўся лёд, і хто нарадзіў іней на небе?
30 Як камень, вада цвярдзее, і паверхня бяздоння сціскаецца.
31 Ці здолееш злучыць шэраг зорак Пляядаў або ці зможаш развязаць пояс Арктура?
32 Ці выведзеш Паўночную Карону ў свой час, і Мядзведзіцу з сынамі ты павядзеш?
33 Ці ведаеш ты законы неба і ці можаш напісаць іх на зямлі?
34 Ці ўздымеш свой голас да хмар, і каб хвалі вады накрылі цябе?
35 Ці пашлеш ты бліскавіцы, і ці пойдуць яны і скажуць табе: “Мы тут”?
36 Хто ўклаў у нутро ібіса мудрасць, і хто пеўню даў розум?
37 Хто з мудрасцю размяркуе хмары, і хто зрушыць бурдзюкі нябесныя,
38 калі пыл становіцца цвёрдай зямлёй, а глеба зліпаецца?
39 Ці львіцы ты наловіш здабычы і душы львянят яе задаволіш,
40 калі яны вылежваюцца ў логавах або ў гушчары пільнуюць у засадзе?
41 Хто гатуе крумкачу страву яго, калі дзеці яго, туляючыся, клічуць да Бога, бо не маюць ежы?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 38 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017