Эстэр 10 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Потым налажыў кароль Агасвер падачак на зямлю а на абтокі морскія.
 
І наклаў валадар Ахашвэрош падатак на зямлю і астравы марскія.

І ўсі падзеі магутнасьці а сілы ягонае, і зьясьненьне вялічча Мордэхая, каторым кароль узьвялічыў яго, ці яны не запісаны ў кнігу летапісу каралёў Мідзкіх а Пэрскіх?
 
І ўсе дзеі ўлады ягонай і магутнасьці ягонай, і апісаньне велічы Мардэхая, якога ўзьвялічыў валадар, вось, яны запісаныя ў Кнізе летапісу валадароў Мідзянаў і Пэрсаў.

Бо Мордэхай Юдэй наступны па каралю Агасверу, і вялікі ў Юдэяў, і падабала яго множасьць братоў ягоных, рупатлівы праз дабро люду свайго, гукаючы супакой усяму насеньню свайму.
 
Бо Мардэхай Юдэй [быў] другі пасьля валадара Ахашвэроша і вялікі ў Юдэяў, і [быў] ён даспадобы мноству братоў сваіх, і шукаў дабра для народу свайго, і абвяшчаў супакой усяму насеньню свайму.