Ёва 19 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І адказаў Ёў, і сказаў:
І адказаў Ёў, і сказаў:
«Пакуль будзеце немарасьціць душу маю і крышыць мяне словамі?
«Дакуль будзеце вы зьдзеквацца з душы маёй і мучыць мяне словамі сваімі?
Вось, дзесяць разоў вы высьміялі й не сароміцеся, чураецеся мяне.
Ужо дзесяць разоў вы абражалі мяне і не саромеецеся зьневажаць мяне.
І нават калі я запраўды абмыліўся, абмыла мая з імною застаецца.
Калі я сапраўды саграшыў, грэх мой застанецца са мною.
Калі ж запраўды вы вяльмуецеся каля мяне і ўпікаеце імне маёю ганьбаю,
Калі ж вы хочаце ўзьвялічыцца нада мною і ўпікнуць мяне брыдотамі маімі,
То ведайце, што Бог скрывіў мяне й абклаў мяне Сваёй сецьцю.
дык, прынамсі, цяпер зразумейце, што Бог пакараў мяне і сецьцю Сваёй аблытаў мяне.
Вось, я крычу: «Ґвалт!» і не адказуюць; галашу, няма суду.
Хоць я крычу: “Гвалт!”, мяне ня чуюць, лямантую, але няма суду.
Ён загарадзіў імне гасьцінец, і не магу прайсьці, і на сьцежкі мае паклаў цемнь.
Ён загарадзіў шлях мне, і я не магу прайсьці, і шлях мой цемраю ахутаў.
Славу маю сьцягнуў зь мяне й вянок зьняў з галавы мае.
Ён сьцягнуў з мяне славу маю і забраў карону з галавы маёй.
Навокал спустошыў мяне, і я адыходжу; і, як дзерва, Ён вырваў надзею маю.
Ён нішчыць мяне адусюль, і я гіну, і Ён зваліў, як дрэва, надзею маю.
Запалаў на мяне гневам Сваім, і ўважае мяне памеж варагоў Сваіх.
Ён загневаўся на мяне ў ярасьці Сваёй, і залічыў мяне за ворага Свайго.
Разам прышлі вяткі Ягоныя, яны праклалі дарогі свае супроці мяне й разьлягліся табарам навокал будану майго.
І прыйшлі разам дружыны Ягоныя, і рыхтуюць валы супраць мяне, і акружылі аблогаю намёт мой.
Братоў маіх Ён аддаліў ад мяне, і знаючыя мяне ўсяляк чураюцца мяне.
Адвярнуў Ён братоў маіх ад мяне, і знаёмыя мае, быццам чужыя, адыйшліся ад мяне.
Узьдзержуюцца ад мяне блізкія мае, і знаёмыя мае забыліся мяне.
Пакінулі мяне сваякі мае, і тыя, што ведалі мяне, забыліся пра мяне.
Жывучыя ў доме маім і служэбкі мае маюць мяне за чужніка; я стаў чужніком у вачох іх.
Хатнія ў доме маім і служкі мае за чужога ўважаюць мяне, і быццам чужынец стаўся я ў вачах іхніх.
Гукаю слугу свайго, і ён не адгукаецца; вуснамі сваімі я маю маліць яго.
Паклікаў я слугу свайго, а ён не паслухаў мяне, хоць вуснамі сваімі ўпрошваю яго.
Дыханьня майго чураецца жонка мая і ўздыханьня дзяцей улоньня майго.
Дыханьне маё абрыдла жонцы маёй, і сьмярдзючы я для дзяцей улоньня яе.
Нават дзеці грэбуюць імною; падыймаюся, і яны гукаюць супроці мяне.
Пагарджаюць мною дзеці малыя, і, калі я ўстаю, яны зьдзекуюцца з мяне.
Брыдзяцца імною ўсі людзі даверу майго; і тыя, каторых я любіў, зьвярнуліся супроці мяне.
Брыдзяцца мною ўсе найбліжэйшыя сябры мае, і тыя, каго я найболей любіў, адвярнуліся ад мяне.
Косьці мае прыліплі да скуры мае а цела майго, і я ўратаваўся адно із скураю каля зубоў сваіх.
Да скуры маёй і да цела майго прысохлі косткі мае, засталіся толькі дзясны каля зубоў маіх.
Зьмілуйцеся над імною, зьмілуйцеся над імною вы, прыяцелі мае, бо рука Божая даткнулася да мяне.
Зьлітуйцеся нада мною, зьлітуйцеся нада мною, сябры мае! Бо рука Божая дакранулася да мяне.
Чаму вы перасьлядуеце мяне, як Бог? І целам маім ня можаце насыціцца?
Чаму вы як Бог перасьледуеце мяне і зьдзекуецеся над целам маім?
О, каб мовы мае былі запісаны! каб яны былі нарысаваны ў кнізе!
Хто запіша словы мае? Хто дасьць мне, каб былі яны зазначаныя ў кнізе,
Пяром зялезным а волавам на векі ў скале яны былі высечаны!
разцом жалезным на волаве, або высечаны на скале?
Але я ведаю, што Адкупіцель мой жывець, і наапошку Ён стане на пыле;
Я ведаю, што Абаронца мой жывы, і што ў апошні дзень Ён стане над парахном маім,
Просьле тога, як гэта скура мая зьнішчыцца, у целе сваім я буду мець відзень Бога;
і хоць зьнішчана скура мая, у целе маім я ўбачу Бога.
Я абачу Яго сам, і мае вочы абачаць, а ня чужыя. Нутр мой нішчыцца ў вулоньню маім.
Я сам убачу Яго, і вочы мае, а ня іншага, будуць аглядаць Яго. Прагнуць [гэтага] ныркі мае ў нутры маім.
Вам належыла б сказаць: "Нашто мы перасьлядуем яго?" Бо карэнь ліха знойдзены ў імне.
Вы ня кажаце: “Навошта мы перасьледуем яго?”, нібыта корань справы знойдзены ў-ва мне.
Бойцеся мяча, бо меч ё помсьнік няпраўды, і ведайце, што ё суд».
Дык бойцеся мяча, бо гнеў супраць грэху — гэты меч, і ведайце, што ёсьць суд».