Эстэр 4 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Калі Мардахэй даведаўся пра ўсё, што здарылася, раздзёр адзенне сваё, апрануўся ў зрэбніцу, пасыпаючы попелам галаву. Ды на плошчы ў цэнтры горада галасіў моцна ды горка плакаў,
 
Калі Мардахэй даведаўся аб усім, што сталася, дык разьдзёр свае вопраткі, апрануўся ў зрэб’е і пасыпаўшыся попелам выйшаў на сярэдзіну места і клікаў вялікім і жалобным голасам.

падышоў аж пад браму палаца; бо нельга было ўвайсці на царскі панадворак апранутаму ў зрэбніцу.
 
І дайшоў да каралеўскай брамы, бо нельга было ўваходзіць у каралеўскую браму ў зрэб’і.

Таксама ва ўсіх правінцыях, куды дайшоў эдыкт і закон цара, паўстаў у юдэяў вялікі смутак, пост, лямант і плач, так што для многіх зрэбніца і попел сталі ложкам.
 
Таксама і ў кожнай краіне і месцы, куды даходзіў каралеўскі загад і пастанова, быў вялікі жаль пасярод жыдоў: пост і плач і нараканьне. Зрэб’е і попел былі пасьцельлю для шмат каго.

Прыйшлі ж паслугачкі Эстэр і еўнухі і расказалі ёй аб гэтым. Царыца спалохалася надта, пачуўшы гэта, і паслала адзенне, каб, скінуўшы зрэбніцу, апрануўся ў яго; ён не захацеў прыняць яго.
 
І прыйшлі служанкі Эстэр і скапцы яе, і расказалі ёй, і каралева вельмі ўстрывожылася. І паслала вопратку, каб Мардахэй апрануў яе і зьняў з сябе зрэб’е, але той ня прыняў.

І Эстэр, паклікаўшы Атаха, еўнуха, якога цар даў ёй за паслугача, загадала яму, каб ішоў да Мардахэя і выведаў ад яго, чаму ён гэта робіць.
 
Тады паклікала Эстэр Гатаха, аднаго з каралеўскіх скапцоў, які быў прыстаўлены да яе і паслала яго да Мардахэя даведацца: што гэта і дзеля чаго?

Ды пайшоў Атах да Мардахэя, які стаяў на плошчы горада перад брамай.
 
Тады выйшаў Гэтах да Мардахэя на вуліцу, што была перад каралеўскай брамай,

Ён расказаў яму ўсё, што з ім здарылася, пра тое, колькі срэбра Аман паабяцаў заплаціць у скарбоўню цара за забойства юдэяў, калі іх знішчыць.
 
і расказаў яму Мардахэй аб усім, што яму здарылася і аб колькасьці серабра, якую абяцаў Гаман адважыць у каралеўскі скарб, за жыдоў, якія мелі быць зьнішчаныя.

Таксама копію эдыкта, які быў вывешаны ў Сузах на знішчэнне іх, даў яму, каб паказаў царыцы і пераканаў яе, каб схадзіла да цара і маліла яго, і заступілася за народ свой. «Памятай, — казаў ён, — дні пакорнасці тваёй, калі ты гадавалася на руках маіх, бо Аман, другі па цару, асудзіў нас на смерць. І прызывай Госпада, і гавары цару пра нас, ды вызвалі нас ад смерці».
 
Апрача гэтага даў яму спісак з наказу абвешчанага ў Сузан аб зьнішчэньні іх, каб паказаць Эстэры і перадаць ёй вестку, потым наказываў ёй ісьці да караля літасьці і за народ свой.

Атах, вярнуўшыся, расказаў Эстэр пра ўсё, што яму сказаў Мардахэй.
 
І прыйшоў Гатах і пераказаў Эстэр словы Мардахэя.

