Аўдзея 1 разьдзел

Кніга прарока Аўдзея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Уява Аўдзею. Так кажа Гасподзь Бог пра Эдома: вестку пачулі мы ад Госпада, і пасол пасланы абвясьціць народам: «уставайце, і пойдзем супраць яго вайною!»
 
Бачанне Абдыі. Вось што кажа Госпад Бог пра Эдом. Пачулі мы вестку ад Госпада, і пасланец выпраўлены народам: «Паўстаньце! Пойдзем супраць яго вайною!

Вось, Я зрабіў цябе малым сярод народаў, і ты ў вялікай пагардзе.
 
Вось, малым Я зраблю цябе між народамі! Ты ў вялікай пагардзе!

Ганарыстасьць сэрца твайго падманула цябе; ты жывеш у расколінах скал на ўзвышаным месцы і кажаш у сэрцы тваім: «хто скіне мяне на зямлю?»
 
Пыхлівасць сэрца твайго падманула цябе. Ты пражываеш у пячорах скалы, уздымаеш высока сядзібу тваю ды кажаш у сэрцы сваім: “Хто спіхне мяне на зямлю?”

Але хоць бы ты, як арол, падняўся высока і сярод зорак зладзіў гняздо тваё, дык і адтуль Я скіну цябе, кажа Гасподзь.
 
Калі б ты падняўся, як арол, і калі б між зорак зрабіў сабе гняздо, дык і адтуль спіхнуў бы Я цябе», — кажа Госпад».

Ці ня злодзеі прыходзілі да цябе, ці не начныя рабаўнікі, што ты так абабраны? Але яны ўкралі б столькі, колькі ім трэба. Калі б да цябе залезьлі абіральнікі вінаграду, дык і яны ці ж бы не пакінулі некалькіх ягадзін?
 
Ці то злодзеі ўварваліся да цябе, або рабаўнікі ноччу, — які ж ты абрабаваны! Ці не нарабавалі яны, колькі хацелі? А калі збіральнікі вінаграду ўварваліся да цябе, ці ж не пакінулі яны табе адны голыя галінкі?

Як абабрана ўсё ў Ісава і абшуканы ўсе патайнікі ягоныя!
 
Як жа старанна абшуканы Эзаў, ператрэсены ўсе сховішчы яго.

Да мяжы выведуць цябе ўсе супольнікі твае, ашукаюць цябе, адолеюць цябе тыя, што жывуць з табою ў міры, удараць цябе тыя, што хлеб твой ядуць. Няма ў ім сэнсу!
 
Аж да мяжы пагналі цябе, усе хаўруснікі твае ашукалі цябе, падманулі цябе сябры твае, і тыя, што ядуць хлеб твой, паставяць пастку супраць цябе: няма розуму ў яго.

Ці ня ў той дзень гэта будзе, кажа Гасподзь, калі Я вынішчу мудрых у Эдоме і разумных на гары Ісава?
 
«Ці ж не станецца ў той дзень, — кажа Госпад, — што Я выгублю мудрых у Эдоме і разумных на гары Эзава?

Працятыя будуць страхам адважнікі твае, Фэман, каб усе на гары Ісава вынішчаны былі забойствам.
 
І будуць баяцца мужныя твае, Тэман, што прападзе кожны чалавек з гары Эзава.

За ўціск брата твайго, Якава, пакрые цябе сорам, і ты зьнішчаны будзеш назаўсёды.
 
Дзеля забойстваў і дзеля ліхоты адносна брата твайго Якуба спадзе на цябе ганьба і ты будзеш знішчаны навекі!

У той дзень, калі ты стаяў насупраць, у той дзень, калі чужынцы вялі войска ягонае ў палон і іншапляменцы ўвайшлі ў браму ягоную і кінулі жэрабя на Ерусалім, ты быў як адзін зь іх.
 
