1 Пасьля гэтага Ёў расчыніў вусны свае і наракаў на дзень свой.
2 І адказаў Ёў, і сказаў:
3 «Няхай прападзе дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую было сказана: “Зачаты хлопец”.
4 Няхай дзень той пераменіцца ў цемру; няхай ня рупіцца пра яго Бог з вышыні, і няхай ня будзе ён асьветлены сьвятлом.
5 Няхай зацемняць яго цемра і цень сьмерці, няхай схавае яго змрок, і няхай напоўніцца ён хмарамі.
6 Няхай ноч тую агарне цемра, няхай ня будзе яна ўлічана ў днях году, і няхай ня ўзгадваецца ў ліку месяцаў.
7 Няхай тая ноч будзе бясплодная, і няхай радасьць да яе не завітае.
8 Няхай праклінаюць яе тыя, што дзень праклінаюць, што гатовыя абудзіць Левіятана.
9 Няхай сьцямнеюць зоркі сьвітаньня ейнага, каб чакала сьвятла і не дачакалася, і няхай ня ўбачыць яна зараніцы новага дня,
10 бо яна не зачыніла ўлоньня, якое нарадзіла мяне, і не ўхіліла гора з вачэй маіх.
11 Чаму яшчэ ненароджаным, я не памёр? Чаму народжаны, не памёр раптам?
12 Навошта я быў прыняты каленямі? І навошта быў кормлены грудзьмі?
13 І цяпер спаў бы я моўчкі, і адпачываў бы ў-ва сьне сваім
14 з валадарамі і радцамі зямлі, якія пабудавалі сабе дамы магілы,
15 і з князямі, якія багатыя золатам і якія срэбрам вылажылі дамы свае.
16 І як спарон схаваны быў бы я, або як немаўля, што ня бачыла сьвятла.
17 Там злачынцы больш не шалеюць, а змораныя працай там адпачываюць.
18 Там усе вязьні жывуць бяз страху і ня чуюць крыку вартаўніка.
19 Там разам малы і вялікі, і слуга вольны ад пана свайго.
20 Навошта беднаму даецца сьвятло, і жыцьцё тым, што жывуць з горыччу душы,
21 якія чакаюць сьмерці і не дачакаюцца, і шукаюць яе больш, чым скарб,
22 і вельмі радуюцца і цешацца, калі знойдуць.
23 Якая радасьць чалавеку, перад якім шлях закрыты і якога Бог атачае цемраю?
24 Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і скаргі мае ільюцца як вада.
25 Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, і тое, перад чым я дрыжэў, напаткала мяне.
26 Не супакойваўся я, не маўчаў і не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасьце».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023