1 Ці ж ня [службай] вайсковай ёсьць жыцьцё чалавечае на зямлі, і дні ягоныя — як дні парабка?
2 Як нявольнік шукае ценю і як найміт чакае платы сваёй,
3 так і я меў месяцы мучэньняў і лічыў цяжкія ночы свае.
4 Калі я кладуся, думаю: “Калі ўстану?” І доўжыцца вечар, і, поўны болю, я чакаю сьвітаньня.
5 Цела маё пакрыта гнільлём і брудам, скура мая лопаецца і цячэ гноем.
6 Дні мае праходзяць хутчэй, чым чаўнок ткацкі, і мінаюць без надзеі.
7 Памятай, што жыцьцё маё — як подых ветру, і вока маё ня вернецца, каб пабачыць дабро.
8 І ня ўгледзіць мяне вока чалавека, вочы Твае глянуць на мяне, а мяне ўжо няма.
9 Як воблака пралятае і чэзьне, так і той, хто зыходзіць у цемру, не вяртаецца.
10 Ён не вяртаецца болей у дом свой, і месца ягонае болей не дачакаецца яго.
11 Таму не шкадую я вуснаў маіх, і буду гаварыць у трывозе духа майго, буду жаліцца ў горычы душы маёй.
12 Ці ж я — мора, або пачвара марская, што Ты паставіў пры мне варту?
13 Калі я думаю сабе: “Няхай пацешыць мяне ложак мой і супакоіць жаль мой”,
14 Ты палохаеш мяне снамі і відзежамі наводзіш страх.
15 Дзеля гэтага душа мая чакае спыненьня дыханьня, а косткі мае хочуць сьмерці.
16 Я страціў надзею, ня буду больш жыць; даруй мне, бо дні мае — марнасьць.
17 Хто ёсьць чалавек, што Ты ўслаўляеш яго, што Ты схіляеш сэрца Тваё да яго?
18 Ты наведваеш яго на сьвітаньні, і штохвіліну выспрабоўваеш яго.
19 Калі Ты ўжо адвернеш вочы Твае ад мяне? Чаму не дазваляеш мне праглынуць сьліну маю?
20 Саграшыў я, дык што маю зрабіць Табе, бо Ты дасьледуеш чалавека? Чаму зрабіў Ты, што я зрабіўся ворагам для Цябе, і сам сабе стаўся невыносным?
21 Чаму Ты не прабачыш грэху майго і чаму не адкінеш віны маёй? Бо хутка я засну ў парахне, і калі раніцаю будзеш шукаць мяне, ня знойдзеш».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023