У дзень, калі ты выступіў супраціўнікам, у дзень, калі чужынцы бралі яго войска ў палон і іншаземцы ўваходзілі ў брамы яго і адносна Ерузаліма кідалі жэрабя, ты таксама быў сярод іх як адзін з іх.

Ня варта было б табе глядзець на дзень брата твайго, на дзень адчужэньня яго; ня варта было б радавацца за сыноў Юды ў дзень іхняй пагібелі і разьзяўляць рот у дзень бедства.
 
І ты не зважай на дзень брата свайго, дзень няшчасця яго, і не смейся з сыноў Юды ў дзень загубы іх, і не хваліся вуснамі сваімі ў дзень уціску.

Ня трэба было табе ўваходзіць у браму народу Майго ў дзень няшчасьця яго і нават глядзець на злашчасьце яго ў дзень пагібелі ягонай, ні дакранацца да маёмасьці ягонай у дзень бедства ягонага.
 
І не ўваходзь у брамы народа Майго ў дзень падзення іх; і не цешся таксама з няшчасця яго ў дзень нядолі яго; не выцягвай рукі на багацце яго ў дзень знішчэння яго,

Ні стаяць на ростанях, каб забіваць тых, што ўцякалі ад яго, ні выдаваць ацалелых ад яго ў дзень бедства.
 
і не стой на скрыжаваннях, каб забіваць тых, што ўцякаюць, і не выдавай рэшты яго ў дзень трывогі.

Бо блізкі дзень Гасподні на ўсе народы: як ты рабіў, так будзе зроблена і з табою; аддача твая абернецца на галаву тваю.
 
Бо блізка дзень Госпадаў супраць усіх народаў! Як ты робіш, так будзе і табе, узнагарода твая спадзе на галаву тваю!

Бо як вы пілі на сьвятой гары Маёй, так усе народы заўсёды піцьмуць, будуць піць, праглынуць і будуць — як бы іх ня было.
 
Як бо вы пілі на гары Маёй святой, так усе народы заўсёды піць будуць. І будуць піць яны, і ўсё вып’юць, і стануць яны, як бы іх не было.

А на гары Сіёне будзе збавеньне, і будзе яна сьвятыняю; і дом Якава атрымае ва ўладаньне спадчыну сваю.
 
А на гары Сіён будзе збаўленне, і будзе яна святою, а дом Якуба авалодае тымі, якія яго рабавалі.

І дом Якава будзе агнём і дом Язэпа — полымем, а дом Ісава — саломаю: запаляць яго і зьнішчаць яго, і нікога не застанецца з дому Ісава, бо Гасподзь сказаў гэта.
 
І станецца дом Якуба агнём, а дом Язэпа — полымем, а дом Эзава — саломай; і яны палаць будуць супраць іх і паглынуць іх, і не застанецца нікога з дому Эзава, бо так сказаў Госпад.

І завалодаюць тыя, што на поўдзень, гарою Ісава, а якія ў даліне — Філістымлянамі; і завалодаюць полем Яфрэма і полем Самарыі, а Веньямін завалодае Галаадам.
 
І ўспадкаемяць яны поўдзень, гару Эзава, ды Сэфэлу філістынцаў; і зоймуюць зямлю Эфраіма, і зямлю Самарыі, а Бэньямін зойме Галаад.

І пераселеныя з войска сыноў Ізраілевых завалодаюць зямлёю Хананэйскаю да Сарэпты, а пераселеныя зь Ерусаліма, якія ў Сэфарадзе, атрымаюць у валоданьне гарады паўднёвыя.
 
І першыя перасяленцы з сыноў Ізраэля завалодаюць Ханаанам аж да Сарэпты, а палонныя з Ерузаліма, якія ў Сапарадзе, завалодаюць гарадамі паўднёвымі.

І прыйдуць ратавальнікі на гару Сіён, каб судзіць гару Ісава, — і будзе царства Госпада.
 
І прыйдуць збаўцы на гару Сіён, каб судзіць гару Эзава. І будзе валадарства ў Госпада!»