Эстэр 2 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Просьле гэтага, як уціхамірыўся гнеў караля Агасвера, ён успомнеў праз Вашту, і праз тое, што яна зрабіла, і што было ёй рассуджана.
 
Пасьля гэтага, калі аціх гнеў цара Артаксэркса, ён успомніў пра Астынь і пра тое, што яна зрабіла, і што было вызначана пра яе.

І сказалі маладзёны каралю, што паслугавалі яму: «Няхай бы пашукалі каралю дзявушчых пазорных дзевак,
 
І сказалі хлопчыкі царовыя, якія служылі пры ім: хай бы пашукалі цару маладых прыгожых дзяўчат,

І хай бы прызначыў кароль назіраньнікаў да ўсіх краінаў каралеўства свайго, каторыя зьберлі б кажную дзявушчую пазорную дзеўку да Сусы сталіцы, да дому жонак пад нагляд Гэґая, каралеўскага легчанца, вартаўніка жонак, і хай даюць чысьцячыя масьці;
 
і хай бы назначыў цар назіральнікаў ва ўсе вобласьці свайго царства, якія сабралі б усіх маладых дзяўчат, прыгожых з выгляду, у сталічны горад Сузы, у дом жонак пад нагляд Гегая, царскага еўнуха, ахоўніка жонак, і каб выдавалі ім масьці.

І хай дзеўка, каторую ўпадабае кароль, каралюе замест Вашты». І гэта ўпадабаў кароль, і ён зрабіў гэтак.
 
І дзяўчына, якая спадабаецца вачам цара, хай будзе царыцаю замест Астыні. І дагоднае было слова гэтае ў вачах цара, і ён так і зрабіў.

Якісь Юдэй быў у Сусе сталіцы; імя ягонае Мордэхай, сын Яіроў, сына Шымяя Кішанка, Венямінец.
 
Быў у Сузах, горадзе сталічным, адзін Юдэй, імя яго Мардахэй, сын Яіра, сын Сэмэя, сын Кіса, зь племя Веньямінавага.

Ён быў пераселены зь Ерузаліму разам із палоненікамі, выведзенымі зь Ехоняю, каралём Юдэйскім, каторых перасяліў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі.
 
Ён быў пераселены зь Ерусаліма разам з палоннымі, выведзенымі зь Еханіем, царом Юдэйскім, якіх перасяліў Навухаданосар, цар Вавілонскі.

І быў ён узгадавацелям Гадасы, — яна ж Естэр, — дачкі дзядзькі свайго, бо ня было ў яе айца ані маці. Дзеўка гэта была складная а пазорная. І, па сьмерці айца ейнага а маці ейнае, Мордэхай узяў яе сабе за дачку.
 
І быў ён выхавальнікам Гадасы, — яна ж Эстэр, — дачкі дзядзькі яго, бо ня было ў яе ні бацькі, ні маці. Дзяўчына гэтая была прыгожая станам і прыгожая тварам. І пасьля сьмерці бацькі яе, Мардахэй узяў яе да сябе замест дачкі.

І як была агалошана справа каралеўская й права ягонае, і як зьберлі шмат дзевак да Сусы сталіцы пад нагляд Гэґая, тады ўзята была й Естэр да дому каралеўскага пад нагляд Геґая, вартаўніка жонак.
 
Калі абвешчаны быў загад цара і ўказ ягоны, і калі сабраныя былі многія дзяўчаты ў сталічны горад Сузы пад нагляд Гегая, тады ўзялі і Эстэр у царскі дом пад нагляд Гегая, ахоўцы жонак.

І ўпадабаў гэтую дзеўку ён, і прыдбала ў яго ласку, і ён пабарзьдзіў выдаць ёй чысьцячыя масьці і дзелі ейныя, і прызначаных сем дзевак даць ёй із дому каралеўскага; і перамясьціў яе а дзеўкі ейныя на лепшае месца жаноцкага дому.
 
І спадабалася гэтая дзяўчына вачам ягоным і здабыла ў яго ўпадабаньне, і ён пасьпяшаўся выдаць ёй масьці і ўсё, назначанае ёй, і прыставіў да яе сем дзяўчат, вартых быць пры ёй, з дома царскага, і перамясьціў яе і дзяўчат у лепшае аддзяленьне жаночага дома.

Не азнайміла Естэр люду свайго ані радні свае, бо Мордэхай расказаў ёй, каб яна не азнаймляла.
 
Не гаварыла Эстэр ні пра народ свой, ні пра радство сваё, бо Мардахэй даў ёй загад, каб яна не казала.

І кажны дзень Мордэхай прыходзіў аж да панадворку жаноцкага дому, каб даведацца, як маецца Естэр, і што робяць ізь ёю.
 
І кожнага дня Мардахэй прыходзіў да двара жаночага дома, каб даведвацца пра здароўе Эстэры і пра тое, што робіцца зь ёю.

