1 І сталася, што аднаго дня прыйшлі сыны Божыя стаць перад ГОСПАДАМ; між іх прыйшоў і шатан, каб стаць перад Ім.
2 І сказаў ГОСПАД шатану: «Адкуль ты прыйшоў?» І адказаў шатан, і сказаў: «Я абыйшоў зямлю і хадзіў па ёй».
3 І сказаў ГОСПАД шатану: «Ці зьвярнуў ты ўвагу на слугу Майго, Ёва, якому няма падобнага на зямлі. Чалавек ён шчыры і справядлівы, баіцца Бога і пазьбягае зла, і захоўвае моцна нявіннасьць сваю. А ты намаўляў Мяне супраць яго, каб Я зруйнаваў яго без прычыны».
4 І адказаў шатан ГОСПАДУ, і сказаў: «Скуру за скуру, а за жыцьцё сваё аддасць чалавек усё, што мае.
5 Выцягні толькі руку Тваю і дакраніся да костак ягоных і цела ягонага, і, зьневажаючы, будзе ён зьневажаць Цябе ў твар».
6 І сказаў ГОСПАД шатану: «Вось, ён у руцэ тваёй, толькі жыцьцё захавай яму».
7 І выйшаў шатан ад аблічча ГОСПАДА, і наслаў на Ёва ліхую праказу ад падэшвы нагі аж па самы чуб ягоны.
8 І часаў [Ёў] сябе чарапком цэглы, седзячы ў гнаі.
9 І жонка ягоная сказала яму: «І ты дасюль трываеш у нявіннасьці сваёй? Пракляні Бога і памірай».
10 А ён сказаў ёй: «Сказала ты, як адна з неразумных жанчынаў. Калі прыймаем усякае дабро з рук Божых, чаму ня маем прыняць і зла?» І ў-ва ўсім гэтым не саграшыў Ёў вуснамі сваімі.
11 І пачулі тры сябры Ёва пра вялікае няшчасьце, якое напаткала яго, і прыйшлі, кожны з мясцовасьці сваёй: Эліфаз з Тэману, Більдад з Шуаху і Цафар з Наамы. І дамовіліся яны, каб разам прыйсьці, і наведаць яго, і пацешыць.
12 Але калі здалёк узьнялі яны вочы свае, не пазналі яго, і ўзьняўшы голас, плакалі, і разьдзёрлі яны адзеньне сваё, і пасыпалі попелам галовы свае.
13 І сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем начэй, і ніхто з іх ня мог сказаць яму слова, бо бачылі, што боль ягоны вельмі вялікі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023