Ёва 38 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Гасподзь адказваў Ёву з буры і сказаў:
Тады Госпад з віхуры сказаў Ёву ў адказ:
хто гэты, які азмрочвае наканаванае словамі бяз сэнсу?
«Хто гэта, што неразумнымі словамі зацямняе задуму?
Аперажы сёньня сьцёгны твае, як муж: Я буду пытацца ў цябе, і ты адказвай мне:
Перапаяшы, як мужчына, сцёгны свае, і Я буду пытацца ў цябе, і ты тлумач Мне.
дзе быў ты, калі Я закладваў асновы зямлі? скажы, калі ведаеш.
Дзе ты быў, калі Я закладваў падмурак зямлі? Адкажы Мне, калі маеш розум.
Хто паклаў меру ёй, калі ведаеш? альбо хто працягваў па ёй вяроўку?
Хто даў меру ёй, ці ты ведаеш? Або хто працягнуў над ёй вяроўку мерную?
На чым умацаваны асновы яе, альбо хто паклаў кутні камень на ёй,
На чым замацавана апірышча яе? Або хто залажыў кутні камень яе,
пры ўсеагульнай радасьці ранішніх зорак, калі сыны Божыя ўсклікалі ад захапленьня?
калі гаманілі разам зоркі раннія і калі радасна цешыліся ўсе сыны Божыя?
Хто зачыніў мора брамаю, калі яно вырвалася, выйшла як бы з чэрава,
Хто зачыніў мора брамамі, калі вырывалася яно, нібы з улоння выходзячы,
калі воблакі зрабіў вопраткаю ягонай і мглу пялёнамі ягонымі,
калі апранаў у хмары яго і ў імглу яго, як у пялёнкі, спавіваў?
і зацьвердзіў яму Маё вызначэньне, і паставіў завалы і браму,
Я акрэсліў яго сваімі межамі і паставіў загарадку і брамы,
і сказаў: дагэтуль дойдзеш і не пяройдзеш, і тут мяжа пагардлівым хвалям тваім?
і сказаў: “Дасюль дойдзеш, а далей не пяройдзеш, і тут разаб’еш узбураныя хвалі твае”.
Ці даваў ты калі ў жыцьці сваім загад раніцы і ці ўказваў зары месца яе,
Ці загадваў ты па днях сваіх світанню і ці вызначаў зараніцы месца яе,
каб яна ахапіла краі зямлі і страсянула зь яе бязбожных,
і, калі б ты трымаў за канцы зямлю, ці выкалачаны былі б бязбожнікі з яе?
каб зямля зьмянілася, як гліна пад пячаткаю, і сталася, як рознаколерная вопратка,
Той, хто пад пячаткай, зменіцца, як гліна, і стане, як адзенне каляровае.
і каб адабралася ў бязбожных сьвятло іхняе і дзёрзкая рука іхняя паламалася?
Будзе забранае ў бязбожных святло іх, і зламаецца рука ўзнесеная.
Ці сыходзіў ты ў глыбіню мора і ці ўваходзіў у дасьледаваньне бездані?
Ці даходзіў ты да крыніц мора, і ці хадзіў па дне бяздоння?
Ці адчынялася табе брама сьмерці, і ці бачыў ты браму ценю сьмяротнага?
Ці адкрытыя былі табе брамы смерці, і ці бачыў ты дзверы цемры?
Ці агледзеў ты шырыню зямлі? Растлумач, калі ведаеш усё гэта?
Ці аглядаў ты абшары зямлі? Раскажы Мне, калі ведаеш усё.
Дзе дарога да жытлішча сьвятла, і дзе месца цемры?
Пры якой дарозе святло жыве, і дзе месца цемрадзі,
Ты, вядома, даходзіў да межаў яе і ведаеш сьцежкі да дома яе.
каб давёў ты кожнае паасобку да межаў сваіх і зразумеў шляхі дому яго?
