1 У адказ Ёў сказаў:
2 «О, каб узважылі гора маё і няшчасце маё паклалі побач на шалях!
3 Цяпер яно, пэўна, цяжэйшае за пясок марскі, таму хістаюся я ў словах маіх.
4 Бо стрэлы Усемагутнага ўва мне, і атруту іх п’е дух мой, і страхі Божыя ваююць супраць мяне.
5 Ці будзе асёл раўці, калі ў яго будзе трава? Або ці ж будзе мыкаць вол, калі будзе стаяць пры поўных яслях?
6 Або ці можна з’есці прэснае — тое, што не пасолена? Або ці ёсць смак у яечным бялку?
7 Тое, да чаго раней не хацела дакрануцца душа мая, цяпер, у бядзе, сталася ежай для мяне.
8 Хто зробіць, каб дайшла просьба мая і каб даў мне Бог тое, чаго чакаю?
9 О, каб жа Бог раструшчыў мяне; хай працягне Ён руку Сваю і заб’е мяне!
10 Хай гэта будзе мне суцяшэннем, і я ўзрадуюся нават у няшчасці, хай яно нават не скончыцца, і не ўхілюся я ад слоў Святога.
11 Што за моц мая, каб вытрываць? Або што за канец мой, каб жыць і цярпець?
12 Хіба моц каменя — гэта моц мая? Хіба цела маё меднае?
13 Няўжо няма мне ўспамогі ўва мне і мужнасць таксама аддалілася ад мяне?
14 Хто пазбаўляе сябра свайго міласэрнасці, той пагарджае павагай да Усемагутнага.
15 Браты мае падманулі мяне, як рэчышчы ручаёў, якія марнеюць,
16 чарнеючы, чарнеюць ад лёду, калі раптам спаў на іх снег.
17 А ў час, калі расцякаюцца, яны перасыхаюць і, калі становіцца цёпла, знікаюць са свайго месца.
18 Збіваюцца са шляхоў сваіх многія вандроўнікі; тыя, што ідуць праз пустыню, гінуць.
19 Караваны Тэмы ўглядаюцца [у іх], вандроўнікі Сабы спадзяюцца на іх,
20 пасаромеліся яны, што спадзяваліся; прыйшлі туды і агарнуліся сорамам.
21 Такія і вы зрабіліся для мяне цяпер, бачачы няшчасце маё, баіцеся.
22 Ці ж я сказаў: “Прынясіце мне і абдаруйце мяне чымсьці з маёмасці вашай”
23 або: “Вызваліце мяне з рукі ворага ды вырвіце мяне з рукі магутных”?
24 Навучыце мяне, а я памаўчу, і, калі чаго не ведаю, растлумачце мне.
25 Чаму вы аддаляецеся ад слоў праўды? Бо няма між вамі нікога, хто б мог дакараць мяне.
26 Вы будуеце прамову толькі дзеля наракання, але словы вашыя безнадзейныя — на вецер.
27 На сірату вы нападаеце і намагаецеся абвергнуць сябра вашага.
28 Цяпер, прашу, павярніцеся да мяне, бо перад абліччам вашым не скажу няпраўды.
29 Зважайце! Не будзе тут няшчырасці. Зважайце! Дагэтуль са мною справядлівасць мая.
30 Хіба ёсць на языку маім няшчырасць? Ці ж пабнябенне маё не распазнае нягоднасці?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017