1 Чаму не ўтоены час ад Усемагутнага і тыя, што пазналі Яго, не ведаюць дзён Яго?
2 Адны пераносяць межы, рабуюць статкі і пасвяць іх,
3 у сірот адбіраюць асла, бяруць у заклад вала ўдавы,
4 убогіх збіваюць са шляху, і ўсе пакорлівыя зямлі змушаны хавацца.
5 Другія, як аслы на пустыні, выходзяць яны на працу сваю, чуваючы дзеля здабычы, дзеля хлеба для дзяцей на пустыннай зямлі.
6 Жнуць яны не на сваім полі і збіраюць вінаград у бязбожніка.
7 Начуюць яны голыя, без адзення, і не маюць чым накрыцца ў холад.
8 Мокнуць яны пад горным дажджом і, не маючы прыстанішча, туляцца да скал.
9 Адрываюць сірот ад грудзей і ўбогага бяруць у заклад.
10 Голыя ходзяць яны, без адзення, і галодныя зносяць снапы.
11 Сярод муроў выціскаюць алей і, тупаючы ў выціскальнях, смагнуць.
12 У гарадах, паміраючы, стогнуць; і душа зраненых крычыць, ды Бог не забараняе гэтага.
13 Яны былі супраць святла, і не ведалі шляхоў Яго, і не затрымліваюцца на сцежках Яго.
14 На світанні ўстае забойца, забівае ён няшчаснага і беднага, а ноччу ён будзе, быццам злодзей.
15 Вока чужаложніка чакае цемры, кажучы: “Не ўбачыць мяне вока”, і хавае ён твар свой.
16 У поцемках падкопваюцца яны пад дамы, а днём яны хаваюцца і не ведаюць святла.
17 Калі ж нечакана заззяе зараніца, яны лічаць яе ценем смерці; калі нават развіднее — [для іх] гэта страхі ценю смяротнага.
18 Лёгкі такі на паверхні вады, і праклятая доля яго на зямлі, і няма нікога, хто б накіраваў яго да вінаграднікаў.
19 Суш і спякота занадта высушылі воды, і гэтак пекла — тых, што зграшылі.
20 Хай забудзецца пра яго ўлонне маці, хай станецца ён асалодай чарвям, хай не застаецца аб ім успаміну, але, як дрэва, хай зломіцца злачыннасць.
21 Ліха ўчыніў ён бясплоднай, якая не нараджае, і ўдаве не ўчыніў ён дабра.
22 Ён здужвае сілай сваёю магутных, і калі ён падымецца, то не будзе верыць жыццю свайму.
23 Але Бог даў яму месца бяспечнае, на якое ён абапёрся, але вочы Яго на шляхах яго.
24 Падняліся яны невысока і не ўтрымаюцца, і паніжаны будуць, як усе, і прападуць, і, як вярхі каласоў, будуць зрэзаны.
25 Калі гэта не так, хто можа мяне аспрэчыць, што я схлусіў, і нікчэмнасцю палічыць мае словы?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 24 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017