Ёва 1 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Быў чалавек у зямлі Уц, імя ягонае Ёў; і быў чалавек гэты беззаганны а пасьцівы, і ён баяўся Бога, і адхінаўся ад ліха.
Чалавек на імя Ёў жыў у зямлі Уц, і быў ён чалавек шчыры і справядлівы, баяўся Бога і пазьбягаў зла.
І нарадзілася ў яго сямёх сыноў і тры дачкі.
І нарадзілася яму сем сыноў і тры дачкі.
І было ў яго драбнога статку сем тысячаў, тры тысячы вярблюдоў, пяцьсот пар валоў а пяцьсот асьліцаў, і вельмі шмат чэлядзі: і быў чалавек гэты вялікшы за ўсіх сыноў усходу.
І была маёмасьць ягоная — сем тысячаў авечак, тры тысячы вярблюдаў, пяцьсот параў валоў, пяцьсот асьліцаў і вельмі шмат слугаў. І быў чалавек той найбольшым сярод усіх сыноў Усходу.
Сынове ягоныя зыходзіліся, спраўляючы чэсьці кажны свайго дня ў доме сваім, і пасылалі й звалі тры сястры свае есьці й піць із імі.
Сыны ягоныя зьбіраліся адзін у аднаго і банкетавалі ў доме кожнага па чарзе. І запрашалі яны таксама тры сястры свае есьці і піць разам з імі.
Як радоўка дзён чэсьцяў канчалася, Ёў пасылаў па іх, і пасьвячаў іх, і, устаючы рана нараніцы, спраўляў усепаленьні подле ліку ўсіх іх; бо гукаў ён: «Можа ізграшылі сынове мае і зганілі Бога ў сэрцу сваім». Гэтак рабіў Ёў усі дні.
Калі спыняліся чэргі баляваньня, Ёў пасылаў да іх, каб выканаць ачышчэньне іх. І ўставаў ён раніцаю, і складаў ахвяры цэласпаленьня за кожнага з іх, бо казаў: «Можа, сыны мае нечым саграшылі і зьняважылі Бога ў сэрцах сваіх?» Так рабіў Ёў у-ва ўсе дні.
І быў дзень, калі прышлі сынове Божыя стаць перад СПАДАРОМ; і прышоў таксама шайтан памеж іх.
Аднойчы, калі сыны Божыя прыйшлі стаць перад ГОСПАДАМ, між імі прыйшоў і шатан.
І сказаў СПАДАР шайтану: «Скуль ты прышоў?» І адказаў шайтан СПАДАРУ, і сказаў: «Я абходзіў зямлю й абышоў яе».
І сказаў ГОСПАД шатану: «Адкуль прыйшоў ты?» І адказаў шатан ГОСПАДУ, і сказаў: «Я абыйшоў зямлю і хадзіў па ёй».
І сказаў СПАДАР шайтану: «Ці зьвярнуў ты ўвагу на слугу Майго Ёва? гэтаж няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, пасьцівы, баіцца Бога й адварачаецца ад ліха».
І сказаў ГОСПАД шатану: «Ці зьвярнуў ты ўвагу на слугу Майго, Ёва, якому няма подобнага на зямлі. Ён — чалавек шчыры і справядлівы, баіцца Бога і пазьбягае зла».
І адказаў шайтан СПАДАРУ і сказаў: «Ціж дарма Ёў багабойлівы?
І адказаў шатан ГОСПАДУ, і сказаў: «Ці ж Ёў задарма баіцца Бога?
Ці ня Ты агарадзіў навокал яго, і навокал дому ягонага, і навокал усяго, што навокал у яго? Работу рук ягоных Ты дабраславіў, і стады ягоныя пашырыў па зямлі.
Ці ж не атачыў Ты дабраславенствам Тваім і яго, і дом ягоны, і ўсю маёмасьць ягоную, і працу рук ягоных, і ці не павялічваецца маёмасьць ягоная на зямлі?
