Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Нэгэміі 8 Нэгэміі 8 разьдзел

1 І сабраўся ўвесь Ізраэль, як адзін чалавек, на плошчы перад Воднаю брамаю, і сказалі яны кніжніку Эздру, каб прынёс кнігу Майсеева закону, якую Госпад даў для Ізраэля.
2 Такім чынам, у першы дзень сёмага месяца святар Эздра прынёс кнігу закону да сходу мужчын, і жанчын, і да ўсіх, хто мог зразумець.
3 І прачытаў ён з кнігі на плошчы перад Воднаю брамай ад раніцы аж да паўдня перад мужчынамі, і жанчынамі, ды тымі, што маглі зразумець; і вушы ўсяго народа былі звернуты да кнігі закону.
4 А кніжнік Эздра стаў на драўляным узвышэнні, якое было зроблена для гэтае мэты; і побач з ім стаялі Матація, і Сэма, і Аная, і Урыя, і Хэлькія і Маасія, з правага боку яго, а з левага боку — Падая, Місаэль, і Мэльхія, і Гасум, і Гасбадана, і Захарыя, і Масала.
5 І Эздра разгарнуў кнігу на віду ўсяго народа — бо ён узвышаўся над усім народам, — і, калі ён разгарнуў кнігу, падняўся ўвесь народ.
6 І Эздра дабраславіў Госпада, Бога магутнага; і ўвесь народ, падымаючы свае рукі, адказаў: «Амін, амін». І пакланіліся, і ўпалі, тварам дакранаючыся да зямлі, перад Богам
7 Затым левіты: Ешуа, і Бані, і Сэрэбія, Ямін, Акуб, Сабэтай, Годыя, Маасія, Келіта, Азарыя, Ёзабад, Ханан, Палая і левіты тлумачылі народу закон; а народ стаяў на сваім месцы.
8 І прачыталі з кнігі закону Божага выразна, і адкрылі сэнс, і высветлілі чытанае.
9 А Нэгэмія, значыць намеснік, і Эздра, святар і кніжнік, і левіты, якія навучалі народ, сказалі ўсяму народу: «Дзень гэты асвячоны для Госпада, Бога нашага! Не сумуйце і не плачце!» Бо ўвесь народ плакаў, калі пачуў словы закону.
10 І сказаў ім Нэгэмія: «Ідзіце і спажывайце тлустыя стравы ды піце мёд, ды пасылайце частку тым, якія не прыгатавалі сабе, бо святы ёсць гэты дзень для Госпада нашага; і не сумуйце, бо радасць у Госпадзе — гэта сіла ваша».
11 А левіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: «Супакойцеся, бо гэты дзень святы; і не сумуйце!»
12 Такім чынам, увесь народ пайшоў есці, і піць, і пасылаць часткі ежы, і ўзбуджаць вялікую радасць, бо зразумелі словы, якім іх вучылі.
13 І на другі дзень сабраліся кіраўнікі родаў ад усяго народу, святары і левіты ў пісара Эздры, каб зразумець словы закону.
14 І напісанае ў законе, які даў Госпад праз Майсея, знайшлі, каб ізраэльцы ў час свята ў сёмым месяцы жылі ў палатках
15 і каб аб’яўлялі і абвяшчалі па ўсіх гарадах сваіх і ў Ерузаліме, заклікаючы: «Ідзіце ў горы і прыносьце аліўкавыя галінкі, і галінкі дзікай масліны, і галінкі мірта, і галінкі пальмавыя, і галінкі іншых дрэў з густым лісцем, каб зрабіць палаткі, як было напісана».
16 І выйшлі людзі, і прынеслі тое, і справілі сабе палаткі, кожны на сваім даху, і на сваіх панадворках, і на панадворку дома Божага, і на плошчы Воднае брамы, і на плошчы Эфраімавай брамы.
17 Такім чынам, уся супольнасць тых, якія вярнуліся з няволі, зрабіла палаткі і жыла ў палатках. Бо не рабілі гэтак ад часоў Ешуа, сына Нуна, а таксама сына Ізраэля, аж да гэтага дня; і валадарыла вельмі вялікая радасць.
18 А чыталі з кнігі закону Божага кожны дзень, ад першага дня аж да апошняга; і сем дзён святкавалі свята, і ў восьмы дзень сабралі сход па распараджэнні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Нэгэміі, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017