Ёва 22 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І адказаў Еліфаз Феманянін, і сказаў:
 
І адказаў Эліфаз з Тэману, і сказаў:

«Ціж можа чалавек быць карысны Богу? Пэўне мудры карысны сабе самому.
 
«Ці можа чалавек быць карысным Богу? Разумны ледзь самаму сабе можа быць карысным.

Што за прыемнасьць Усемагучаму, калі ты справядлівы, альбо ці ё карысьць, што ты дзяржыш дарогі свае беззаганнымі?
 
Што за карысьць Усемагутнаму, калі ты праведны, або што Яму дасьць, калі шлях твой беззаганны?

Ці із страху цябе Ён гане цябе і ўходзе на суд із табою?
 
Ці ж за пабожнасьць тваю Ён карае цябе і ідзе на суд з табою?

Хіба нягоднасьць твая вялікая, і намяш канца бяспраўю твайму.
 
Ці ж не за ліхоту тваю і незьлічоныя злачынствы твае?

Ты браў заклады ад брата свайго ні зашта, і адзецьце ў голых ты здыймаў.
 
Бо ты браў заклад ад братоў тваіх ні за што і з голых зьдзіраў адзеньне.

Усьмягламу не падаваў вады напіцца й галоднаму адмаўляў хлеба;
 
Ты не даваў вады сасьмягламу, і галоднаму адмаўляўся даваць хлеба.

А чалавеку плячыстаму — яму зямля, і важны жывець на ёй.
 
Моцнаму чалавеку даваў ты зямлю, і заможны пасяляўся на ёй,

Удовы ты адпушчаў з пустымі рукамі, і плячукі сіротаў мяжджуліў.
 
а ўдоваў адсылаў ты з пустымі рукамі, і сіротаў абцяжарваў работамі.

Затое сілы навокал цябе, і спалохае цябе жах неўспадзеўкі.
 
Дзеля таго акружаны ты пасткамі, і трывожыць цябе страх неспадзяваны,

Або цемнь, што ты ня бачыш, і паводка пакрывае цябе.
 
і ў цемры ты ня бачыш, і вада вялікая залівае цябе.

Ці ня высака на нябёсах Бог? Бачыш найвышшыя гвезды, як яны высака!
 
Ці ж Бог не вышэйшы за неба? Паглядзі ўгару на зоркі, як яны высока!

Затым ты кажаш: "Што ведае Бог? можа Ён судзіць пераз глыбокую цемнь?
 
А ты кажаш: “Што ведае Бог? Ці праз імглу Ён можа судзіць?

Таўстыя булакі закрываюць Яго, так што Ён ня бача, а ходзе па скляпеньню нябёсным".
 
Хмары — заслона Яму, так што ня бачыць Ён і ходзіць па скляпеньні нябесным”.

Нягож ты дзяржышся вечнага гасьцінца, па каторым людзі несправядлівыя йшлі?
 
Ці ты будзеш трымацца сьцежкі старадаўняй, па якой хадзілі злачынцы,

Яны былі адцяты без пары, іхны под падмыла рака,
 
якія заўчасна былі зьнішчаныя, бо паводка падмыла падваліны іхнія?

Каторыя казалі Богу: "Адвярніся ад нас" і "Што можа Ўсемагучы зрабіць нам?"
 
Яны казалі Богу: “Адыйдзіся ад нас! Што можа зрабіць нам Усемагутны?”

А Ён паўніў дамы іхныя дабром. Але рада нягодных далёка ад мяне.
 
А Ён багацьцем напоўніў дамы іхнія. Але няхай будзе далёкая ад мяне рада бязбожных.

Бачылі справядлівыя й цешыліся, нявінны насьміхаўся зь іх:
 
Праведнікі будуць бачыць гэта і цешыцца, і чалавек нявінны будзе сьмяяцца з іх:

"Ці не адцяты праціўнікі нашы, і пакіненае імі пажэрла цяпло?"
 
“Сапраўды вынішчаны супраціўнік наш, а багацьце іхняе спаліў агонь”.

Пазнаёмся ж ізь Ім і будзеш у супакою, ад гэтага прыйдзе да цябе дабро.
 
Дык пагадзіся з Ім, і мей супакой, і праз гэта прыйдзе да цябе добрае.

Вазьмі ж із вуснаў Ягоных права і палажы словы Ягоныя ў сэрца свае.
 
Вазьмі з вуснаў Ягоных закон і палажы словы Ягоныя ў сэрцы тваім.

Калі ты зьвернешся да Ўсемагучага, то будзеш збудаваны, калі аддаліш несправядлівасьць ад будану свайго.
 
Калі навернешся да Усемагутнага, адновішся і адкінеш злачыннасьць ад намёту твайго,

І паложыш скарб у пыл і золата офірскае памеж скалаў цуркоў.
 
калі ацэніш золата як парахно, а [золата] Афіру — як камень з ручая,

І будзе Ўсемагучы скарбам тваім і срэбрам дарагім табе;
 
тады Усемагутны будзе золатам тваім і бліскучым срэбрам для цябе.

Тады ты пацешышся ў Усемагучым і ўзьнімеш від свой да Бога.
 
Тады захапляцца ты будзеш Усемагутным і падымеш да Бога аблічча тваё.

Ты ўчыніш маленьне да Яго, і Ён пачуе цябе, і ты споўніш абятніцы свае.
 
Будзеш прасіць Яго, і Ён выслухае цябе, і ты споўніш абяцаньні твае.

Ты пастановіш пастаноў, і ён станецца, на дарогах тваіх зазіхціць сьвятло.
 
Што пастановіш, прыйдзе да цябе, і на шляхах тваіх будзе сьвяціць сьвятло.

Як яны паніжацца, то Ты скажаш: "Узвышчася!" Паніклага ачыма Ён спасае.
 
Бо Ён паніжае таго, хто пыхлівы, а хто схіляе вочы, той будзе збаўлены.

Ён вывальняе нявіннага; Ты будзеш вывальнены чысьцінёю рук сваіх».
 
Ён ратуе [нават] таго, хто не без віны, і будзе ён уратаваны дзеля чыстасьці рук сваіх».