Эстэр 9 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка
І двананцатага месяца, значыцца месяца Адара, трынанцатага дня яго, каторага прышоў час споўніцца слову каралеўскаму а расказаньню ягонаму, таго дня, калі непрыяцелі Юдэяў спадзяваліся ўзяць уладу над імі, а вышла наадварот, што самы Юдэі ўзялі ўладу над варагамі сваімі, —
Потым у дванаццатым месяцы, гэта значыць у месяцы Адар, у ягоны трынаццаты дзень, калі прыйшоў час выканаць загад караля і ягонае вырашэньне, у той дзень, калі ворагі жыдоў спадзяваліся запанаваць над імі, выйшла наадварот, бо жыды запанавалі над сваімі ворагамі.
Зьберліся Юдэі ў местах сваіх, па ўсіх краёх караля Агасвера, каб налажыць руку на шукаючых ліха ім; і ніхто ня мог вытрываць перад відам іхным, бо страх іх напаў на ўсі люды.
Сабраліся жыды ў сваіх местах, па ўсіх краінах караля Артаксэркса, каб узьняць руку на іх ворагаў і ніхто ня мог ім супроцьстаяць, бо страх перад імі апанаваў усе народы.
І ўсі князі краінаў а намесьнікі а вайводы а ўраднікі каралеўскія падзьдзержавалі Юдэяў, бо на іх напаў страх Мордэхая;
Усе-ж намесьнікі краінаў, князі і старшыні і выканаўцы каралеўскіх справаў падтрымлівалі жыдоў, бо апанаваў іх страх перад Мардахэем,
Бо вялікі быў Мордэхай у доме ў караля, і слава празь яго разыходзілася па ўсіх краінах, бо гэты чалавек, Мордэхай, падыймаўся вышэй а вышэй.
бо быў Мардахэй вялікі ў каралеўскім доме, а ягоная слава разыходзілася па ўсіх краінах, бо гэты муж Мардахэй узьнімаўся вышэй і вышэй.
Дык Юдэі білі ўсіх непрыяцеляў сваіх вытням мяча, забіваючы й глабаючы, і рабілі подле свае волі тым, што іх ненавідзілі.
І нішчылі жыды ўсіх сваіх ворагаў, сякучы мячом, забіваючы і губячы, і паступалі з непрыяцелямі паводле сваёй волі.
У Сусе, сталіцы, забілі Юдэі й выгубілі пяцьсот чалавекаў;
Нават у Сузан, сталічным месьце, забілі і загубілі жыды пяцьсот чалавек:
І Паршандафу, і Далфона, і Асфафу,
і Паршандата, і Далфона, і Асфата;
І Парафу, і Адалю, і Арыдафу,
і Парата, і Адаля, і Арыдата;
І Пармашфу, і Арысая, і Арыдая, і Ваізафу, —
і Пармоста, і Арысая, і Арыдая, і Ваезата, –
Дзесяцёх сыноў Гамана Гамедафенка, уцісканьніка Юдэяў, забілі яны, а на глабаньне ня выцягнулі рукі свае.
дзесяцярох сыноў Гамана, сына Гамадата, ворага жыдоў, забілі яны, але не паднялі руку на маемасьць.
Таго дня наказалі каралю празь лік забітых у Сусе, сталіцы;
У той-жа дзень паведамілі караля аб лічбе забітых у Сузан, сталічным месьце.
І сказаў кароль караліцы Естэры: «У Сусе, сталіцы, забілі Юдэі й выгубілі пяцьсот чалавекаў і дзесяцёх сыноў Гамановых; а ў засталых краінах каралеўскіх што яны зрабілі? Што за зычаньне твае? і яно дасца; і яшчэ што за просьба твая? яна будзе споўнена».
І сказаў кароль каралеве Эстэр: — у Сузан, сталічным месьце, забілі жыды і загубілі пяцьсот чалавек і дзесяцярох сыоў Гамана, дык што-ж яны зрабілі ў іншых каралеўскіх краінах? Якое яшчэ тваё пажаданьне? Яно будзе здаволенае. Якая яшчэ просьба твая? Яна будзе выкананая.
