Ёва 7 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ці не ваяваньне мужу на зямлі, і ці ня дні ягоныя, як дні найміта?
 
Ці ж ня [службай] вайсковай ёсьць жыцьцё чалавечае на зямлі, і дні ягоныя — як дні парабка?

Як слуга жадае сьценя, і як найміт жджэць платы свае;
 
Як нявольнік шукае ценю і як найміт чакае платы сваёй,

Так спалі імне месяцы марныя, і ночы немарасныя выдзелены імне.
 
так і я меў месяцы мучэньняў і лічыў цяжкія ночы свае.

Як кладуся, то кажу: "Калі ўстану?" а вечар памераны, і я перасычаюся варочаньнямі да золку.
 
Калі я кладуся, думаю: “Калі ўстану?” І доўжыцца вечар, і, поўны болю, я чакаю сьвітаньня.

Цела мае адзета чэрвямі а брудам пылу, скура мая трэскаецца й стала агіднаю.
 
Цела маё пакрыта гнільлём і брудам, скура мая лопаецца і цячэ гноем.

Дні мае баржджэйшыя за чаўнок, і канчаюцца без надзеі.
 
Дні мае праходзяць хутчэй, чым чаўнок ткацкі, і мінаюць без надзеі.

Успомні, што жыцьцё мае — вецер, што вока мае ня зьвернецца бачыць добрае;
 
Памятай, што жыцьцё маё — як подых ветру, і вока маё ня вернецца, каб пабачыць дабро.

Не абача мяне вока таго, хто бачыў мяне; вочы Твае на мяне, — і няма мяне.
 
І ня ўгледзіць мяне вока чалавека, вочы Твае глянуць на мяне, а мяне ўжо няма.

Чэзьне булак і адходзе; так тый, што зыходзе да шэолю, ня ўзыходзе,
 
Як воблака пралятае і чэзьне, так і той, хто зыходзіць у цемру, не вяртаецца.

Ня зьвернецца болей да дому свайго, і не пазнае ўжо яго месца ягонае.
 
Ён не вяртаецца болей у дом свой, і месца ягонае болей не дачакаецца яго.

Ня буду ж я гамаваць вуснаў сваіх; буду гукаць у ўціску духа свайго; буду жаліцца ў гарчыні душы свае.
 
Таму не шкадую я вуснаў маіх, і буду гаварыць у трывозе духа майго, буду жаліцца ў горычы душы маёй.

Ціж я мора альбо морскае дзіўства, што Ты пастанавіў над імною варту?
 
Ці ж я — мора, або пачвара марская, што Ты паставіў пры мне варту?

Калі скажу: "Пацеша мяне пасьцеля мая, панясець ложак мой нараканьне мае";
 
Калі я думаю сабе: “Няхай пацешыць мяне ложак мой і супакоіць жаль мой”,

Ты страшыш мяне снамі й відзенямі палохаеш мяне;
 
Ты палохаеш мяне снамі і відзежамі наводзіш страх.

Дык душа мая выбірае валей душэньне а сьмерць касьцём маім.
 
Дзеля гэтага душа мая чакае спыненьня дыханьня, а косткі мае хочуць сьмерці.

Агідла імне. Ня вечна ж жыць імне. Адступі ад мяне, бо дні мае марнасьць.
 
Я страціў надзею, ня буду больш жыць; даруй мне, бо дні мае — марнасьць.

Што такое чалавек, што Ты гэтулькі вывышаеш яго й зварачаеш на яго сэрца Свае,
 
Хто ёсьць чалавек, што Ты ўслаўляеш яго, што Ты схіляеш сэрца Тваё да яго?

Давядаешся да яго кажнае раніцы, кажную часіну прабуеш яго?
 
Ты наведваеш яго на сьвітаньні, і штохвіліну выспрабоўваеш яго.

Пакуль Ты не адвернешся ад мяне, не пакінеш мяне, пакуль не праглыну сьліны свае?
 
Калі Ты ўжо адвернеш вочы Твае ад мяне? Чаму не дазваляеш мне праглынуць сьліну маю?

Я ізграшыў, то што я зраблю Табе, Вартаўніча людзкі? нашто Ты пастанавіў мяне мэтаю Сабе, так што я стаў самому сабе вялічны?
 
Саграшыў я, дык што маю зрабіць Табе, бо Ты дасьледуеш чалавека? Чаму зрабіў Ты, што я зрабіўся ворагам для Цябе, і сам сабе стаўся невыносным?

І чаму б не забраць выступу майго й ня зьняць ізь мяне бяспраўя майго? бо, вось, я лягу ў пыл, і Ты будзеш золкам глядзець мяне, але ня будзе мяне».
 
Чаму Ты не прабачыш грэху майго і чаму не адкінеш віны маёй? Бо хутка я засну ў парахне, і калі раніцаю будзеш шукаць мяне, ня знойдзеш».