Яна яму ў адказ загадала сказаць Мардахэю:
 
Тады сказала Эстэр Гатаху, перадаючы праз яго Мардахэю:

«Усе паслугачы цара і ўсе правінцыі, што знаходзяцца пад уладаю яго, ведаюць, што для ўсіх адзін закон: ці то для мужчыны, ці то для жанчыны; хто ўвойдзе на ўнутраны царскі панадворак не запрошаны, — будзе ён пакараны смерцю адразу ж; хіба што часам цар працягне да яго свой залаты скіпетр, каб ён мог жыць; а я ўжо трыццаць дзён не была клікана да цара».
 
усе каралеўскія слугі і народ усіх каралеўскіх краінаў ведаюць, што кожнаму, і мужчыне і жанчыне, хто ўвойдзе да караля на нутраны двор, ня быўшы пакліканым, адзін прыгавор — сьмерць; толькі той, да каго кароль працягне свой залаты сцэптар, застанецца жывы. Мяне-ж ня выклікаў кароль вось ужо трыццаць дзён.

Калі Мардахэй гэта пачуў,
 
А калі перадалі Мардахэю словы Эстэр,

зноў загадаў Эстэр, кажучы: «Не думай, што гэтым толькі жыццё сваё вызваліш, што знаходзішся ў доме цара, адна з усіх юдэяў.
 
сказаў Мардахэй у адказ Эстэр: — ня думай, што ты адна ўратуешся ў каралеўскім доме з усіх жыдоў,

Калі бо ты будзеш цяпер маўчаць, аднекуль прыйдзе ратунак і вызваленне, а ты і дом бацькі твайго — прападзяце; і хто ведае, ці не дзеля гэтага ты стала царыцай у такі час?»
 
бо калі ты будзеш маўчаць у гэты час, дык збаўленьне прыйдзе жыдом з іншага месца, а ты і дом бацькі твайго загіне. Ды-й хто ведае, ці не дзеля гэтага часу і ты асягнула каралеўскую годнасьць.

І зноў Эстэр перадала Мардахэю гэтыя словы:
 
І сказала ў адказ Мардахэю Эстэр:

«Ідзі і збяры ўсіх юдэяў, якія знаходзяцца ў Сузах; і посціце за мяне. Не ежце і не піце тры дні і тры ночы, і я з паслугачкамі сваімі таксама буду посціць; і затым пайду да цара, нягледзячы на закон: калі загіну — загіну».
 
ідзі, зьбяры ўсіх жыдоў, што знаходзяцца ў Сузан і пасьцецеся дзеля мяне; ня ешце і ня пійце тры дні, ні ў дзень, ні ў начы, а я з маімі служанкамі таксама буду пасьціцца, а потым пайду да караля, хаця гэта супроць закону, а калі маю згінуць і згіну.

