1 І сталася, калі аднаго дня прыбылі сыны Божыя, каб стаць перад Госпадам, між іх прыбыў і шатан, каб стаць перад абліччам Яго.
2 Спытаў Госпад шатана: «Адкуль ты ідзеш?» Ён у адказ прамовіў: «Абышоў я кругам зямлю і прайшоў яе скрозь».
3 І сказаў Госпад шатану: «А ці звярнуў ты ўвагу на паслугача Майго, Ёва, што на зямлі няма падобнага да яго. Чалавек ён шчыры і праўдзівы, шануе Бога і пазбягае зла, і да таго ж захоўвае бязгрэшнасць сваю. А ты Мяне намаўляў супраць яго, каб пакараў Я яго ні за што».
4 Шатан у адказ сказаў Яму: «Скуру за скуру, а за душу сваю аддасць чалавек усё, што мае.
5 Накіруй толькі руку Сваю і дакраніся да касцей яго і цела, і тады пабачыш, ці не будзе ён зневажаць Цябе перад абліччам Тваім».
6 І сказаў Госпад шатану: «Вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу яго захавай».
7 Адышоў тады шатан ад аблічча Госпада, паразіў Ёва самай цяжкай хваробай ад падэшвы нагі аж да цемені яго.
8 Ён зломкам цэглы саскрабаў сукравіцу, седзячы ў гнаі.
9 І сказала яму жонка яго: «Дагэтуль ты трываеш у шчырасці сваёй? Зняваж Бога і памры».
10 Той адказаў ёй: «Ты гаварыла, як адна з неразумных жанчын. Калі мы прынялі добрае з рукі Бога, то як жа нам не прыняць злога?» Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі.
11 Тады трое сяброў Ёва, пачуўшы пра ўсё ліха, што напаткала яго, прыйшлі, кожны са сваёй мясцовасці: Эліфаз Тэманіт, і Балдад Сугіт, і Зафар Нааматыт. І дамовіліся яны, каб разам прыйсці, наведаць яго і суцешыць.
12 І, калі здалёку паднялі яны вочы свае, не пазналі яго, і, ускрыкнуўшы, плакалі, і, раздзёршы адзенне, кідалі парахно над галавою сваёй у неба.
13 І сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем начэй, і ніхто не гаварыў яму ні слова; бо бачылі, што пакуты яго вельмі вялікія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Ёва, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017