Але выцягні руку Сваю і даткніся ўсёга, што ў яго, — ці ня згане ён Цябе ў відзеньне Твае?»
Але выцягні крыху руку Тваю і дакраніся да ўсяго, што ён мае, зьневажаючы, будзе зьневажаць Цябе ў твар».
І сказаў СПАДАР шайтану: «Вось, усе, што ў яго, у руццэ тваёй; адно на яго не выцягай рукі свае». І адышоў шайтан ад віду СПАДАРОВАГА.
І сказаў ГОСПАД шатану: «Вось, усё, што ён мае, у руцэ тваёй, толькі яго самога не чапай». І зыйшоў шатан ад аблічча ГОСПАДА.
І быў дзень, калі сынове ягоныя а дачкі ягоныя елі й пілі віно ў доме першароднага брата свайго,
І калі аднаго дня сыны і дочкі ягоныя елі і пілі віно ў доме найстарэйшага брата,
І прышоў пасланец да Ёва, і сказаў:
прыйшоў пасланец да Ёва і паведаміў: «Валы аралі, а асьліцы пасьвіліся побач,
«Валы аралі, і асьліцы хадзілі ля іх, як напалі Савяне і ўзялі іх, а дзяцюкоў забілі лязом мяча; толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».
і раптам напалі Савейцы, і пазабіралі іх, а слугаў пазабівалі мячом. Ацалеў толькі я адзін, каб сказаць табе».
Яшчэ ён гукаў, як прыходзе другі й кажа: «Цяпло Божае ўпала зь неба, і папаліла авечкі а дзяцюкоў, і пажэрла іх; і толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».
І калі ён яшчэ гаварыў, прыбег іншы і сказаў: «Агонь Божы зыйшоў з неба і папаліў авечак і слугаў. Я адзін ацалеў, каб паведаміць табе пра гэта».
Яшчэ ён гукаў, як прыходзе другі й кажа: «Хальдэі разьлягліся трыма аддзеламі, і кінуліся на вярблюды, і ўзялі іх, і дзяцюкоў забілі лязом мяча; і толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».
І калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў іншы і сказаў: «Халдэйцы сабралі тры дружыны, напалі на вярблюдаў і пагналі іх, а слугаў мячом пазабівалі. Я адзін уцёк, каб паведаміць табе».
Яшчэ ён гукаў, прыходзе іншы й кажа: «Сынове твае а дачкі твае елі й пілі віно ў доме першароднага брата свайго;
І калі ён яшчэ гаварыў, прыбег іншы і сказаў: «Калі сыны твае і дочкі елі і пілі віно ў доме найстарэйшага брата свайго,
І вось, узьняўся вялікі вецер із тога боку пустыні, і ахапіў чатыры вуглы дому, і ўпаў на дзяцюкоў, і яны памерлі; і толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».
раптам паднялася страшэнная бура з пустыні, зрушыла чатыры вуглы дому, які ўпаў і падушыў дзяцей тваіх, і яны памерлі. Ацалеў я адзін, каб паведаміць табе».
Тады Ёў устаў, і разьдзер вопратку, астрыг галаву сваю, і паў на зямлю, і пакланіўся,
І ўстаў Ёў, і разьдзёр адзеньне сваё, і абгаліў галаву, і ўпаў на зямлю, і пакланіўся,
І сказаў: «Голы я вышаў із жывата маці свае, голы й зьвярнуся туды. СПАДАР даў, СПАДАР і ўзяў; хай будзе імя СПАДАРОВА дабраславена!»
і сказаў: «Голы я выйшаў з улоньня маці маёй, і голы вярнуся туды. ГОСПАД даў, і ГОСПАД забраў. Няхай будзе імя ГОСПАДА дабраслаўлёным!»
У вусім гэтым не ізграшыў Ёў і не праказаў неразумнага Богу.
І ў-ва ўсім гэтым не саграшыў Ёў, і нічога неразважнага супраць Бога не сказаў.