Эстэр 4 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І Мордэхай даведаўся ўсе, што дзеялася, і разьдзер адзецьці свае, і ўзлажыў на сябе зрэбніну а попел; і вышаў на сярэдзіну места, і гукаў галашэньням вялікім а гаркім,
А Мардэхай даведаўся пра ўсё, што зрабілася, і разьдзёр Мардэхай шаты свае, і апрануў на сябе зрэбніцу і попел; і выйшаў на сярэдзіну гораду, і крычаў крыкам вялікім і голасным.
І дайшоў аж да каралеўскае брамы, бо не належа ўходзіць у каралеўскую браму ў зрэбніне.
І прыйшоў аж да брамы валадарскай, бо нельга было ўваходзіць у браму валадарскую ў зрэбніцы.
І ў кажным краю а месьце, куды-колечы дайшло слова каралёва й расказаньне ягонае, была вялікая жалоба ў Юдэяў а пост а плач а галашэньне; і зрэб’е й попел былі пасьцеляю шмат каму.
І ў кожнай акрузе і месцы, куды дайшло слова валадара і закон ягоны, была вялікая жалоба ў Юдэяў, і пост, і плач, і галашэньне; і зрэбніца і попел сталіся ложкам для мноства.
І прышлі служэбкі Естэрыны і легчанцы ейныя, і азнаймілі ёй, і надта забалела караліцы. І паслала адзецьці, каб Мордэхай адзеў іх і зьняў ізь сябе зрэб’е свае; але ён ня прыняў.
І прыйшлі дзяўчаты Эстэр і эўнухі ейныя, і паведамілі ёй, і вельмі захвалявалася валадарка, і паслала шаты, каб Мардэхай апрануў [іх] і зьняў з сябе зрэбніцу сваю, але ён не прыняў.
Тады гукнула Естэр Гафаха, аднаго зь легчанцоў каралеўскіх, каторага ён прызначыў да яе, і расказала даведацца ўзглядам Мордэхая: што гэта й чаму гэта?
І паклікала Эстэр Гатаха, [аднаго] з эўнухаў валадара, якога ён прыставіў да яе, і загадала даведацца пра Мардэхая, што гэта і чаму гэта.
І вышаў Гафах да Мордэхая на месцкую вуліцу, каторая перад каралеўскаю брамаю;
І пайшоў Гатах да Мардэхая на гарадзкую плошчу, якая перад брамай валадарскай.
І азнайміў яму Мордэхай праз усе, што зь ім прылучылася, і праз прызначаны лік срэбра, каторае абяцаў Гаман адважыць скарбнікам каралеўскім за Юдэяў, каб выгубіць іх.
І паведаміў яму Мардэхай пра ўсё, што адбылося з ім, і пра вызначаную [вагу] срэбра, якое абяцаў Аман адважыць у скарбніцу валадарскую за Юдэяў, каб выгубіць іх.
І даў ёй адпіс рукапісу расказаньня, выданага ў Сусе, вынішчыць іх, каб паказаць Естэры, і зьясьніць ёй, і расказаць ёй, каб яна йшла да караля маліць яго й прасіць яго за люд свой.
І даў яму водпіс ліста закону, выдадзенага ў Шушане на вынішчэньне [Юдэяў], каб паказаў Эстэр і паведаміў ёй, і загадаў ёй, каб яна пайшла да валадара маліць яго і прасіць яго за народ свой.
І прышоў Гафах, і азнайміў Естэры словы Мордэхаёвы.
І прыйшоў Гатах, і паведаміў Эстэр словы Мардэхая.
І сказала Естэр Гафаху, і паведала яму ўзглядам Мордэхая:
І сказала Эстэр Гатаху, і загадала [пераказаць] Мардэхаю:
«Усі слугі пры каралю й люды краінаў каралеўскіх ведаюць, што кажнаму, і мужчыне й жонцы, хто ўвыйдзе да караля да нутранога панадворку, ня гуканы, адно права — сьмерць; адно тый, да каго выцягне кароль свой залаты ськіпетр, застанецца жывы. А мяне ня гукаў кароль, вось ужо трыццаць дзён».
«Усе слугі валадара і народ акругаў валадарскіх ведаюць, што для кожнага мужчыны і жанчыны, хто ўвойдзе да валадара на ўнутраны панадворак, калі яго ня клікалі, адзін закон — мае быць забіты. І толькі той, да каго выцягне валадар скіпетр свой залаты, будзе жыць. А мяне ня клікалі, каб прыйсьці да валадара, вось ужо трыццаць дзён».
І азнаймілі Мордэхаю словы Естэрыны.
І ён паведаміў Мардэхаю словы Эстэр.
І сказаў Мордэхай у вадказ Естэры: «Ня думай сабе, што ты ўсьцеражэшся ў доме каралеўскім із усіх Юдэяў;
І сказаў Мардэхай, каб адказалі Эстэр: «Ня думай у душы тваёй, што ты [адна] з усіх Юдэяў уцячэш у доме валадарскім [ад загубы].
Бо калі ты прамоўчыш, прамоўчыш у гэтым часе, то палёгка а ратунак прыйдзе Юдэям ізь іншага месца, ты ж а дом айца твайго зьгінеце. І хто ведае, ці ня дзеля такога часу, як гэты, ты й дапяла каралеўства?»
Бо калі моўчкі прамаўчыш у гэты час, палёгка і выратаваньне прыйдзе для Юдэяў з іншага месца, а ты і дом бацькі твайго загінеце. І хто ведае, ці ня дзеля такога часу, як гэты, ты дасягнула валадарства?»
І сказала Естэр у вадказ Мордэхаю:
І сказала Эстэр, каб адказалі Мардэхаю:
«Пайдзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, каторыя ў Сусе, і постуйце дзеля мяне, і ня ежча ані піце тры дні, ані ўдзень, ані ночы; і я, і дзеўкі мае будзем таксама поставаць, і так пайду да караля, дарма што гэта супроці права, і калі загінуць, загіну».
«Ідзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, якія знаходзяцца ў Шушане, і посьціце за мяне, і ня ешце і ня піце тры дні, ані ўдзень, ані ўначы; і я, і дзяўчаты мае будзем таксама посьціць, і тады я пайду да валадара, хоць гэта не паводле закону, і калі маю загінуць, дык загіну».
І прайшоў Мордэхай, і зрабіў, як расказала яму Естэр.
І адыйшоў Мардэхай, і зрабіў усё, як загадала яму Эстэр.