Эстэр 9 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
У дванаццаты месяц, гэта значыцца, у месяцы Адар, на трынаццаты дзень яго, калі настаў час спраўдзіцца загаду цара і ўказу ягонаму, у той дзень, калі спадзяваліся няпрыяцелі Юдэяў ўзяць уладу над імі, а выйшла наадварот, што самі Юдэі ўзялі ўладу над ворагамі сваімі,
Потым у дванаццатым месяцы, гэта значыць у месяцы Адар, у ягоны трынаццаты дзень, калі прыйшоў час выканаць загад караля і ягонае вырашэньне, у той дзень, калі ворагі жыдоў спадзяваліся запанаваць над імі, выйшла наадварот, бо жыды запанавалі над сваімі ворагамі.
сабраліся Юдэі ў гарадах сваіх па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса, каб накласьці руку на ліхіх нязычліўцаў сваіх; і ніхто ня мог устояць перад абліччам іхнім, бо страх перад імі напаў на ўсе народы.
Сабраліся жыды ў сваіх местах, па ўсіх краінах караля Артаксэркса, каб узьняць руку на іх ворагаў і ніхто ня мог ім супроцьстаяць, бо страх перад імі апанаваў усе народы.
І ўсе князі ў вобласьцях і сатрапы, і вобласьценачальнікі і выканаўцы дзеяў царскіх падтрымлівалі Юдэяў, бо напаў на іх страх перад Мардахэем.
Усе-ж намесьнікі краінаў, князі і старшыні і выканаўцы каралеўскіх справаў падтрымлівалі жыдоў, бо апанаваў іх страх перад Мардахэем,
Бо вялікі быў Мардахэй у доме ў цара, і слава пра яго хадзіла па ўсіх вобласьцях, бо гэты чалавек, Мардахэй, падымаўся вышэй і вышэй.
бо быў Мардахэй вялікі ў каралеўскім доме, а ягоная слава разыходзілася па ўсіх краінах, бо гэты муж Мардахэй узьнімаўся вышэй і вышэй.
І білі Юдэі ўсіх ворагаў сваіх, забіваючы мечам, вынішчаючы іх, і рабілі зь няпрыцелямі сваімі па сваёй волі.
І нішчылі жыды ўсіх сваіх ворагаў, сякучы мячом, забіваючы і губячы, і паступалі з непрыяцелямі паводле сваёй волі.
У Сузах, горадзе сталічным, забілі Юдэі і зьнішчылі пяцьсот чалавек;
Нават у Сузан, сталічным месьце, забілі і загубілі жыды пяцьсот чалавек:
і Паршандату і Далфона і Асфафу,
і Паршандата, і Далфона, і Асфата;
І Парафу, і Адалью, і Арыдафу,
і Парата, і Адаля, і Арыдата;
і Пармашту і Арысая, і Арыдая і Ваезату,
і Пармоста, і Арысая, і Арыдая, і Ваезата, –
дзесяцёх сыноў Амана, сына Амадата, ворага Юдэяў, усьмерцілі яны, і на рабунак не працягнулі рукі сваёй.
дзесяцярох сыноў Гамана, сына Гамадата, ворага жыдоў, забілі яны, але не паднялі руку на маемасьць.
Таго ж самага дня данесьлі цару пра колькасьць аддадзеных сьмерці ў Сузах, сталічным горадзе.
У той-жа дзень паведамілі караля аб лічбе забітых у Сузан, сталічным месьце.
І сказаў цар царыцы Эстэры: у Сузах, горадзе сталічным, усьмерцілі Юдэі і загубілі пяцьсот чалавек і дзесяцёх сыноў Амана; што ж зрабілі яны ў астатніх вобласьцях цара? Якое жаданьне тваё? і яно будзе задаволена. І якая яшчэ просьба твая? яна будзе споўнена.
І сказаў кароль каралеве Эстэр: — у Сузан, сталічным месьце, забілі жыды і загубілі пяцьсот чалавек і дзесяцярох сыоў Гамана, дык што-ж яны зрабілі ў іншых каралеўскіх краінах? Якое яшчэ тваё пажаданьне? Яно будзе здаволенае. Якая яшчэ просьба твая? Яна будзе выкананая.
І сказала Эстэр: калі цару заўгодна, дык хай будзе дазволена Юдэям, якія ў Сузах, рабіць тое самае заўтра, што і сёньня, і дзесяцёх сыноў Аманавых хай бы павесілі на дрэве.
І сказала Эстэр: — калі кароль схоча, дык няхай-бы дазволіў жыдом, што ў Сузан, і заўтра рабіць тое, што сягоньня, а дзесяць сыноў Гамана няхай-бы павесілі на шыбеніцы.
І загадаў цар зрабіць так; і дадзены ўказ у Сузах, і дзесяцёх сыноў Аманавых павесілі.
І загадаў кароль, каб было так. І даны загад у Сузан і павесілі дзесяцёх сыноў Гамана.
І сабраліся Юдэі, якія ў Сузах, таксама і ў чатырнаццаты дзень месяца Адара і ўсьмерцілі ў Сузах трыста чалавек, а на рабунак не працягнулі рукі сваёй.
