Эстэр 2 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Просьле гэтага, як уціхамірыўся гнеў караля Агасвера, ён успомнеў праз Вашту, і праз тое, што яна зрабіла, і што было ёй рассуджана.
 
Пасьля гэтых падзеяў, калі суцішыўся гнеў валадара Ахашвэроша, ён узгадаў пра Вашці, і пра тое, што яна зрабіла, і што было пастаноўлена пра яе.

І сказалі маладзёны каралю, што паслугавалі яму: «Няхай бы пашукалі каралю дзявушчых пазорных дзевак,
 
І сказалі валадару юнакі, якія служылі яму: «Няхай пашукаюць валадару дзяўчын паненак, прыгожых выглядам.

І хай бы прызначыў кароль назіраньнікаў да ўсіх краінаў каралеўства свайго, каторыя зьберлі б кажную дзявушчую пазорную дзеўку да Сусы сталіцы, да дому жонак пад нагляд Гэґая, каралеўскага легчанца, вартаўніка жонак, і хай даюць чысьцячыя масьці;
 
І няхай прызначыць валадар наглядчыкаў у-ва ўсіх акругах валадарства свайго, і няхай яны зьбяруць усіх дзяўчат паненак прыгожага выгляду ў Шушан сталіцу, у дом жанчынаў пад нагляд Гэгая, эўнуха валадара, вартаўніка жонак, і няхай дадуць ім адмысловыя масьці.

І хай дзеўка, каторую ўпадабае кароль, каралюе замест Вашты». І гэта ўпадабаў кароль, і ён зрабіў гэтак.
 
І няхай дзяўчына, якая будзе найлепшай у вачах валадара, будзе валадаркай замест Вашці». І добрым было гэта слова ў вачах валадара, і ён зрабіў гэтак.

Якісь Юдэй быў у Сусе сталіцы; імя ягонае Мордэхай, сын Яіроў, сына Шымяя Кішанка, Венямінец.
 
Муж Юдэй быў у Шушане сталіцы; імя ягонае — Мардэхай, сын Яіра, сына Шымэя, сына Кіша, муж з [калена] Бэн’яміна,

Ён быў пераселены зь Ерузаліму разам із палоненікамі, выведзенымі зь Ехоняю, каралём Юдэйскім, каторых перасяліў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі.
 
які быў узяты з Ерусаліму разам з палонам, які быў выведзены з Ехоніем, валадаром Юды, якога перасяліў Навухаданосар, валадар Бабілонскі.

І быў ён узгадавацелям Гадасы, — яна ж Естэр, — дачкі дзядзькі свайго, бо ня было ў яе айца ані маці. Дзеўка гэта была складная а пазорная. І, па сьмерці айца ейнага а маці ейнае, Мордэхай узяў яе сабе за дачку.
 
І быў ён выхавацелем Гадасы, яна ж — Эстэр, дачкі дзядзькі свайго, бо не было ў яе ані бацькі, ані маці. Дзяўчына гэта мела прывабную постаць і прыгожы выгляд. І пасьля сьмерці бацькі ейнага і маці ейнай Мардэхай узяў яе сабе за дачку.

І як была агалошана справа каралеўская й права ягонае, і як зьберлі шмат дзевак да Сусы сталіцы пад нагляд Гэґая, тады ўзята была й Естэр да дому каралеўскага пад нагляд Геґая, вартаўніка жонак.
 
І было абвешчана слова валадара і загад ягоны, і сабралі шмат дзяўчат у Шушан сталіцу пад нагляд Гэгая, і была ўзята Эстэр у дом валадара пад нагляд Гэгая, вартаўніка жонак.

І ўпадабаў гэтую дзеўку ён, і прыдбала ў яго ласку, і ён пабарзьдзіў выдаць ёй чысьцячыя масьці і дзелі ейныя, і прызначаных сем дзевак даць ёй із дому каралеўскага; і перамясьціў яе а дзеўкі ейныя на лепшае месца жаноцкага дому.
 
І была лепшай дзяўчына гэтая ў вачах ягоных, і мела ласку ў яго, і ён пасьпяшаўся даць ёй адмысловыя масьці і прызначанае ёй, і сем дзяўчат даў ёй з дому валадара; і перамясьціў яе і дзяўчат ейных у найлепшае [месца] дому жанчынаў.

Не азнайміла Естэр люду свайго ані радні свае, бо Мордэхай расказаў ёй, каб яна не азнаймляла.
 
Ня выявіла Эстэр народу свайго і паходжаньня свайго, бо Мардэхай загадаў ёй, каб яна не выяўляла [гэтага].

І кажны дзень Мордэхай прыходзіў аж да панадворку жаноцкага дому, каб даведацца, як маецца Естэр, і што робяць ізь ёю.
 
І кожны дзень Мардэхай прыходзіў да панадворку дому жанчынаў, каб даведацца, як маецца Эстэр і што робіцца з ёю.

