Эстэр 4 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка
І Мордэхай даведаўся ўсе, што дзеялася, і разьдзер адзецьці свае, і ўзлажыў на сябе зрэбніну а попел; і вышаў на сярэдзіну места, і гукаў галашэньням вялікім а гаркім,
Калі Мардахэй даведаўся аб усім, што сталася, дык разьдзёр свае вопраткі, апрануўся ў зрэб’е і пасыпаўшыся попелам выйшаў на сярэдзіну места і клікаў вялікім і жалобным голасам.
І дайшоў аж да каралеўскае брамы, бо не належа ўходзіць у каралеўскую браму ў зрэбніне.
І дайшоў да каралеўскай брамы, бо нельга было ўваходзіць у каралеўскую браму ў зрэб’і.
І ў кажным краю а месьце, куды-колечы дайшло слова каралёва й расказаньне ягонае, была вялікая жалоба ў Юдэяў а пост а плач а галашэньне; і зрэб’е й попел былі пасьцеляю шмат каму.
Таксама і ў кожнай краіне і месцы, куды даходзіў каралеўскі загад і пастанова, быў вялікі жаль пасярод жыдоў: пост і плач і нараканьне. Зрэб’е і попел былі пасьцельлю для шмат каго.
І прышлі служэбкі Естэрыны і легчанцы ейныя, і азнаймілі ёй, і надта забалела караліцы. І паслала адзецьці, каб Мордэхай адзеў іх і зьняў ізь сябе зрэб’е свае; але ён ня прыняў.
І прыйшлі служанкі Эстэр і скапцы яе, і расказалі ёй, і каралева вельмі ўстрывожылася. І паслала вопратку, каб Мардахэй апрануў яе і зьняў з сябе зрэб’е, але той ня прыняў.
Тады гукнула Естэр Гафаха, аднаго зь легчанцоў каралеўскіх, каторага ён прызначыў да яе, і расказала даведацца ўзглядам Мордэхая: што гэта й чаму гэта?
Тады паклікала Эстэр Гатаха, аднаго з каралеўскіх скапцоў, які быў прыстаўлены да яе і паслала яго да Мардахэя даведацца: што гэта і дзеля чаго?
І вышаў Гафах да Мордэхая на месцкую вуліцу, каторая перад каралеўскаю брамаю;
Тады выйшаў Гэтах да Мардахэя на вуліцу, што была перад каралеўскай брамай,
І азнайміў яму Мордэхай праз усе, што зь ім прылучылася, і праз прызначаны лік срэбра, каторае абяцаў Гаман адважыць скарбнікам каралеўскім за Юдэяў, каб выгубіць іх.
і расказаў яму Мардахэй аб усім, што яму здарылася і аб колькасьці серабра, якую абяцаў Гаман адважыць у каралеўскі скарб, за жыдоў, якія мелі быць зьнішчаныя.
І даў ёй адпіс рукапісу расказаньня, выданага ў Сусе, вынішчыць іх, каб паказаць Естэры, і зьясьніць ёй, і расказаць ёй, каб яна йшла да караля маліць яго й прасіць яго за люд свой.
Апрача гэтага даў яму спісак з наказу абвешчанага ў Сузан аб зьнішчэньні іх, каб паказаць Эстэры і перадаць ёй вестку, потым наказываў ёй ісьці да караля літасьці і за народ свой.
І прышоў Гафах, і азнайміў Естэры словы Мордэхаёвы.
І прыйшоў Гатах і пераказаў Эстэр словы Мардахэя.
І сказала Естэр Гафаху, і паведала яму ўзглядам Мордэхая:
Тады сказала Эстэр Гатаху, перадаючы праз яго Мардахэю:
«Усі слугі пры каралю й люды краінаў каралеўскіх ведаюць, што кажнаму, і мужчыне й жонцы, хто ўвыйдзе да караля да нутранога панадворку, ня гуканы, адно права — сьмерць; адно тый, да каго выцягне кароль свой залаты ськіпетр, застанецца жывы. А мяне ня гукаў кароль, вось ужо трыццаць дзён».
усе каралеўскія слугі і народ усіх каралеўскіх краінаў ведаюць, што кожнаму, і мужчыне і жанчыне, хто ўвойдзе да караля на нутраны двор, ня быўшы пакліканым, адзін прыгавор — сьмерць; толькі той, да каго кароль працягне свой залаты сцэптар, застанецца жывы. Мяне-ж ня выклікаў кароль вось ужо трыццаць дзён.
І азнаймілі Мордэхаю словы Естэрыны.
А калі перадалі Мардахэю словы Эстэр,
І сказаў Мордэхай у вадказ Естэры: «Ня думай сабе, што ты ўсьцеражэшся ў доме каралеўскім із усіх Юдэяў;
сказаў Мардахэй у адказ Эстэр: — ня думай, што ты адна ўратуешся ў каралеўскім доме з усіх жыдоў,
Бо калі ты прамоўчыш, прамоўчыш у гэтым часе, то палёгка а ратунак прыйдзе Юдэям ізь іншага месца, ты ж а дом айца твайго зьгінеце. І хто ведае, ці ня дзеля такога часу, як гэты, ты й дапяла каралеўства?»
бо калі ты будзеш маўчаць у гэты час, дык збаўленьне прыйдзе жыдом з іншага месца, а ты і дом бацькі твайго загіне. Ды-й хто ведае, ці не дзеля гэтага часу і ты асягнула каралеўскую годнасьць.
І сказала Естэр у вадказ Мордэхаю:
І сказала ў адказ Мардахэю Эстэр:
«Пайдзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, каторыя ў Сусе, і постуйце дзеля мяне, і ня ежча ані піце тры дні, ані ўдзень, ані ночы; і я, і дзеўкі мае будзем таксама поставаць, і так пайду да караля, дарма што гэта супроці права, і калі загінуць, загіну».
ідзі, зьбяры ўсіх жыдоў, што знаходзяцца ў Сузан і пасьцецеся дзеля мяне; ня ешце і ня пійце тры дні, ні ў дзень, ні ў начы, а я з маімі служанкамі таксама буду пасьціцца, а потым пайду да караля, хаця гэта супроць закону, а калі маю згінуць і згіну.
І прайшоў Мордэхай, і зрабіў, як расказала яму Естэр.
Тады пайшоў Мардахэй і зрабіў, як наказала яму Эстэр.