І сказала Естэр: «Калі зьлюб каралю, то хай бы таксама дазволена было Юдэям, што ў Сусе, і заўтра рабіць тое ж, што сядні, з расказаньня, і дзесяцёх сыноў Гамановых хай бы павесілі на шыбеніцы».
І сказала Эстэр: — калі кароль схоча, дык няхай-бы дазволіў жыдом, што ў Сузан, і заўтра рабіць тое, што сягоньня, а дзесяць сыноў Гамана няхай-бы павесілі на шыбеніцы.
І казаў кароль зрабіць гэтак, і расказаньне было дана ў Сусе, і дзесяцёх сыноў Гамановых павесілі.
І загадаў кароль, каб было так. І даны загад у Сузан і павесілі дзесяцёх сыноў Гамана.
І зьберліся Юдэі, каторыя ў Сусе, таксама й чатырнанцатага дня месяца Адара, і забілі ў Сусе трыста чалавекаў, а на глабаньне ня выцягнулі рукі свае.
І сабраліся жыды, што былі ў Сузан, таксама і ў чатырнаццаты дзень месяца Адар і забілі ў Сузан трыста чалавек, а на дабычу не паднялі рукі.
І засталыя Юдэі, што ў каралеўскіх краінах, зьберліся й сталі на абарону жыцьця свайго, і супакоіліся ад непрыяцеляў сваіх, і забілі з варагоў сваіх семдзясят пяць тысячаў, а на глабаньне ня выцягнулі рукі свае,
Таксама іншыя жыды, што жылі ў каралеўскіх краінах, сабраліся, каб стаць у абароне жыцьця свайго і каб мець супакой ад сваіх ворагаў і забілі семдзесят пяць тысячаў, а на дабычу не паднялі рукі.
Трынанцатага дня месяца Адара; а чатырнанцатага дня гэтага ж месяца яны супакоіліся й зрабілі яго днём частаваньня а весялосьці.
Пачалі ў трынаццаты дзень месяца Адар, а ў чатырнаццаты дзень гэтага-ж месяца перасталі і зрабілі гэты дзень днём бяседаў і вясельля.
Юдэі ж, што ў Сусе, зьберліся трынанцатага дня яго і чатырнанцатага дня яго; а пятнанцатага дня яго супакоіліся, і зрабілі яго днём частаваньня а весялосьці.
Жыды-ж, што былі ў Сузан, зьбіраліся ў трынаццаты і чатырнаццаты дзень гэтага-ж месяца, а перасталі ў пятнаццаты дзень гэтага-ж месяца і зрабілі яго днём бяседаў і вясельля.
Затым Юдэі селавыя і што жывуць у местах адкрытых, праводзяць чатырнанцаты дзень месяца Адара ў весялосьці а чэсьцях, пасылаючы адны адным часьці.
Дзеля гэтага, жыды што жывуць на сяле, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адар у вясельлі і бяседах, пасылаючы з добрай думкай адзін другому падаркі.
І апісаў Мордэхай гэтыя здарэньні, і паслаў лісты да ўсіх Юдэяў, каторыя ў краю караля Агасвера, да блізкіх і да далёкіх,
І апісаў Мардахэй гэтыя выпадкі і паслаў лісты ўсім жыдом, што жылі па ўсіх краінах караля Артаксэркса, блізкім і далёкім,
Каб яны прынялі на сябе абавязак сьвяткаваць сьвята чатырнанцатага дня месяца Адара і пятнанцатага дня яго, год у год,
пастанаўляючы, каб сьвяткаваць чатырнаццаты дзень месяца Адар і пятнаццаты дзень яго,
Як дні, у каторыя Юдэі сталі супакойныя ад непрыяцеляў сваіх, і такога месяца, у каторым абярнуўся ім смутак у радасьць, і жалоба — у сьвята, — каб яны рабілі іх днямі чэсьці а весялосьці, пасылаючы адны адным часьці і падаркі бедным.
як тыя дні, у якіх жыды адпачылі ад ворагаў сваіх, і як месяца, у якім сум абярнуўся ў вясельле, а плач у радасьць, каб сьвяткавалі гэтыя дні з бяседамі і вясельлем, пасылаючы адзін другому падаркі і падаянкі бедным.