Ты ведаеш гэта, бо ты быў ужо тады народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі.
Ты ведаеш, бо тады ты быў ужо народжаны, і лічба дзён тваіх вельмі вялікая!
Ці ўваходзіў ты ў сховішчы сьнегу і ці бачыў ты скарбніцы граду,
Ці даходзіў ты да сховішча снегу і ці бачыў ты сховішчы граду,
якія сьцерагу я на час смутны, на дзень бітвы і вайны?
якія падрыхтаваў Я на час гора і на дзень бою і вайны.
Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разносіцца ўсходні вецер па зямлі?
Па якім шляху разліваецца святло, разыходзіцца палючы вецер па зямлі?
Хто праводзіць пратокі для выліваньня вады і шлях граманоснай маланцы,
Хто вызначыў накірунак самай гвалтоўнай навальніцы і шлях для грымотнай маланкі,
каб падаў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма чалавека,
каб ліў дождж на зямлю бязлюдную, у пустыні, дзе няма ніводнага са смяротных,
каб насычаць пустыню і стэп і абуджаць травяныя зародкі да росту?
каб насыціць бездарожжа і пустэчу і каб вырасціць траву на засохлай зямлі?
Ці ёсьць у дажджу бацька? альбо хто нараджае кроплі расы?
Хто ёсць бацька дажджу? Або хто нарадзіў кроплі расы?
З чыйго чэрава выходзіць лёд, і іней нябесны, — хто родзіць яго?
З чыйго нутра нарадзіўся лёд, і хто нарадзіў іней на небе?
Воды, як камень, мацнеюць, і паверхня бездані замярзае.
Як камень, вада цвярдзее, і паверхня бяздоння сціскаецца.
Ці можаш ты завязаць вузел Хіма і разьвязаць повязі Кесіль?
Ці здолееш злучыць шэраг зорак Пляядаў або ці зможаш развязаць пояс Арктура?
Ці можаш ты выводзіць сузор’і ў свой час і весьці Ас зь яе дзецьмі?
Ці выведзеш Паўночную Карону ў свой час, і Мядзведзіцу з сынамі ты павядзеш?
Ці ведаеш ты статуты неба, ці можаш усталяваць валадараньне яго на зямлі?
Ці ведаеш ты законы неба і ці можаш напісаць іх на зямлі?
Ці можаш узвысіць голас твой да воблакаў, каб вада шчодра пакрыла цябе?
Ці ўздымеш свой голас да хмар, і каб хвалі вады накрылі цябе?
Ці можаш пасылаць маланкі, і ці пойдуць яны і ці скажуць табе: вось мы?
Ці пашлеш ты бліскавіцы, і ці пойдуць яны і скажуць табе: “Мы тут”?
Хто ўклаў мудрасьць у сэрца, альбо хто даў сэнс розуму?
Хто ўклаў у нутро ібіса мудрасць, і хто пеўню даў розум?
Хто можа разьлічыць воблакі сваёю мудрасьцю і ўтрымаць судзіны неба,
Хто з мудрасцю размяркуе хмары, і хто зрушыць бурдзюкі нябесныя,
калі пыл абарочваецца ў гразь і камлыгі зьліпаюцца?
калі пыл становіцца цвёрдай зямлёй, а глеба зліпаецца?
Ці ты ловіш здабычу ільвіцы і корміш маладых ільвянят,
Ці львіцы ты наловіш здабычы і душы львянят яе задаволіш,
калі яны ляжаць у бярлогах альбо тояцца пад ценем у засадзе?
калі яны вылежваюцца ў логавах або ў гушчары пільнуюць у засадзе?
Хто рыхтуе ворану корм ягоны, калі птушаняты яго крычаць да Бога, бадзяючыся безь ежы?
Хто гатуе крумкачу страву яго, калі дзеці яго, туляючыся, клічуць да Бога, бо не маюць ежы?