Эстэр 3 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І, па гэтых падзеях, узьвялічыў кароль Агасвер Гамана Гамедафенка, Аґаґяніна, і ўзвышыў яго, і пастанавіў седава ягонае вышэй за ўсіх князёў, каторыя ў яго;
Пасьля гэтага ўзьвялічыў цар Артаксэркс Амана, сына Амадата, Вугэяніна, і ўзьнёс яго і паставіў сядзеньне ягонае вышэй за ўсіх князёў, якія ў яго;
І ўсі слугі каралёвы, што ля каралеўскае брамы, кланяліся а падалі ніцма перад Гаманом; бо гэтак расказаў кароль. А Мордэхай ня кланяўся ані падаў ніцма.
і ўсе службіты пры цары, якія былі каля царскае брамы, кланяліся і падалі ніцма перад Аманам, бо так загадаў цар. А Мардахэй не кланяўся і ня падаў ніцма.
І гукалі слугі каралеўскія, каторыя ля брамы каралеўскае, Мордэхаю: «Чаго ты выступаеш із расказаньня каралеўскага?»
І казалі службіты царовыя, якія каля царскае брамы, Мардахэю: навошта ты пераступаеш загад царскі?
І як яны гукалі яму кажны дзень, а ён ня слухаў іх, то яны даказалі Гаману, каб паглядзець, ці вытрывае ў слове Мордэхай, бо ён азнайміў ім, што ён Юдэй.
І як што яны казалі яму кожны дзень, а ён ня слухаў іх, дык яны данесьлі Аману, каб паглядзець, ці ўстоіць у слове сваім Мардахэй, бо ён паведаміў ім, што ён Юдэй.
І як Гаман пабачыў, што Мордэхай ня кланяецца яму й ня падае ніцма перад ім, тады Гаман напоўся гневам.
І калі ўбачыў Аман, што Мардахэй ня кланяецца і ня падае ніцма перад ім, дык напоўніўся гневам Аман.
І лёгка было яму налажыць рукі на аднаго Мордэхая; але як азнаймілі яму люд Мардэхаёў, то шукаў Гаман выгубіць усіх Юдэяў, што ў цэлым каралеўстве Агасверавым, люд Мордэхаёў.
І здалося яму нікчэмным накласьці руку на аднаго Мардахэя; але як што сказалі яму, зь якога народу Мардахэй, дык задумаў Аман вынішчыць ва ўсім царстве ўсіх Юдэяў, якія былі ва ўсім царстве Артаксэркса, як народ Мардахэеў.
Праз гэта першага месяца, каторы ё месяц Нісан, двананцатага году караля Агасвера, кідалі на пур, значыцца на жэрабя, перад відам Гамана дзень пры дню, месяц пры месяцу, жерабя пала на двананцаты, каторы месяц Адар.
У першы месяц, які ёсьць месяц Нісан, на дванаццатым годзе цара Артаксэркса, кідалі пур, г. зн. жэрабя, перад абліччам Амана дзень у дзень і месяц у месяц, і ўпала жэрабя на дванаццаты месяц, г. зн. на месяц Адар.
І сказаў Гаман каралю Агасверу: «Ёсьць адзін люд, рассыпаны а расьцярушаны памеж людаў па ўсіх краінах каралеўства твайго; і правы іхныя накшыя, чымся ў вусіх людаў, і праваў каралеўскіх яны не дзяржаць; затым не карысна каралю пакідаць іх.
І сказаў Аман цару Артаксэрксу: ёсьць адзін народ, раскіданы і расьсеяны паміж народамі па ўсіх вобласьцях царства твайго; і законы іх адрозьніваюцца ад законаў усіх народаў, і законаў цара яны ня выконваюць; і цару ня варта так пакідаць іх.
Калі каралю гэта здаецца добрым, хай напішуць, каб яны былі выгублены; і я адважу дзесяць тысячаў таланяў срэбра на рукі тых, што гэтым зоймуцца, каб занесьлі да скарбу каралеўскага».
Калі цару будзе заўгодна, дык няхай будзе прадпісаньне вынішчыць іх, і дзесяць тысяч талантаў срэбра я зважу ў рукі прыстаўнікаў, каб унесьці ў скарбніцу царскую.
Тады зьняў кароль жуковіну сваю з рукі свае й аддаў яе Гаману Гамедафенку, Аґаґяніну, уцісканьніку Юдэйскаму.
Тады зьняў цар пярсьцёнак свой з рукі сваёй і аддаў яго Аману, сыну Амадата, Вугеяніну, каб змацаваць указ супроць Юдэяў.
І сказаў кароль Гаману: «Аддаю тэ срэбра а люд; рабі зь ім, як табе любя».
І сказаў цар Аману: аддаю табе гэтае срэбра і народ; зрабі зь ім як табе заўгодна.
І пагукалі пісараў каралеўскіх трынанцатага дня першага месяца і напісалі подле ўсёга, што Гаман расказаў, намесьнікам каралеўскім а вайводам над кажным краям а князём кажнага народу, кажнага краю пісьмом яго і кажнаму народу моваю яго; напісалі ад караля, і запячатавалі жуковінаю каралеўскаю.
І пакліканы былі пісцы царскія ў першы месяц, у трыццаты дзень яго, і напісана было як загадаў Аман, да сатрапаў царскіх і да начальнікаў над кожнай вобласьцю, і ў кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове яго: усё было напісана ад імя цара Артаксэркса і змацавана царскім пярсьцёнкам.
І пасланы былі лісты ганцамі да ўсіх краёў каралёвых, каб вынішчыць, забіць а выгубіць усіх Юдэяў, ад малога аж да старога, дзецяняты а жанкі, за адзін дзень, трынанцатага дня двананцатага месяца, значыцца месяца Адара, і маемасьць іхную разглабаць.
І пасланы былі лісты праз ганцоў ва ўсе вобласьці цара, каб забіць, пагубіць і вынішчыць усіх Юдэяў, малога і старога, дзяцей і жанчын у адзін дзень, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца Адара і маёмасьць іх зрабаваць.
Адпіс гэтага пісаньня аддаць, як права кажнага краю, каб быў агалошаны люду, каб былі гатовы да гэтага дня.
Сьпісак з указа аддаць у кожную вобласьць, як закон, абвяшчаны ўсім народам, каб яны былі гатовыя да таго дня.
Ганцы вышлі борзда з каралеўскім расказаньням. І права было дана ў Сусе сталіцы; і кароль, і Гаман селі й пілі, а сталічнае места было ў замятні.
Ганцы выправіліся хутка з царскім загадам. Абвешчаны быў указ і ў Сузах, сталічным горадзе; і цар і Аман сядзелі і пілі, а горад Сузы быў у трывозе.