Як настаў рад кажнай дзеўцы ўходзіць да караля Агасвера, пры канцу двананцацёх месяцаў таго, што сталася ёй подле права жонак, — бо толькі часу цягнуцца дні ачышчэньня іх: шэсьць месяцаў міравым алеям і шэсьць месяцаў пахнючымі а чысьцячымі масьцямі жаноцкімі, —
 
І прыходзіла чарга кожнай дзяўчыне ўваходзіць да валадара Ахашвэроша пры сканчэньні дванаццаці месяцаў знаходжаньня іх паводле закону жонак, бо столькі цягнуцца дні падрыхтоўкі іхняй, шэсьць месяцаў — алеем міра і шэсьць месяцаў — пахошчамі і адмысловымі масьцямі жаночымі.

Дык во з чым дзеўка ўходзіла да караля: чаго б яна не сказала, ёй давалі ўсе да выхаду із жаноцкага дому да дому каралёвага.
 
І тады дзяўчына ўваходзіла да валадара, і ўсё, што яна казала, давалі ёй, калі яна ішла з дому жанчынаў у дом валадара.

Увечары яна ўходзіла, а нараніцы зварачалася да другога дому жаноцкага, пад нагляд Шаашґаза, легчанца каралеўскага, вартаўніка мамошак; і ўжо ня ўходзіла да караля, хіба толькі кароль пажадаў бы яе, і гукалі яе наймя.
 
Увечары яна ішла, а раніцаю вярталася ў другі дом жанчынаў, пад нагляд Шаашгаза, эўнуха валадара, вартаўніка наложніцаў; і ўжо не прыходзіла да валадара, хіба толькі валадар пажадаў яе, і паклікалі яе на імя.

Як настаў рад ісьці да карала Естэры, дачцы Абігаіла, дзядзькі Мордэхаёвага, каторую ён быў узяўшы сабе за дачку, тады яна не прасіла нічога, апрача тога, праз што сказаў ёй Геґай, легчанец каралеўскі, вартаўнік жонак. І прыдбала Естэр зычлівасьць у вачох усіх, што бачылі яе.
 
Калі прыйшла чарга Эстэр, дачкі Абіхаіла, дзядзькі Мардэхая, якую ён узяў сабе за дачку, ісьці да валадара, тады яна не прасіла нічога, акрамя таго, пра што сказаў ёй Гэгай, эўнух валадара, вартаўнік жонак. І мела Эстэр зычлівасьць у вачах усіх, хто бачыў яе.

І ўзялі Естэр да караля Агасвера, да каралеўскага дому ягонага, дзясятага месяца, значыцца месяца Тэбефа, сёмага году дзяржавы ягонае.
 
І была Эстэр узятая да валадара Ахашвэроша ў валадарскі дом ягоны, у дзясяты месяц, значыцца месяц Тэвэт, у сёмы год валадараньня ягонага.

І палюбіў кароль Естэр над усі жанкі, і яна прыдбала ў яго ласку а зычлівасьць над усі дзяўчаты; і ён узлажыў карону каралеўскую на галаву ёй, і ўчыніў яе караліцаю замест Вашты.
 
І пакахаў валадар Эстэр па-над усіх жанчынаў, і яна мела ў яго ласку і зычлівасьць па-над усіх дзяўчынаў; і ён узлажыў карону валадарскую на галаву ейную, і зрабіў яе валадаркаю замест Вашці.

І справіў кароль вялікую чэсьць усім князём сваім а служцом сваім — чэсьць дзеля Естэры, і зрабіў палёгку краём, і раздаў дары пакаралеўску.
 
І справіў валадар банкет вялікі для ўсіх князёў сваіх і слугаў сваіх, банкет дзеля Эстэр, і зрабіў палёгку акругам, і раздаў дары з рукі валадара.

І як другім наваратам зьберты былі дзеўкі, і Мордэхай сядзеў ля брамы каралеўскае,
 
А калі зьбіралі дзяўчын другі раз, Мардэхай сядзеў пры браме валадарскай,

Естэр не азнаймляла радні свае а люду свайго, як расказаў ёй Мордэхай; а слова Мордэхаёва Естэр паўніла таксама, як тады, як была ў яго на ўзгадаваньню.
 
Эстэр не выяўляла паходжаньня свайго і народу свайго, як загадаў ёй Мардэхай; а слова Мардэхая Эстэр выконвала гэтаксама, як тады, калі была ў яго на выхаваньні.

Таго часу, як Мордэхай сядзеў ля брамы каралеўскае, два каралеўскія легчанцы, Біґфан а Ферэш, з тых, што сьцераглі парог, узлаваліся й задумлялі налажыць руку на караля Агасвера.
 
У тыя дні, калі Мардэхай сядзеў пры браме валадарскай, разгневаліся Бігтан і Тэрэш, два эўнухі валадара, якія вартавала парогі, і шукалі, каб выцягнуць руку на валадара Ахашвэроша.

І, даведаўшыся праз гэта, Мордэхай наказаў караліцы Естэры, а Естэр наказала каралю ад Мордэхая.
 
І даведаўся пра гэтую справу Мардэхай, і паведаміў валадарцы Эстэр, а Эстэр пераказала валадару ад імя Мардэхая.

І прасачылі справу і знайшлі, і іх абодвых засілілі на дзерве. І ўпісалі да кнігі летапісу ў караля.
 
І дасьледавалі справу гэтую і знайшлі, і іх абодвух павесілі на дрэве. І запісалі [пра гэта] ў кнігу летапісаў перад абліччам валадара.