Нээміі 5 разьдзел
Кніга Нээміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І сталася вялікае нараканьне ў народзе і ў жанчын яго на братоў сваіх Юдэяў.
І падняўся крык вялікі ў народзе і сярод жонак яго супраць братоў сваіх юдэяў.
Былі такія, што казалі: нас, сыноў нашых і дачок нашых многа; і мы хацелі б здабываць хлеб і карміцца і жыць.
І былі такія, што гаварылі: «Сыноў нашых і дачок нашых пазакладвалі мы, каб атрымаць збожжа і мець што есці і жыць!»
Былі і такія, што казалі: палі свае і вінаграднікі свае і дамы свае мы закладваем, каб здабыць хлеба ад голаду.
А іншыя казалі: «Палі нашы і вінаграднікі, і дамы нашы мы пазакладвалі, каб атрымаць збожжа ў час голаду!»
Былі і такія, што казалі: мы пазычаем срэбра на падатак цару пад заклад палёў нашых і вінаграднікаў нашых;
І былі тыя, што казалі: «Пазычылі срэбра на падаткі цару пад заклад нашых палёў і нашых вінаграднікаў.
у нас такія ж целы, якія целы ў братоў нашых, і сыны нашыя такія самыя, як іхнія сыны, а вось мы павінны аддаваць сыноў нашых і дачок нашых у рабы, і некаторыя з дачок нашых ужо ў рабстве. Няма ніякіх сродкаў на выкуп у руках нашых; і палі нашы і вінаграднікі нашы ў іншых.
І цяпер, як цела братоў нашых, так і наша цела, як іх сыны, так і нашы сыны; вось, аддаём сыноў нашых і нашых дачок у няволю, і некаторыя з дачок нашых ужо зняволеныя, і мы не маем сродкаў, каб выкупіць іх, бо палі нашы і вінаграднікі нашы ва ўладанні ў іншых».
Калі я пачуў нараканьні іхнія і такія словы, я вельмі ўгневаўся.
І калі пачуў я лямант іх і гэтыя словы, то дужа разгневаўся.
Сэрца маё абурылася, і я строга выгаварыў знакамітым і начальнікам і сказаў ім: вы бераце ліхву з братоў сваіх. І склікаў я супроць іх вялікі сход
І я разважыў у сваім сэрцы і строгую вымову зрабіў магнатам і кіраўнікам, і казаў ім: «Усе вы бераце з братоў сваіх ліхву!» І я склікаў супраць іх вялікі сход
і сказаў ім: мы выкупілі братоў сваіх, Юдэяў, прададзеных народам, колькі было сілы ў нас, а вы прадаяце братоў сваіх, і яны прадаюцца нам? Яны маўчалі, ня маючы што сказаць.
і сказаў ім: «Мы, як ведаеце, па магчымасці нашай выкуплівалі нашых братоў юдэяў, якія былі прададзены паганам, а вы прадаяце вашых братоў, каб яны прадаваліся нам?» І яны маўчалі, і не маглі нічога адказаць.
І сказаў я: нядобра вы робіце. Ці ж ня ў страху Бога нашага павінны хадзіць вы, каб пазьбегнуць наганы ад народаў, ворагаў нашых?
І сказаў я ім: «Нядобрая тая справа, што вы робіце. Чаму вы не ходзіце ў страху Бога нашага, каб не ўпікалі нам пагане, ворагі нашы?
І я таксама, браты мае і служкі мае пазычалі ім і срэбра і хлеб: пакінем ім пазыку гэтую.
І я, і мае браты, і мае паслугачы пазычылі вельмі многім грошы і збожжа; мы даруем ім гэтыя працэнты.
Вярнеце ж ім сёньня палі іхнія, вінаграднікі і масьлічныя сады іхнія, і ліхву з срэбра і хлеба, і віна і алею, за які вы пазычылі ім.
