Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Нэгэміі 5 Нэгэміі 5 разьдзел

1 І падняўся крык вялікі ў народзе і сярод жонак яго супраць братоў сваіх юдэяў.
2 І былі такія, што гаварылі: «Сыноў нашых і дачок нашых пазакладвалі мы, каб атрымаць збожжа і мець што есці і жыць!»
3 А іншыя казалі: «Палі нашы і вінаграднікі, і дамы нашы мы пазакладвалі, каб атрымаць збожжа ў час голаду!»
4 І былі тыя, што казалі: «Пазычылі срэбра на падаткі цару пад заклад нашых палёў і нашых вінаграднікаў.
5 І цяпер, як цела братоў нашых, так і наша цела, як іх сыны, так і нашы сыны; вось, аддаём сыноў нашых і нашых дачок у няволю, і некаторыя з дачок нашых ужо зняволеныя, і мы не маем сродкаў, каб выкупіць іх, бо палі нашы і вінаграднікі нашы ва ўладанні ў іншых».
6 І калі пачуў я лямант іх і гэтыя словы, то дужа разгневаўся.
7 І я разважыў у сваім сэрцы і строгую вымову зрабіў магнатам і кіраўнікам, і казаў ім: «Усе вы бераце з братоў сваіх ліхву!» І я склікаў супраць іх вялікі сход
8 і сказаў ім: «Мы, як ведаеце, па магчымасці нашай выкуплівалі нашых братоў юдэяў, якія былі прададзены паганам, а вы прадаяце вашых братоў, каб яны прадаваліся нам?» І яны маўчалі, і не маглі нічога адказаць.
9 І сказаў я ім: «Нядобрая тая справа, што вы робіце. Чаму вы не ходзіце ў страху Бога нашага, каб не ўпікалі нам пагане, ворагі нашы?
10 І я, і мае браты, і мае паслугачы пазычылі вельмі многім грошы і збожжа; мы даруем ім гэтыя працэнты.
11 Вярніце і вы ім зараз іх палі, і вінаграднікі іх, і аліўкавыя гаі іх, і дамы іх, і працэнт ад грошай, збожжа, віно і аліўкавы алей, які вы звычайна бераце ад іх».
12 І яны адказалі: «Вернем і не будзем нічога ад іх дамагацца; і зробім так, як ты кажаш». І я паклікаў святароў і заклікаў іх да прысягі, каб зрабілі яны так, як было сказана.
13 Акрамя таго, вытрас я адзенне сваё і сказаў: «Так хай Бог вытрасе кожнага чалавека з дома яго і з працы яго, калі ён не стрымае гэтага абяцання; так хай ён будзе вытрасены і хай будзе ён пусты». І ўвесь сход сказаў: «Амін!» Ды ўславілі Бога. І ўчыніў народ так, як было сказана.
14 А ад таго дня, у які загадаў мне цар быць кіраўніком на зямлі Юдэі, ад дваццатага года аж да трыццаць другога года цара Артаксэркса, на працягу дванаццаці гадоў, ані я не еў хлеба, які належаў намеснікам, ані мае браты.
15 Ранейшыя ж кіраўнікі, якія былі перада мною, накладалі на народ цяжары і бралі ад іх штодзень замест хлеба сорак сікляў срэбра; але і паслугачы іх прыгняталі народ. Я ж не рабіў гэтага дзеля страху Божага,
16 і нават я [за свой кошт] займаўся аднаўленнем мура; і зямлі не купляў; і ўсе паслугачы мае збіраліся туды на працу.
17 Таксама юдэі і кіраўнікі, сто пяцьдзесят чалавек, і тыя, што прыходзілі да нас з плямён навакольных мясцін, былі на маім сталаванні.
18 Гатаваўся для мяне штодзень адзін вол, шэсць бараноў адборных, за выключэннем птушак; і на працягу дзесяці дзён — мноства ўсякага віна. Акрамя таго, і хлеба намесніцтва майго я не патрабаваў; бо цяжкай была няволя гэтага народа.
19 Памятай пра мяне, Божа мой, на карысць паводле ўсяго таго, што я зрабіў для гэтага народа.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Нэгэміі, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017