Ісаі 54 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
«Пяі няплодная, каторая не радзіла; выбухні ў пяцьцю і гукай голасна, ты ня труднілася дзецьмі; бо больш дзяцей у пакіненай, чымся ў замужкі, — кажа СПАДАР. —
«Узвесяліся, няплодная, якая не нарадзіла, усклікай і крычы, якая не пакутуеш родамі, бо ў кінутай многа дзяцей, больш, чым у той, якая мае мужа, — кажа Госпад. —
Пашыр месца будану свайго, і апоны гасподаў тваіх няхай расьцягнуць, не шчаджай, падоўж паварозы свае і ўмацуй кольле свае.
Расшыр прасторы шатра свайго, расцягні сцены сваіх палатак, не шкадуй; папусці даўжэй шнуры свае і калы свае ўмацуй.
Бо направа й налева ты пашырышся, і насеньню твайму спадуць народы, і населіце спустошаныя месты.
Бо пашырышся ты направа і налева, і патомства тваё возьме ў спадчыну народы, якія абжывуць пакінутыя гарады.
Ня бойся, бо ты ня будзеш сароміцца; ня будзеш зьняважана, бо ты ня будзеш паганбена: бо сорам дзявоцтва свайго ты забудзешся і наперад ня ўспомніш празь вярненьне ўдоўства свайго.
Не бойся, бо не зазнаеш сораму і не пачырванееш, бо не будзе цябе сароміць. Бо забудзешся пра ганьбу маладосці тваёй ды не будзеш больш памятаць пра ганьбу ўдаўства твайго.
Бо муж твой ё Ўчыніцель твой, СПАДАР войскаў імя Ягонае; і Адкупіцель твой, Сьвяты Ізраеляў, Богам усяе зямлі назавецца.
Бо Хто стварыў цябе, будзе жаніхом тваім, імя Яго — Госпад Магуццяў, Адкупіцель твой — Святы Ізраэлеў! Называюць Яго Богам усяе зямлі.
Бо пагукаў цябе СПАДАР як жонку, пакіненую й засмучоную ў духу, і як жонку маладосьці, як ты была адхінена, — кажа Бог твой. —
Бо вось, як жанчыну, кінутую і прыніжаную духам, паклікаў цябе Госпад, ды як да жонкі, у маладосці адпіхнутай, прамаўляе Бог твой.
На малую часінку Я пакінуў цябе, і зь вялікаю спагадаю зьбяру цябе.
На хвіліну пакінуў Я цябе, ды з вялікай ласкавасцю прытулю цябе.
У паводцы гневу Я схаваў на часіну від Свой ад цябе, але вечнаю дабрынёю паспагадаю табе, — кажа СПАДАР, Адкупіцель твой;
У момант гневу адвярнуў Я на хвіліну аблічча Сваё ад цябе, але ў адвечнай міласэрнасці Сваёй пашкадаваў цябе, — кажа Адкупіцель твой, Госпад. —
Бо гэта воды Ноевы Імне, бо як Я прысягнуў, што наперад воды Ноевы не пярэйдуць зямлі, так Я прысягнуў, што ня буду гневацца на цябе ані ўпікаць табе.
Гэта ў Мяне, як у дні Ноя, якому Я пакляўся, што не ўспушчу больш водаў Ноя на зямлю; так прысягаю, што не буду гневацца на цябе і сварыцца на цябе.
Бо горы скрануцца, і ўзгоркі захістаюцца, але дабрыня Мая не адступе ад цябе, і змова міру Майго будзе непахісная, — кажа СПАДАР, — Каторы мае спагаду да цябе.
Горы бо адступяцца ды ўзгоркі трэсціся будуць, але міласэрнасць Мая не адступіцца ад цябе і не захістаецца прымірэнне Маё, — кажа Госпад, Літасцівец твой. —
Уцісьненая, узбураная, спабытая пацехі! гля, Я палажу камяні твае харошых колераў і поды твае палажу із шафіраў;
О няшчасны, бурамі кіданы і без аніякай пацехі! Вось, Я пакладу каменні твае на карбункулах; пакладу падмуркі твае на сапфірах;
І зраблю з аґатаў вежы твае і брамы твае — з карбункуляў, і ўсі граніцы твае — із жаданага каменьня.
зраблю ўмацаванні твае з рубінаў, а брамы твае — з каштоўных камянёў, а ўсю агароджу тваю — з самацветаў.
І ўсі сынове твае будуць наўчаны СПАДАРОМ, і вялікі супакой будзе ў сыноў тваіх.
Твае дзеці будуць усе вучнямі Госпада, і вялікая згода будзе ў дзяцей тваіх;
У справядлівасьці будзеш умацавана; далёка будзеш ад уціску, бо ня будзеш баяцца, і будзеш бяз страху, бо ён не дабліжыцца да цябе.
у справядлівасці будзеш угрунтаваны. Будзеш ухаваны ад здзеку, бо не будзеш баяцца, і ад жаху, бо ён не наблізіцца да цябе.
Вось, на цябе будуць зьбірацца, зьбірацца, але не ад Мяне; хто зьбярэцца на цябе, тый падзець перад табою.
Вось, калі адбудзецца напад, не будзе гэта ад Мяне; хто на цябе нападзе, упадзе насупраць цябе.
Вось, Я стварыў каваля, каторы разьдзьмухае вугальле ў цяпле і вырабляе снадзь да свае работы; і Я ж стварыў нішчэньніка на разбурэньне.
Вось жа, Я стварыў каваля, які раздувае вуглі ў агні ды выцягвае прыладу для сваёй работы; і Я стварыў таксама нішчыцеля на знішчэнне.
Усялякая зброя, зробленая на цябе, ня будзе дасьпешная, і кажны язык, што будзе станавіцца на суд із табою, ты абвінуеш. Гэта спадак слугаў СПАДАРОВЫХ і аправеньне іх ад Мяне», — агалаше СПАДАР.
Любая прылада, якая выліта супраць цябе, не будзе карыснай. І кожны язык, які спрачаецца з табою, асудзіш: такая спадчына слугаў Госпада і справядлівасць іх ад Мяне», — кажа Госпад.