Як настаў рад кажнай дзеўцы ўходзіць да караля Агасвера, пры канцу двананцацёх месяцаў таго, што сталася ёй подле права жонак, — бо толькі часу цягнуцца дні ачышчэньня іх: шэсьць месяцаў міравым алеям і шэсьць месяцаў пахнючымі а чысьцячымі масьцямі жаноцкімі, —
 
Калі настаў час кожнай дзяўчыне ўваходзіць да цара Артаксэркса, пасьля таго, як дванаццаць месяцаў выконвалася над ёю ўсё, вызначанае жанчынам, — бо столькі часу доўжыліся дні прыціраньняў іхніх: шэсьць месяцаў міравым алеем і шэсьць месяцаў пахошчамі і іншымі прыціркамі жаночымі;

Дык во з чым дзеўка ўходзіла да караля: чаго б яна не сказала, ёй давалі ўсе да выхаду із жаноцкага дому да дому каралёвага.
 
тады дзяўчына выходзіла да цара. Чаго б яна ні патрабавала, ёй давалі ўсё на выхад з жаночага дома ў дом цара

Увечары яна ўходзіла, а нараніцы зварачалася да другога дому жаноцкага, пад нагляд Шаашґаза, легчанца каралеўскага, вартаўніка мамошак; і ўжо ня ўходзіла да караля, хіба толькі кароль пажадаў бы яе, і гукалі яе наймя.
 
Увечары яна ўваходзіла і раніцай вярталася ў другі дом жаночы пад нагляд Шаазгаза, царскага еўнуха, вартаўніка наложніц; і ўжо не ўваходзіла да цара, — хіба толькі цар пажадаў бы яе, і яе клікалі б па імені.

Як настаў рад ісьці да карала Естэры, дачцы Абігаіла, дзядзькі Мордэхаёвага, каторую ён быў узяўшы сабе за дачку, тады яна не прасіла нічога, апрача тога, праз што сказаў ёй Геґай, легчанец каралеўскі, вартаўнік жонак. І прыдбала Естэр зычлівасьць у вачох усіх, што бачылі яе.
 
Калі настаў час Эстэры, дачкі Амінадава, дзядзькі Мардахэя, які ўзяў яе да сябе замест дачкі, — ісьці да цара; тады яна не прасіла нічога, апрача таго, пра што сказаў ёй Гегай, еўнух царскі, вартаўнік жонак. І здабыла Эстэр прыхільнасьць да сябе ў вачах усіх, хто бачыў яе.

І ўзялі Естэр да караля Агасвера, да каралеўскага дому ягонага, дзясятага месяца, значыцца месяца Тэбефа, сёмага году дзяржавы ягонае.
 
І ўзялі Эстэр да цара Артаксэркса, у царскі дом ягоны, на дзясятым месяцы, гэта значыць, у месяцы Тэбэце, на сёмым годзе яго валадараньня.

І палюбіў кароль Естэр над усі жанкі, і яна прыдбала ў яго ласку а зычлівасьць над усі дзяўчаты; і ён узлажыў карону каралеўскую на галаву ёй, і ўчыніў яе караліцаю замест Вашты.
 
І пакахаў цар Эстэр больш за ўсіх жонак, і яна здабыла ягонае ўпадабаньне і прыхільнасьць больш за ўсіх дзяўчат; і ён паклаў царскі вянок на галаву яе і зрабіў яе царыцаю замест Астынь.

І справіў кароль вялікую чэсьць усім князём сваім а служцом сваім — чэсьць дзеля Естэры, і зрабіў палёгку краём, і раздаў дары пакаралеўску.
 
І зрабіў цар вялікую гасьціну ўсім князям сваім і тым, хто служыў яму, — гасьціну дзеля Эстэр, і зрабіў ільготу вобласьцям і раздаў дарункі з царскай шчодрасьцю.

І як другім наваратам зьберты былі дзеўкі, і Мордэхай сядзеў ля брамы каралеўскае,
 
І калі другім разам сабралі ўсіх дзяўчат, і Мардахэй сядзеў каля брамы царскай,

Естэр не азнаймляла радні свае а люду свайго, як расказаў ёй Мордэхай; а слова Мордэхаёва Естэр паўніла таксама, як тады, як была ў яго на ўзгадаваньню.
 
Эстэр усё яшчэ не казала пра радство сваё і пра народ свой, як загадаў ёй Мардахэй; а слова Мардахэя Эстэр выконвала і цяпер гэтак сама, як тады, калі была ў яго на выхаваньні.

Таго часу, як Мордэхай сядзеў ля брамы каралеўскае, два каралеўскія легчанцы, Біґфан а Ферэш, з тых, што сьцераглі парог, узлаваліся й задумлялі налажыць руку на караля Агасвера.
 
У той час, як Мардахэй сядзеў каля царскай брамы, два царскія еўнухі, Гавата і Тара, якія ахоўвалі парог, раззлаваліся і намышлялі накласьці руку на цара Артаксэркса.

І, даведаўшыся праз гэта, Мордэхай наказаў караліцы Естэры, а Естэр наказала каралю ад Мордэхая.
 
Даведаўшыся пра тое, Мардахэй паведаміў царыцы Эстэр, а Эстэр сказала цару ад імя Мардахэя.

І прасачылі справу і знайшлі, і іх абодвых засілілі на дзерве. І ўпісалі да кнігі летапісу ў караля.
 
Справа была дасьледавана і выяўлена праўда, і іх абодвух павесілі на дрэве. І было запісана пра дабрадзейства Мардахэя ў кнізе дзённых запісаў у цара.