1 І адказаў Ёў, і сказаў:
2 «Дакуль будзеце вы зьдзеквацца з душы маёй і мучыць мяне словамі сваімі?
3 Ужо дзесяць разоў вы абражалі мяне і не саромеецеся зьневажаць мяне.
4 Калі я сапраўды саграшыў, грэх мой застанецца са мною.
5 Калі ж вы хочаце ўзьвялічыцца нада мною і ўпікнуць мяне брыдотамі маімі,
6 дык, прынамсі, цяпер зразумейце, што Бог пакараў мяне і сецьцю Сваёй аблытаў мяне.
7 Хоць я крычу: “Гвалт!”, мяне ня чуюць, лямантую, але няма суду.
8 Ён загарадзіў шлях мне, і я не магу прайсьці, і шлях мой цемраю ахутаў.
9 Ён сьцягнуў з мяне славу маю і забраў карону з галавы маёй.
10 Ён нішчыць мяне адусюль, і я гіну, і Ён зваліў, як дрэва, надзею маю.
11 Ён загневаўся на мяне ў ярасьці Сваёй, і залічыў мяне за ворага Свайго.
12 І прыйшлі разам дружыны Ягоныя, і рыхтуюць валы супраць мяне, і акружылі аблогаю намёт мой.
13 Адвярнуў Ён братоў маіх ад мяне, і знаёмыя мае, быццам чужыя, адыйшліся ад мяне.
14 Пакінулі мяне сваякі мае, і тыя, што ведалі мяне, забыліся пра мяне.
15 Хатнія ў доме маім і служкі мае за чужога ўважаюць мяне, і быццам чужынец стаўся я ў вачах іхніх.
16 Паклікаў я слугу свайго, а ён не паслухаў мяне, хоць вуснамі сваімі ўпрошваю яго.
17 Дыханьне маё абрыдла жонцы маёй, і сьмярдзючы я для дзяцей улоньня яе.
18 Пагарджаюць мною дзеці малыя, і, калі я ўстаю, яны зьдзекуюцца з мяне.
19 Брыдзяцца мною ўсе найбліжэйшыя сябры мае, і тыя, каго я найболей любіў, адвярнуліся ад мяне.
20 Да скуры маёй і да цела майго прысохлі косткі мае, засталіся толькі дзясны каля зубоў маіх.
21 Зьлітуйцеся нада мною, зьлітуйцеся нада мною, сябры мае! Бо рука Божая дакранулася да мяне.
22 Чаму вы як Бог перасьледуеце мяне і зьдзекуецеся над целам маім?
23 Хто запіша словы мае? Хто дасьць мне, каб былі яны зазначаныя ў кнізе,
24 разцом жалезным на волаве, або высечаны на скале?
25 Я ведаю, што Абаронца мой жывы, і што ў апошні дзень Ён стане над парахном маім,
26 і хоць зьнішчана скура мая, у целе маім я ўбачу Бога.
27 Я сам убачу Яго, і вочы мае, а ня іншага, будуць аглядаць Яго. Прагнуць [гэтага] ныркі мае ў нутры маім.
28 Вы ня кажаце: “Навошта мы перасьледуем яго?”, нібыта корань справы знойдзены ў-ва мне.
29 Дык бойцеся мяча, бо гнеў супраць грэху — гэты меч, і ведайце, што ёсьць суд».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023