Ісаі 39 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Таго часу паслаў Меродах-Валадан Валаданёнак, кароль Бабілёнскі, Гэзэку ліст а дары; бо чуў, што ён захварэў і ачуняў.
У той час Мэрадахбаладан, сын Баладана, цар Бабілона, паслаў лісты і падарункі Эзэкіі, бо ён чуў, што быў хворы і акрыяў.
І ўзрадаваўся Гэзэка зь іх, і паказаў ім скарбніцу сваю, срэбра а золата а пахі а добрыя масьці а ўсю зброю сваю а ўсе, што было ў скарбніцах ягоных; не засталося ні воднае рэчы, каторай бы не паказаў ім Гэзэка ў доме сваім і ў вусёй дзяржаве сваёй.
Узрадаваўся ім Эзэкія і паказаў ім сваю скарбніцу: срэбра, золата, духмянасці, шматкаштоўнае намашчэнне і ўсе склады дабра свайго ды ўсё, што знаходзілася ў скарбніцы яго. Нічога не засталося, чаго б не паказаў ім Эзэкія ў палацы сваім і ва ўсёй маёмасці сваёй.
І прышоў прарока Ісая да караля Гэзэкі, і сказаў яму: «Што сказалі гэтыя людзі? і скуль яны прышлі да цябе?» І Гэзэка сказаў: «З далёкае зямлі прышлі да мяне, з Бабілёну».
Тады вось прыйшоў да Эзэкіі, цара, Ісая, прарок, і сказаў яму: «Што сказалі гэтыя людзі ды адкуль прыбылі яны да цябе?» І сказаў Эзэкія: «З далёкай зямлі прыбылі яны да мяне, з Бабілона».
Але ён сказаў: «Што бачылі яны ў доме тваім?» І сказаў Гэзэка: «Бачылі ўсе, што ёсьць у доме маім; ня было рэчы, каторай бы я не паказаў ім у скарбніцах сваіх».
Дык сказаў ён: «Што бачылі яны ў тваім доме?» Эзэкія адказаў: «Усё, што ёсць у доме маім, бачылі: не было аніводнай рэчы, якой не паказаў бы ім з сваіх каштоўнасцей».
Тады Ісая сказаў Гэзэку: «Чуй слова СПАДАРА войскаў:
Дык сказаў Ісая Эзэкіі: «Паслухай слова Госпада Магуццяў:
Вось, прыйдуць дні, што перанясуць да Бабілёну ўсе тое, што ў доме тваім і што айцове твае зьберлі дагэтуль; нічога не застанецца, — кажа СПАДАР. —
“Вось жа прыйдуць дні, і возьмуць ад цябе ўсё, што ёсць у доме тваім і што назбіралі бацькі твае аж да сённяшняга дня, — у Бабілон, і не пакінуць нічога, — кажа Госпад.
І возьмуць із сыноў тваіх, каторыя выйдуць ізь цябе, каторых ты народзіш, і будуць яны легчанцамі ў палацу караля Бабілёнскага».
Нават некаторых з сыноў тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты нарадзіў, возьмуць, і яны будуць еўнухамі — слугамі ў палацы цара Бабілонскага”».
Тады Гэзэка сказаў Ісаі: «Добрае слова СПАДАРОВА, каторае ты вымавіў», і сказаў: «Абы быў супакой а дабрабыт за дзён маіх».
Дык сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова Госпада, якое ты сказаў». І дадаў: «Каб толькі былі супакой і бяспека ў дні мае».