1 І тыя тры чалавекі перасталі адказваць Ёву, бо ён выглядаў справядлівым у вачах сваіх.
2 Тады ўзгарэўся гневам Элію, сын Барахэля Бузіта, з роду Рамы. І загневаўся ён на Ёва, бо той казаў перад Богам, што ён справядлівы.
3 І загневаўся таксама на прыяцеляў яго, бо не знайшлі адказу [яму], але толькі вінавацілі Ёва.
4 Дык Элію перачакаў, калі Ёў гаварыў, бо тыя, што гаварылі, былі старэйшымі за яго.
5 Калі, аднак, Элію ўбачыў, што тыя тры не змаглі адказаць, тады дужа разгневаўся.
6 І прамовіў у адказ Элію, сын Барахэля Бузіта: «Я малодшы за вас гадамі, вы ж старэйшыя, дзеля таго я саромеўся і баяўся выказваць вам сваю думку.
7 Я сказаў сам сабе: “Хай шаноўны ўзрост гаворыць, і хай доўгі век вучыць мудрасці”.
8 Але, як бачу, дух ёсць у чалавеку і подых Усемагутнага дае разуменне.
9 Не шматгадовыя — мудрыя, і не старыя разумеюць праўду.
10 Таму я скажу: “Паслухайце мяне, і нават я выкажу вам сваё разуменне.
11 Перачакаў я словы вашы, наставіў вушы на вашу мудрасць, пакуль вы шукалі [слоў],
12 і стараўся, каб мне зразумець вас. Але, як бачу, няма такога, хто б мог аспрэчыць Ёва і хто б з вас мог адказаць на яго словы.
13 Каб часам вы не казалі: “Знайшлі мы мудрасць, Бог пакінуў яго, а не чалавек.
14 Не буду я рыхтаваць словы сабе, і я не паводле слоў вашых буду адказваць яму”.
15 Яны спалохаліся, і не адказвалі болей, і адганялі ад сябе прамовы.
16 І паколькі я пачакаў, а яны не гаварылі, стаялі і болей не адказвалі,
17 то і я адкажу ў сваю чаргу і выкажу сваю думку.
18 “Поўны я слоў, і сціскае мяне дух сэрца майго,
19 і нутро маё, як брага без адтуліны, якая разрывае новыя бутэлькі.
20 Няхай я скажу і крыху выпушчу дух, адкрыю вусны свае і дам адказ.
21 Не буду звяртаць увагі на асобу, і ні перад адным чалавекам ліслівіць не буду.
22 Ды я і не ўмею ліслівіць, бо зараз жа ўзяў бы мяне Творца мой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 32 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017