І прынялі Юдэі тое, што ўжо самы пачалі рабіць, і праз што Мордэхай напісаў ім,
І прынялі жыды тое, што ўжо самыя пачалі рабіць і аб чым пісаў ім Мардахэй,
Як Гаман Гамедафенак, Аґаґянін, уцісканьнік усіх Юдэяў, думаў загубіць Юдэяў і кідаў на пур, значыцца на жэрабя, каб зьмяжджуліць а загубіць іх,
як Гаман, сын Гамадата, Агагеец, думаў згубіць жыдоў і кідаў пур, гэта значыць лёс аб зьнішчэньні і згубе іх,
І як яна, Естэр, прышла да караля, і як ён расказаў лістам, каб нягодны замер, каторы ён, Гаман выдумаў супроці Юдэяў, абярнуўся на собскую галаву ягоную, і павесілі яго а сыноў ягоных на шыбеніцы.
і як Эстэр дайшла да караля і як кароль загадаў новым лістом, каб благі намер Гамана, які ён меў супроць жыдоў, абярнуўся на ягоную галаву і як павесілі яго і ягоных сыноў на шыбеніцы.
Затым і назвалі гэтыя дні Пурам, ад слова «пур». Дык, подле ўсіх словаў гэтага лісту і таго, што самы бачылі гэта і што прыгадзілася ім,
Дзеля гэтага і назвалі гэтыя дні Пурым, ад назову Пур. Дзеля гэтага згодна з усімі словамі гэтага лісту і з тым, што самыя бачылі і што дайшло да іх,
Пастанавілі Юдэі й прынялі на сябе а на насеньне свае а на ўсіх, хто прылучаецца да іх, непарушна сьвяткаваць гэтыя два дні, подле апісаньня іх і подле часу іх, кажны год;
пастанавілі жыды і прынялі на сябе і нашчадкаў сваіх і на ўсіх, што да іх далучацца, каб не парушалі гэтага, але каб сьвяткавалі гэтыя два дні згодна з іхным прызначэньнем, у ўстаноўлены час, кожны год.
І каб дні гэтыя былі помныя й сьвяткаваліся ў кажным родзе, кажнай радзіме, у кажным краю а ў кажным месьце; і каб дзён гэтых Пурым ня ўзрушалі сярод Юдэяў, ані памятка празь іх ня шчэзла ў насеньню іхным.
Каб-жа гэтыя дні былі памятныя і слаўныя ад веку да веку ў кожным племені ў кожнай краіне і ў кожным месьце, і каб гэтыя дні і Пурым не адмяняліся ў жыдоў і памяць аб іх не загінула ў дзяцей іх.
Напісала таксама караліца Естэр Абігаілішка а Мордэхай Юдэй із усёю станаўкосьцю, каб паўнілі гэты другі ліст праз Пурым.
Напісала таксама каралева Эстэр, дачка Абіхайла, і жыд Мардахэй з усёй настойлівасьцяй, каб выконывалі гэты новы ліст аб Пурыме,
І паслалі лісты да ўсіх Юдэяў, да сто дваццаць сямёх краёў каралеўства Агасверавага, із словамі супакою а праўды,
і разаслаў Мардахэй гэты ліст да ўсіх жыдоў у стодваццацьсем краінаў караля Артаксэркса са словамі міру і праўды,
Устанавіць гэтыя дні Пурыму ў пару, якую ўстанавіў ім Мордэхай Юдэй а караліца Естэр, і як яны самы ўстанавілі сабе а насеньню свайму на памятку посту а галашэньняў сваіх.
каб цьвёрда пільнавалі ў свой час гэтых дзён Пурым, як устанавіў аб іх жыд Мардахэй і каралева Эстэр і як яны самыя забавязалі сябе і нашчадкаў сваіх на памятку посту і нараканьня.
І слова Естэрына зацьвердзіла гэтыя загады праз Пурым, і ўпісаны ў кнігу.
Так наказ Эстэр пацьвердзіў гэтае слова аб Пурыме і яго ўпісанае ў кнігу.