Нээміі 1 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Слова, сына Ахаліінага. У месяцы Кісьлеве, у дваццатым годзе, я быў у Сузах, сталічным горадзе.
 
Словы Нэгэміі, сына Гахаліі. І сталася ў месяцы Каслеў, у дваццатым годзе, быў я ў крэпасці Сузы,

І прыйшоў Ханані, адзін з братоў маіх, ён і некалькі чалавек зь Юдэі. І спытаўся я ў іх пра ацалелых Юдэяў, якія засталіся ад палону, і пра Ерусалім.
 
І прыйшоў Ханані, ён і адзін з братоў маіх, некалькі чалавек з Юды; ды я спытаўся ў іх пра юдэяў, якія ўратаваліся і пазбеглі няволі, і пра Ерузалім.

І сказалі яны мне: пазасталыя, якія засталіся ад палону, там, у краіне сваёй, у вялікім бедстве і ў прыніжэньні; і сьцяна Ерусаліма разбурана і брамы яго спалены агнём.
 
І яны сказалі мне: «Тыя засталіся, хто там, у той правінцыі, ухаваўся ад няволі, знаходзяцца яны ў вялікім горы і ганьбе; і мур Ерузаліма развалены, і брамы яго спалены агнём».

Пачуўшы гэтыя словы, я сеў і заплакаў, і засмучаны быў некалькі дзён, і пасьціўся і маліўся прад Богам нябесным
 
І, пачуўшы гэтыя словы, я сеў і заплакаў, і смуткаваў многа дзён, і посціў, і маліўся перад абліччам Бога Нябеснага.

і казаў: Госпадзе Божа нябёсаў, Божа вялікі і страшны, Які захоўвае запавет і міласьць да тых, што любяць Цябе і захоўваюць наказы Твае!
 
І казаў я: «Прашу Цябе, Госпадзе, Божа Нябесны, Божа магутны і вельмі страшны, Які пільнуе запавет і аказвае міласэрнасць тым, хто любіць Цябе ды захоўвае Твае прыказанні;

Хай будуць вушы Твае ўважлівыя і вочы Твае адкрытыя, каб пачуць малітву раба Твайго, якою я цяпер дзень і ноч малюся прад Табою за сыноў Ізраілевых, рабоў Тваіх, і спавядаюся ў грахах сыноў Ізраілевых, якімі зграшылі мы прад Табою, зграшылі — і я і дом бацькі майго.
 
хай вуха Тваё будзе чуйным і вочы Твае адкрытымі, каб пачуць маленне паслугача Твайго, якім я малюся перад Табою сёння днём і ноччу за сыноў Ізраэля, паслугачоў Тваіх, ды прызнаюся ў грахах сыноў Ізраэля, якімі мы грашылі супраць Цябе. Я і дом бацькі майго таксама грашылі,

Мы сталі злачынныя прад Табою і не захавалі запаведзяў і пастановаў і вызначэньняў, якія Ты наказаў Майсею, рабу Твайму.
 
мы сталі злачынцамі перад Табою і не захавалі прыказанняў, і пастаноў, і законаў, якія Ты даў Майсею, рабу Твайму.

Але спамяні слова, якое Ты наказаў Майсею, рабу Твайму, кажучы: калі вы зробіцеся злачынцамі, дык Я расьсею вас па народах,
 
Успомні слова, якое даў Ты рабу Твайму, Майсею, кажучы: “Калі будзеце грашыць, дык Я вас рассею паміж народамі;

а калі зьвернецеся да Мяне і будзеце захоўваць запаведзі Мае і выконваць іх, дык хоць бы вы былі выгнаныя на край зямлі, і адтуль зьбяру вас і прывяду вас на месца, якое выбраў Я, каб уцьвердзіць там імя Маё.
 
а калі да Мяне навернецеся і будзеце Мае прыказанні пільнаваць і спаўняць іх, дык хоць будзеце вы на канцы неба, і адтуль збяру вас і вярну ў месца, якое выбраў, каб прабывала там імя Маё”.

А яны — рабы Твае і народ Твой, які Ты акупіў сілаю Тваёю вялікаю і рукою Тваёю магутнаю.
 
Бо самі яны — слугі Твае і народ Твой, якіх Ты вызваліў моцай Тваёй вялікай і рукою Тваёй магутнаю.

Малю Цябе, Госпадзе! хай будзе вуха Тваё ўважлівае да малітвы раба Твайго і да малітвы рабоў Тваіх, якія любяць схіляцца перад імем Тваім. І пасьпяшайся з дабром да раба Твайго цяпер, і ўвядзі яго ў міласьць у чалавека гэтага. Я быў чашнікам у цара.
 
Малю, Госпадзе, хай чуйным будзе вуха Тваё да малітвы раба Твайго і да малення слуг Тваіх, якія хочуць славіць імя Тваё; і зрабі, каб пашчаслівілася сёння рабу Твайму, і дай яму мець у гэтага чалавека ласку». Я бо быў падчарны пры цару.