Дык пайшоў Мардахэй ды зрабіў усё, што загадала яму Эстэр. 17а Мардахэй жа раздзёр адзенне сваё, і разаслаў зрэбніцу, і ўпаў тварам сваім на зямлю перад старэйшынамі народа з ранку аж да вечара, 17б і сказаў: «Дабраславёны Ты, Божа Абрагама, і Божа Ізаака, і Божа Якуба, 17в Госпадзе, Госпадзе Усемагутны, Уладару, бо ўсё ва ўладзе Тваёй, і няма нікога, хто б волі Тваёй мог супрацівіцца, калі б рашыў Ты збавіць Ізраэль. 17г Ты бо стварыў неба і зямлю і ўсё, што ёсць цудоўнага ў прасторы неба, 17д Ты — Госпад усяго; і няма нікога, хто супрацівіўся б Тваёй магутнасці. 17дж Ты ведаеш, Госпадзе, што я ахвотна ўпаў бы да ступняў ног Амана, каб выратаваць Ізраэль, 17дз але гэтага я не ўчыніў, каб не падняць славы чалавека вышэй славы Бога майго, і не буду пакланяцца нікому іншаму, але толькі Табе, Госпадзе, Божа мой. 17е І не раблю гэтага ані з пыхі, ані з пажадання славы, Госпадзе. Пакажыся, Госпадзе; аб’явіся, Госпадзе! 17ё І цяпер, Госпадзе Валадару, Божа Абрагама, Божа Ізаака і Божа Якуба, пашкадуй Свой народ, бо ворагі нашыя хочуць знішчыць нас і загубіць Тваю спадчыну. 17ж Не пагарджай спадчынай Тваёй, якую выкупіў Сабе з зямлі Егіпецкай. 17з Выслухай маё маленне і міласцівы будзь да спадчыны Тваёй; і перамяні смутак наш у радасць, каб, будучы пры жыцці, славілі мы імя Тваё, Госпадзе, і каб не закрываў Ты вуснаў, што хваляць Цябе». 17і Таксама ўвесь Ізраэль з усіх сіл сваіх прызываў Госпада, таму што немінучая смерць стаяла перад вачамі яго. 17й Эстэр царыца таксама ўцякала да Госпада, пранятая страхам смерці, бо пагражала яна і ёй. 17к І калі зняла шаты славы, то апранулася ў адзенне жалобнае, і замест духмянасцей пасыпала галаву сваю попелам і цела сваё ўпакорыла дужа, радасныя аздобы замяняючы распушчанымі валасамі і пастамі. 17л І пала на зямлю з паслугачкамі сваімі, і праляжала ад раніцы аж да вечара, молячыся: 17м «Божа Абрагама, і Божа Ізаака, і Божа Якуба, — дабраславёны Ты. Заступіся за мяне, адзінокую і не маючую абаронцы, акрамя Цябе, Госпадзе, 17н бо небяспека ў маёй ёсць руцэ. 17о Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты збярог Ноя ў вадзе патопу. 17п Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Абрагаму з трымастамі васемнаццаццю людзьмі аддаў дзевяць цароў. 17р Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ёну з нутра рыбы вызваліў. 17с Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ананію, Азарыю і Місаэля ад печы вогненнай вызваліў. 17т Я пачула з кніг продкаў маіх, што, Госпадзе, Ты Даніэля з ямы львоў вызваліў. 17у Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты злітаваўся над Эзэхіем, царом юдэяў, на смерць асуджаным, калі ён Цябе аб жыцці прасіў, і Ты яму даў жыцця на пятнаццаць гадоў. 17ў Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ганне, якая прасіла ў жаданні душы, даў нарадзіць сына. Госпадзе, што Ты ўсіх, хто Табе падабаецца, вызваляеш назаўсёды. 17х І цяпер дапамажы мне, адзінокай і не маючай анікога, акрамя Цябе, Госпадзе, Божа мой! 17ц Ты ведаеш, што паслугачка Твая брыдзіцца ложкам неабрэзаных. 17ч Божа, Ты ведаеш, што я не ела са стала ідалаў і не піла віна з ахвяр іх вадкіх. 17ш Ты ведаеш, што ад дня майго перамяшчэння не цешылася я, Госпадзе; адно толькі Табою. 17ы Ты ведаеш, Божа, што ад таго часу, калі нашу ўбор гэты на галаве сваёй, брыджуся ім, як лахманом, які забруджаны кроўю [звычайнага ў жанчын], і не апранаю яго ў шчаслівы час. 17ь І цяпер прыйдзі да мяне, сіраты, і ўкладзі ў вусны мае слова мілае на віду льва ды зрабі мяне прывабнай перад ім; і абярні сэрца яго ў нянавісць да таго, хто нападае на нас, на загубу яму і тым, што спрыяюць яму. 17э А нас вызвалі з рукі нашых ворагаў; перамяні наш плач у радасць і смутак наш — у супакой. 17ю Цікуючых жа на спадчыну Тваю, Божа, пастаў, як узор. 17я Аб’явіся, Госпадзе; пакажыся, Госпадзе!»
 
Тады пайшоў Мардахэй і зрабіў, як наказала яму Эстэр.