Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Нэгэміі 2 Нэгэміі 2 разьдзел

1 А сталася ў месяцы Нісан, на дваццаты год царавання цара Артаксэркса, калі ён меў піць, падняў я віно і падаў цару, бо не быў я сумны перад абліччам яго.
2 Цар жа сказаў мне: «Чаму твар твой сумны, хаця я не думаю, што ты хворы? Гэта нішто іншае, як смутак сэрца». І я моцна спалохаўся,
3 і сказаў я цару: «Жыві, цару, навекі! Як жа не будзе сумны твар мой, калі горад магіл бацькоў маіх спустошаны, і брамы яго спалены агнём?»
4 І кажа цар да мяне: «Дык што ты просіш?» І я памаліўся да Бога нябеснага
5 і сказаў цару: «Калі гэта падабаецца цару і калі паслугач твой мае ласку ў цябе, дык пашлі мяне ў Юдэю, у горад магіл бацькоў маіх, і я адбудую яго».
6 Ды сказаў мне цар, і царыца сядзела побач яго: «Як доўга працягнецца падарожжа тваё ды калі ты вернешся?» І захацелася цару паслаць мяне, і я вызначыў яму час.
7 І сказаў я цару: «Калі цару здаецца добрым, то хай будуць дадзены мне лісты да кіраўнікоў за ракою, каб мяне прапускалі, пакуль не дабяруся ў Юдэю;
8 і ліст да Асафа, загадчыка царскага лесу, каб даў ён мне дрэва, каб мог я пабудаваць брамы вежы пры доме, і мура гарадскога, і дома, у якім буду жыць». І даў мне цар, бо добрая рука Бога майго супачывала на мне.
9 І прыбыў я да кіраўнікоў краіны за ракой, і падаў я ім царскія лісты. А цар паслаў са мною кіраўнікоў над ваярамі і коннікаў.
10 І пачулі гэта Санабалат Хараніт і Тобія, паслугач аманіцянскі, ды засумавалі яны вялікім смуткам, што прыбыў чалавек, які турбуецца пра сыноў Ізраэля.
11 І прыйшоў я ў Ерузалім, і быў там тры дні.
12 І ўстаў я ноччу, і некалькі людзей са мной, і нікому я не сказаў, што Бог мой паклаў мне на сэрца зрабіць у Ерузаліме; і не меў я іншае жывёліны, апрача той, на якой ехаў.
13 І праехаў я ноччу праз браму Даліны і перад крыніцай Дракона і да брамы Гнаявой кучы, і даследаваў руіны муроў Ерузаліма, і брамы яго, спаленыя агнём.
14 І даехаў я да брамы Крыніцы і да сажалкі Цара, і не было месца, каб прайсці, для жывёліны, на якой я сядзеў.
15 Дык ноччу прайшоў я праз раку і агледзеў мур; ды зноў праехаў праз браму Даліны, і вярнуўся назад.
16 А кіраўнікі не ведалі, куды я хадзіў і што я рабіў, але аж дасюль я не выяўляў гэтага ані юдэям, ані святарам, ані магнатам, ані кіраўнікам, ані іншым, якія выконвалі работу.
17 І я сказаў ім: «Вы бачыце смутак, у якім мы знаходзімся, бо Ерузалім спустошаны, і брамы яго спалены агнём; хадземце і адбудуем мур Ерузаліма і не будзем больш у ганьбе».
18 І распавёў я ім, што добрая рука Бога майго была нада мной, і словы цара, што ён казаў мне; і яны сказалі: «Возьмемся і адбудуем!» І рукі іх умацаваліся да добрай справы.
19 А пачулі пра гэта Санабалат Хараніт і Тобія, паслугач аманіцянскі, і Гасэм араб, ды кпілі з нас і з пагардаю казалі: «Што гэта за справа, якую вы робіце? Ці не думаеце вы супраць цара ўзбунтавацца?»
20 І я ім даў адказ, кажучы: «Сам Бог Нябесны спрыяе нам, і мы, паслугачы Яго, возьмемся і адбудуем. А вы не маеце ані ўдзелу, ані права, ані памяці ў Ерузаліме».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Нэгэміі, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017