Ісаі 39 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Таго часу паслаў Меродах-Валадан Валаданёнак, кароль Бабілёнскі, Гэзэку ліст а дары; бо чуў, што ён захварэў і ачуняў.
 
У той час Мэрадах-Баладан, сын Баладана, валадар Бабілону, паслаў да Эзэкіі лісты і дары, бо ён пачуў, што той быў хворы і ачуняў.

І ўзрадаваўся Гэзэка зь іх, і паказаў ім скарбніцу сваю, срэбра а золата а пахі а добрыя масьці а ўсю зброю сваю а ўсе, што было ў скарбніцах ягоных; не засталося ні воднае рэчы, каторай бы не паказаў ім Гэзэка ў доме сваім і ў вусёй дзяржаве сваёй.
 
І ўсьцешыўся з іх Эзэкія, і паказаў ім дом скарбаў сваіх: срэбра, золата, пахошчы, каштоўны алей і ўсе каморы свае, і ўсё, што знаходзілася ў сховішчах ягоных. Не засталося рэчы, якой бы не паказаў ім Эзэкія ў доме сваім і ў-ва ўсім валоданьні сваім.

І прышоў прарока Ісая да караля Гэзэкі, і сказаў яму: «Што сказалі гэтыя людзі? і скуль яны прышлі да цябе?» І Гэзэка сказаў: «З далёкае зямлі прышлі да мяне, з Бабілёну».
 
І прыйшоў Ісая прарок да валадара Эзэкіі і сказаў яму: «Што сказалі людзі гэтыя і адкуль яны прыйшлі да цябе?» І сказаў Эзэкія: «З зямлі далёкай яны прыйшлі да мяне, з Бабілону».

Але ён сказаў: «Што бачылі яны ў доме тваім?» І сказаў Гэзэка: «Бачылі ўсе, што ёсьць у доме маім; ня было рэчы, каторай бы я не паказаў ім у скарбніцах сваіх».
 
І сказаў [Ісая]: «Што бачылі яны ў доме тваім?» І сказаў Эзэкія: «Усё, што ёсьць у доме маім, яны бачылі. Не было рэчы, якой я не паказаў бы ім у сховішчах».

Тады Ісая сказаў Гэзэку: «Чуй слова СПАДАРА войскаў:
 
І сказаў Ісая Эзэкіі: «Паслухай слова ГОСПАДА Магуцьцяў:

Вось, прыйдуць дні, што перанясуць да Бабілёну ўсе тое, што ў доме тваім і што айцове твае зьберлі дагэтуль; нічога не застанецца, — кажа СПАДАР. —
 
“Вось, прыйдуць дні, і будзе забрана ўсё, што ёсьць у доме тваім і што назьбіралі бацькі твае аж да сёньняшняга дня, у Бабілон, і не пакінуць нічога, кажа ГОСПАД.

І возьмуць із сыноў тваіх, каторыя выйдуць ізь цябе, каторых ты народзіш, і будуць яны легчанцамі ў палацу караля Бабілёнскага».
 
А сыноў тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, забяруць, і яны будуць эўнухамі ў палацы валадара Бабілону”».

Тады Гэзэка сказаў Ісаі: «Добрае слова СПАДАРОВА, каторае ты вымавіў», і сказаў: «Абы быў супакой а дабрабыт за дзён маіх».
 
І сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова ГОСПАДА, якое ты прамовіў». І сказаў: «Бо будуць супакой і бясьпека ў дні мае».