1 да Карынфянаў 1 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Павал, воляй Божаю пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Сасфэн брат,
Паўла, з волі Божай пакліканы Апостал Ісуса Хрыста, ды брат Састэн
Царкве Божай, якая ў Карынфе, асьвечаным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у кожным месцы, у іх і ў нас:
Божай царкве, што ў Карынце, асвечаным у Ісусе Хрысце ды пакліканым святым разам з усімі, што прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў кожным месцы, у іх ды ў нас:
мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Не перастаю дзякаваць Богу майму за вас, дзеля мілаты Божай, дадзенай вам у Хрысьце Ісусе.
Дзякую заўсёды за вас Богу майму, за ласку Божую, дадзенаю вам у Хрысце Ісусе,
Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім разуменьнем,
бо ў Ім вы ва ўсім сталіся багатымі, усякім словам і ўсякім веданнем,
бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьвердзілася ў вас,
бо сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас,
так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дараваньні, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
так што не маеце ніякай нястачы ласкі ў чаканні аб’яўлення Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Які і ўмацуе вас да канца, каб былі без заганы ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Верны Бог, Якім вы пакліканыя да супольнасьці з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
Верны Бог, Якім вы пакліканы да супольнасці з Сынам Яго Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
Малю вас, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было паміж вамі падзелаў, а каб вы спалучаны былі ў адным духу і ў адных помыслах.
Браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не было сярод вас падзелаў, каб вы былі дасканалымі, аднаго духа і аднае думкі.
Бо ад дамашніх Хлоіных сталася мне вядома пра вас, браты мае, што паміж вамі ёсьць незлагадзь.
Бо тыя, што ў Хлоі, паведамілі мне пра вас, браты мае, што здараюцца між вамі спрэчкі.
Я разумею тое, што ў вас кажуць: «я Паўлаў»; «я Апалосаў»; «я Кіфаў»; «а я Хрыстоў».
Я кажу тое, што кожны ў вас кажа: «Я Паўлаў», «Я Апалосаў», «Я Кіфаў», «А я Хрыстоў».
Хіба падзяліўся Хрыстос? хіба Павал крыжаваўся за вас? альбо ў імя Паўлава вы ахрысьціліся?
Ці ж Хрыстос падзяліўся? Ці ж Паўла быў за вас укрыжаваны? Ці ў імя Паўлы вы ахрышчаны?
Дзякую Богу, што я нікога з вас ня хрысьціў, акрамя Крыспа і Гаія,
Дзякую Богу, што, апрача Крыспа і Гая, я нікога з вас не ахрысціў,
каб не сказаў хто, што я хрысьціў у імя маё.
каб ніхто не казаў, што я хрысціў у маё імя.
Хрысьціў я таксама Сьцяпанаў дом; а ці хрысьціў я яшчэ каго, ня ведаю.
Праўда, ахрысціў я таксама дом Сцяпана. А больш не ведаю, ці ахрысціў яшчэ каго.
Бо Хрыстос паслаў мяне ня хрысьціць, а зьвеставаць, ня ў мудрасьці слова, а каб не зьнясіліць крыж Хрыстовы.
Бо не паслаў мяне Хрыстос хрысціць, але несці добрую вестку; не ў мудрасці слова, каб не адмяніць крыжа Хрыстова.
Бо слова пра крыж для пагібельных — юродзтва ёсьць, а нам, што ратуемся, — сіла Божая!
Бо слова крыжа для тых, што ідуць у пагібель, ёсць вар’яцтва, а тым, што ідуць у збаўленне, — сіла Божая.
Бо напісана: «Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну».
Бо напісана: «Загублю мудрасць мудрых і кемлівасць разумных знішчу».
Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе суразмоўца веку гэтага? Ці не абярнуў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў неразумнасьць?
Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасць гэтага свету дурнотай?
Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродзтвам пропаведзі выратаваць веруючых.
Калі ж свет мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, дык спадабалася Богу праз вар’яцтва прапаведніцтва збавіць веруючых.
Бо і Юдэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці;
Бо юдэі дамагаюцца знакаў, і грэкі шукаюць мудрасці;
а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў камень спатыкненьня, а для Элінаў неразумнасьць,
а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, Які для юдэяў — згаршэнне, а для паганаў — вар’яцтва,
а для саміх пакліканых, Юдэяў і Элінаў, Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць;
для тых жа, што пакліканы, ці з юдэяў, ці з грэкаў, Хрыстос — моц Божая ды мудрасць Божая.
бо і буянае Божае мудрэйшае за людзей, і нямоцнае Божае мацнейшае за людзей.
Бо тое, што неразумнае ў Бога, мудрэйшае за людзей, а што кволае ў Бога — мацнейшае за людзей.
Паглядзеце, браты, хто вы, закліканыя: няшмат сярод вас мудрых па плоці, няшмат моцных, няшмат высакародных;
Дык вы, браты, паглядзіце на ваша пакліканне, што няшмат з вас мудрых паводле цела, нямнога магутных, няшмат высакародных;
але Бог выбраў буянае сьвету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;
але Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і кволае свету, каб пасароміць магутных,
і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае;
і невысакароднае свету, і пагарджанае выбраў Бог, і тое, што нікчэмнае, каб знішчыць тое, што нечым ёсць,
на тое, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам.
каб ніводнае цела не выхвалялася перад Богам.
Ад Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Які зрабіўся нам мудрасьцю ад Бога, праведнасьцю і асьвячэньнем і адкупленьнем,
Дзякуючы Яму і вы ёсць у Хрысце Ісусе, Які ад Бога стаўся для нас мудрасцю, справядлівасцю, пасвячэннем і адкупленнем,
каб было, як напісана: «хто хваліцца, хваліся Госпадам».
каб было, як напісана: «Хто хваліцца, хай Госпадам хваліцца».