Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Нэгэміі 3 Нэгэміі 3 разьдзел

1 І ўсталі першасвятар Эліясіб і браты яго, святары, і пабудавалі браму Авечую, і пакрылі яе бярвеннем, і паставілі дзверы ў ёй аж ад вежы Меа і вежы Хананээль.
2 І побач іх пабудавалі ерыхонцы, а побач з імі пабудаваў Закхур, сын Імры.
3 Браму ж Рыбную адбудавалі сыны Аснаа; яны пакрылі яе бярвеннем, і паставілі дзверы ў яе, і завалы, і засаўкі.
4 І каля іх аднавіў Мэрамот, сын Урыі, сына Акоса, і каля яго адбудоўваў Масала, сын Барахіі, сына Мэсазабэля, і побач яго аднавіў Садок, сын Бааны;
5 і каля яго адбудавалі тэкуэнцы, магнаты ж іх не схілілі свае каркі ў працы для Госпада свайго.
6 І старую браму аднаўлялі Ёяда, сын Пасэа, і Масала, сын Бэсодыі; яны пакрылі яе бярвеннем, і паставілі ў ёй дзверы, і завалы, і засаўкі.
7 І побач іх аднаўляў Мэльцыя з Габаона і Ядон Мэранатыт з жыхарамі Габаона і Міцпы, падуладнымі зарэчнаму кіраўніку;
8 побач іх аднавіў Азіэль, сын Араі з залатароў, і каля яго гандляр фарбамі і мазямі Хананія, і ўмацавалі Ерузалім аж да Шырокага мура.
9 І побач іх адбудаваў Рафая, сын Гура, кіраўнік паловы акругі Ерузаліма;
10 і побач яго, насупраць свайго дома, аднавіў Ядая, сын Гарамафа, і каля яго аднавіў Гат, сын Гасабніі.
11 Другую частку аднавіў Мэльхія, сын Гарыма, і Гасуб, сын Пагатмааба, аж да вежы Печаў.
12 І побач іх аднавіў Сэлум, сын Алогаса, кіраўнік паловы акругі Ерузаліма, разам з дочкамі сваімі.
13 Браму Даліны аднавіў Ганун і жыхары Заноэ; яны адбудавалі яе, і паставілі ў ёй дзверы, і завалы, і засаўкі, ды яшчэ накіравалі яны тысячу локцяў мура аж да Гнаявой кучы.
14 І браму Гнаявой кучы аднавіў Мэльхія, сын Рэхаба, кіраўнік акругі Бэтхарэм; ён пабудаваў яе, і паставіў у ёй дзверы, і завалы, і засаўкі.
15 І браму Крыніцы аднавіў Сэлум, сын Хальгозы, кіраўнік акругі Міцпа; ён пабудаваў яе, і пакрыў, і паставіў у ёй дзверы, і завалы, і засаўкі, ён жа пабудаваў мур крыніцы Сіло супраць царскага саду і аж да прыступак, якія вядуць з горада Давідавага.
16 За ім аднавіў Нэгэмія, сын Азбока, кіраўнік паловы акругі Бэтсур, аж да магіл роду Давідавага, і аж да вадаёмаў штучных, і аж да дома ваяроў.
17 За ім аднавілі левіты: Рэгум, сын Бані; побач яго аднавіў Гасабія, кіраўнік паловы акругі Кэйла, для сваёй акругі;
18 за ім адбудавалі іх браты: Бавай, сын Гэнадада, кіраўнік паловы акругі Кэйла,
19 і каля яго Эзэр, сын Ешуа, кіраўнік Міцпы, аднавіў іншы ўчастак насупраць уваходу ў збройню на рагу.
20 За ім аднавіў Барух, сын Захая, іншую частку, ад рога аж да дзвярэй дома першасвятара Эліясіба.
21 За ім Мэрамот, сын Урыі, сына Акоса, аднавіў іншы ўчастак, ад дзвярэй дома Эліясіба аж да канца дома Эліясіба.
22 І за ім адбудавалі святары з наваколляў.
23 За імі адбудавалі Бэньямін і Гасуб супраць дома свайго; за імі аднавіў Азарыя, сын Маасіі, сына Ананіі, каля дома свайго.
24 За ім адбудаваў Бэнуй, сын Гэнадада, іншы ўчастак, ад дома Азарыі аж да рога і завароту.
25 Палэль, сын Озі — супраць вугла вежы, што выступае ад верхняга царскага дома, што ў панадворку астрога; па ім Падая, сын Пароса,
26 аднавіў да месца насупраць брамы Воднай на ўсход і вежы, якая выступала.
27 За ім тэкуэнцы аднавілі далейшы ўчастак, ад месца насупраць вялікай выступаючай вежы аж да мура святыні.
28 Далей жа за брамай Коней аднавілі святары, кожны насупраць свайго дома.
29 За імі аднавіў Садок, сын Эмэра, насупраць дома свайго; і за ім аднавіў Сямэя, сын Сахэніі, вартаўнік усходняй брамы.
30 За ім аднавіў Хананія, сын Сэлеміі, і Ганун, шосты сын Сэлефа, іншы ўчастак. За ім аднавіў Масала, сын Барахіі, насупраць свайго пакоя.
31 За ім аднавіў Мэльхія, з залатароў, аж да дома нявольнікаў святыні і гандляроў, насупраць брамы Судовай і аж да кутняй сталовай;
32 і паміж кутняй сталовай і брамай Авечай аднавілі залатары і гандляры.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Нэгэміі, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017