Вярніце і вы ім зараз іх палі, і вінаграднікі іх, і аліўкавыя гаі іх, і дамы іх, і працэнт ад грошай, збожжа, віно і аліўкавы алей, які вы звычайна бераце ад іх».
І сказалі яны: вернем і ня будзем зь іх спаганяць; зробім так, як ты кажаш. І паклікаў я сьвятароў і сказаў ім запрысягнуцца, што яны так зробяць.
І яны адказалі: «Вернем і не будзем нічога ад іх дамагацца; і зробім так, як ты кажаш». І я паклікаў святароў і заклікаў іх да прысягі, каб зрабілі яны так, як было сказана.
І вытрас я вопратку маю і сказаў: так няхай вытрасе Бог кожнага чалавека, які ня стрымае слова гэтага, з дома ягонага і з маёнтка ягонага, і так хай будзе ў яго вытрасена і пуста! І сказаў увесь сход: амін. І праславілі Бога; і народ стрымаў слова гэтае.
Акрамя таго, вытрас я адзенне сваё і сказаў: «Так хай Бог вытрасе кожнага чалавека з дома яго і з працы яго, калі ён не стрымае гэтага абяцання; так хай ён будзе вытрасены і хай будзе ён пусты». І ўвесь сход сказаў: «Амін!» Ды ўславілі Бога. І ўчыніў народ так, як было сказана.
Яшчэ: з таго дня, як назначаны я быў начальнікам вобласьці іхнім у зямлі Юдэйскай, ад дваццатага года да трыццаць другога года цара Артаксэркса, і так дваццаць гадоў я і браты мае ня елі хлеба вобласьценачальніцкага.
А ад таго дня, у які загадаў мне цар быць кіраўніком на зямлі Юдэі, ад дваццатага года аж да трыццаць другога года цара Артаксэркса, на працягу дванаццаці гадоў, ані я не еў хлеба, які належаў намеснікам, ані мае браты.
А ранейшыя начальнікі вобласьцяў, якія былі да мяне, абцяжарвалі народ і зьбіралі зь іх хлеб і віно, акрамя сарака сікляў срэбра; нават і слугі іхнія панавалі над народам. А я не рабіў так праз страх Божы.
Ранейшыя ж кіраўнікі, якія былі перада мною, накладалі на народ цяжары і бралі ад іх штодзень замест хлеба сорак сікляў срэбра; але і паслугачы іх прыгняталі народ. Я ж не рабіў гэтага дзеля страху Божага,
Пры гэтым працу на сьцяне гэтай я падтрымліваў; і палёў мы ня куплялі, і ўсе слугі мае зьбіраліся туды на працу.
і нават я [за свой кошт] займаўся аднаўленнем мура; і зямлі не купляў; і ўсе паслугачы мае збіраліся туды на працу.
Юдэяў і начальнікаў па сто пяцьдзясят чалавек бывала ў мяне за сталом, апрача тых, што прыходзілі да нас з навакольных народаў.
Таксама юдэі і кіраўнікі, сто пяцьдзесят чалавек, і тыя, што прыходзілі да нас з плямён навакольных мясцін, былі на маім сталаванні.
І вось што гатавалася на адзін дзень: адзін бык, шэсьць адборных авечак і птушкі гатаваліся ў мяне; і за дзесяць дзён спажывалася мноства рознага віна. І пры тым хлеба вобласьценачальніцкага я не патрабаваў, бо цяжкая служба ляжала на народзе гэтым.
Гатаваўся для мяне штодзень адзін вол, шэсць бараноў адборных, за выключэннем птушак; і на працягу дзесяці дзён — мноства ўсякага віна. Акрамя таго, і хлеба намесніцтва майго я не патрабаваў; бо цяжкай была няволя гэтага народа.
Спамяні, Божа мой, на добрае мне ўсё, што я зрабіў дзеля народу гэтага.
Памятай пра мяне, Божа мой, на карысць паводле ўсяго таго, што я зрабіў для гэтага народа.