1 І ў дадатак Элію вось што сказаў:
2 «Пачакай мяне хвілінку, і я пакажу табе: бо я маю яшчэ нешта сказаць пра Бога.
3 Паўтару навуку маю здалёк і Творцу майму аддам справядлівасць.
4 Бо праўдзівыя і без падману словы мае, і перад табой [я] дасканалы ў веданні.
5 Не дасць Бог магутны і не адкідае Магутны моцаю сэрца,
6 не дасць Ён жыць бязбожніку, але чыніць суд для бедных.
7 Не адверне Ён ад справядлівага вачэй сваіх і цароў на пасадзе размяшчае на векі, і яны ўзвышаюцца.
8 І, калі яны будуць закаваныя ў кайданы і звязаныя путамі бядоты,
9 Ён пакажа ім справы іх і злачынствы іх, што яны былі гвалтоўныя.
10 І адкрые Ён вуха іх, каб навучыць іх з дакорам, і будзе гаварыць ім, каб адвярнуліся ад злачыннасці.
11 Калі паслухаюцца і будуць шанаваць Яго, то пражывуць свае дні ў дабрабыце і свае гады ў шчасці.
12 А калі не паслухаюцца, то пройдуць праз раку смерці і загінуць у безразважнасці.
13 А бязбожнікі складаць будуць гнеў Божы ў сваім сэрцы і не прызавуць Яго, калі будуць скаваныя.
14 Памрэ ў маладосці дух іх, і жыццё іх — у юнацтве.
15 Ён уратуе беднага ад нястачы яго і адкрые вуха ў бядзе яго.
16 Дык выбавіць Ён цябе з уціску, і будзе прастора, а не цяснота перад табою, і будзе поўнае тлушчу ўсё на стале тваім.
17 Справа твая асуджана, быццам бязбожніка; яны атрымаюць суд і справядлівасць.
18 Сцеражыся, каб не звяло цябе багацце і мноства дароў не скрывіла цябе.
19 Ці будзеш ты крычаць і выкарыстоўваць усе намаганні сілы тваёй, пакуль ты не ў цясноце?
20 Не чакай прагна той ночы, каб узняўся натоўп дзеля іх.
21 Сцеражыся, каб не звярнуўся да злачынства, бо праз яго спазнаеш ты гора.
22 Вось жа, Бог высокі ў моцы Сваёй, які настаўнік падобны да Яго?
23 Хто зможа прасачыць дарогі Яго, або хто можа Яму сказаць: “Ты ўчыніў несправядлівасць”?
24 Памятай, каб услаўляць справу Яго, пра якую спяваюць мужы.
25 Усе людзі бачаць Яго, кожны прыглядаецца здалёк.
26 Вось жа, Бог вялікі і пераўзыходзіць веданне наша; лік гадоў Яго невызначальны.
27 Ён збірае кроплі дажджу і вылівае ліўні ракою,
28 іх праліваюць хмары, скропліваючы многіх людзей.
29 Хто, сапраўды, можа зразумець разлегласць хмар, грымоты палаткі Яго?
30 Вось, Ён расцягнуў вакол Сябе маланкі Свае і накрыў глыбіні мора.
31 Праз іх Ён судзіць народы і шчодра корміць іх.
32 У руках сваіх Ён трымае маланку і загадвае ёй, каб біла.
33 Грукат яе паведамляе аб ёй, палаючы гневам супраць злачыннасці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 36 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017