Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Нэгэміна 3 Нэгэміна 3 разьдзел

1 Тады ўстаў Еляшыў, вялікі сьвятар, і браты ягоныя, сьвятарове, і збудавалі Авячую браму. Яны пасьвяцілі яе і ўстанавілі вароты ў яе; аж да вежы Меа пасьвяцілі яе, аж да вежы Гананэля.
2 І ля яго будавалі Ерыхонцы, а ля іх будаваў Заккур Імранок.
3 Браму Рыбную будавалі сынове Гасэніны, каторыя палажылі балькі ў яе і ўстанавілі ў яе вароты, замкі а завалы яе.
4 І ля іх правіў Мерэмоф, сын Уры Гаккоцонка; ля іх правіў Мешулам, сын Берэхі Мешызабэленка; ля іх правіў Садок Баанёнак;
5 І ля іх правілі Фекойцы; але панове зь іх не нахінулі шыі свае да працы СПАДАРА свайго.
6 А Старую браму правілі Ёяда Пасэажонак а Мешулам Бесодэёнак: яны палажылі балькі ў яе, устанавілі ў яе вароты а замкі яе а завалы.
7 А ля іх правілі Мелата Ґівеонянін а Ядон Меронянін, Ґівеоняне а Міцпяне, падуладныя зарэчнаму вайводзе.
8 Ля яго правіў Узель Гаргаёнак, залатар; а ля яго таксама правіў Гананя, сын аднаго з аптакароў. Яны аднавілі часьць Ерузаліму аж да шырокае сьцяны.
9 Ля іх правіў Рэфая Гуранок, вайвода паў акругі Ерузалімскае.
10 Ля іх, — і супроці дому свайго, — правіў Едая Гарумафёнак; а ля яго правіў Гаттуш Гашаўнеёнак.
11 На іншай дзялёнцы правілі Малхія Гарымёнак а Гашуў Пагаф-Моавёнак; і вежу Печную.
12 Ля іх правіў Шалум Галогешонак, вайвода паў акругі Ерузалімскае, ён а дачкі ягоныя.
13 Браму Даліны правіў Ганун а жыхары Заноага: яны збудавалі яе, і ўстанавілі ў яе вароты, замкі а завалы; і паправілі яны тысяча локцяў сьцяны аж да брамы Гнаявое.
14 А браму Гнаявую правіў Малхія Рэхавёнак, князь акругі Бефгакерэмскае: ён збудаваў яе, і ўстанавіў у яе вароты, замкі а завалы.
15 Браму Жарала правіў Шалум Колгозёнак, князь акругі Міцпы: ён збудаваў яе, і накрыў яе, і ўстанавіў у яе вароты, замкі а завалы; і сьцяну копані Шэлаг ля саду каралеўскага і аж да ўступцоў, што спушчаюцца зь места Давідавага.
16 За ім правіў Негэма Азбучонак, князь паў акругі Бефцурскае, аж да грабоў Давідавых, і аж да выкапанае копані, і аж да дому дужасілаў.
17 За ім правілі Левітаве: Рэгум Ванянок; ля яго правіў Гашава, князь паў акругі Кеільскае, за сваю акругу.
18 За ім правілі браты іхныя: Баўвай Гэнададзенак, князь паў акругі Кеільскае.
19 А ля яго правіў Езэр Ешуаёнак, князь Міцпы, на іншай дзялёнцы, насупроці выхаду да збройні на рагу.
20 За ім рупатліва правіў Борух Забваёнак, на другой дзялёнцы, ад рогу аж да дзьвярэй дому Еляшыва, вялікага сьвятара.
21 За ім правіў Мерэмоф, сын Ура Гаккацонка, на іншай дзялёнцы, ад дзьвярэй дому Еляшывавага аж да канца дому Еляшывавага.
22 За ім правілі сьвятарове з аколіцы.
23 За імі правіў Венямін а Гашуў супроці дамоў сваіх; за імі правіў Азара, сын Маасэі Ананёнка, ля дому свайго.
24 За ім правіў Біннуй Гэнададзенак, на іншай дзялёнцы ад дому Азарынага аж да кута а рогу.
25 Палал Узаёнак насупроці кута а вежы, што высуваецца ад вышняга дому каралеўскага, каторая ля вязьнічнага панадворку. За ім Педая Парашонак.
26 Нефінеі ж, каторыя жылі ўв Офеле, — насупроці Вадзяное брамы на ўсход і аж да высуненае вежы.
27 За імі правілі Фекойцы, на іншай дзялёнцы, ад месца насупроці вялікае высуненае вежы аж да сьцяны Офела.
28 Ля брамы Конскае правілі сьвятарове, кажны супроці дому свайго.
29 За імі правіў Садок Імеронак, супроці дому свайго; а за ім правіў Шэмая Шэханёнак, вартаўнік усходняе брамы.
30 За ім правіў Гананя Шэлемёнак а Ганун, шосты сын Цалафоў, на іншай дзялёнцы. За ім правіў Шэшулам Берэшонак, супроці пакою сваёго.
31 За ім правіў Малхія залатаронак аж да месца нефінеяў а купцоў, супроці брамы нефінеяў а купцоў, супроці брамы Міфкад і аж да верхняга пакою на рагу.
32 А памеж ходу да рогу і Авячай брамы правілі залатарове а купцы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Нэгэміна, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.