І сабраліся жыды, што былі ў Сузан, таксама і ў чатырнаццаты дзень месяца Адар і забілі ў Сузан трыста чалавек, а на дабычу не паднялі рукі.
І астатнія Юдэі, якія былі ў царскіх вобласьцях, сабраліся, каб стаць на абарону жыцьця свайго і быць заспакоенымі ад ворагаў сваіх, і ўсьмерцілі зь няпрыяцеляў сваіх семдзесят пяць тысяч, а на рабунак не працягнулі рукі сваёй.
Таксама іншыя жыды, што жылі ў каралеўскіх краінах, сабраліся, каб стаць у абароне жыцьця свайго і каб мець супакой ад сваіх ворагаў і забілі семдзесят пяць тысячаў, а на дабычу не паднялі рукі.
Гэта было ў трынаццаты дзень месяца Адара; а ў чатырнаццаты дзень гэтага самага месяца яны супакоіліся і зрабілі яго днём гасьціны і весялосьці.
Пачалі ў трынаццаты дзень месяца Адар, а ў чатырнаццаты дзень гэтага-ж месяца перасталі і зрабілі гэты дзень днём бяседаў і вясельля.
А Юдэі, якія ў Сузах, зьбіраліся ў трынаццаты дзень яго і ў чатырнаццаты дзень яго, а ў пятнаццаты дзень яго супакоіліся і зрабілі яго днём гасьціны і весялосьці.
Жыды-ж, што былі ў Сузан, зьбіраліся ў трынаццаты і чатырнаццаты дзень гэтага-ж месяца, а перасталі ў пятнаццаты дзень гэтага-ж месяца і зрабілі яго днём бяседаў і вясельля.
Таму Юдэі сельскія, якія жылі ў селішчах адкрытых, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адара ў весялосьці і гасьцінах, як дзень сьвяточны, пасылаючы дарункі адзін аднаму.
Дзеля гэтага, жыды што жывуць на сяле, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адар у вясельлі і бяседах, пасылаючы з добрай думкай адзін другому падаркі.
І апісаў Мардахэй гэтыя падзеі і паслаў пісьмы ўсім Юдэям, якія ў вобласьцях цара Артаксэркса, блізкім і далёкім,
І апісаў Мардахэй гэтыя выпадкі і паслаў лісты ўсім жыдом, што жылі па ўсіх краінах караля Артаксэркса, блізкім і далёкім,
пра тое, каб яны ўстанавілі на кожны год сьвята ў сябе чатырнаццатага дня месяца Адара і пятнаццатага дня яго,
пастанаўляючы, каб сьвяткаваць чатырнаццаты дзень месяца Адар і пятнаццаты дзень яго,
як такіх дзён, калі Юдэі зрабіліся заспакоеныя ад ворагаў сваіх, і як такога месяца, калі ператварылася ў іх журба ў радасьць, а нараканьне — у дзень сьвяточны, каб зрабілі яны іх днямі гасьціны і весялосьці, пасылаючы дарункі адзін аднаму і дарункі бедным.
як тыя дні, у якіх жыды адпачылі ад ворагаў сваіх, і як месяца, у якім сум абярнуўся ў вясельле, а плач у радасьць, каб сьвяткавалі гэтыя дні з бяседамі і вясельлем, пасылаючы адзін другому падаркі і падаянкі бедным.
І прынялі Юдэі тое, што ўжо самі пачалі рабіць, і пра што Мардахэй напісаў ім,
І прынялі жыды тое, што ўжо самыя пачалі рабіць і аб чым пісаў ім Мардахэй,
як Аман, сын Амадата, Вугэянін, вораг усіх Юдэяў, намышляў загубіць Юдэяў і кідаў пур, жэрабя, пра зьнішчэньне і загубеньне іх,
як Гаман, сын Гамадата, Агагеец, думаў згубіць жыдоў і кідаў пур, гэта значыць лёс аб зьнішчэньні і згубе іх,
і як Эстэр дайшла да цара, і як цар загадаў новым пісьмом, каб ліхі намысел Амана, які ён намысьліў на Юдэяў, абярнуўся на галаву ягоную, і каб павесілі яго і сыноў ягоных на дрэве.
і як Эстэр дайшла да караля і як кароль загадаў новым лістом, каб благі намер Гамана, які ён меў супроць жыдоў, абярнуўся на ягоную галаву і як павесілі яго і ягоных сыноў на шыбеніцы.
Таму і назвалі гэтыя дні Пурым, ад назвы: пур. Таму згодна з усімі словамі гэтага пісьма і з тым, што самыя бачылі і да чаго даходзіла ў іх,
Дзеля гэтага і назвалі гэтыя дні Пурым, ад назову Пур. Дзеля гэтага згодна з усімі словамі гэтага лісту і з тым, што самыя бачылі і што дайшло да іх,
пастанавілі Юдэі і прынялі на сябе і на дзяцей сваіх і на ўсіх, хто далучыўся да іх, каб сьвяткаваць гэтыя два дні, паводле прадпісанага пра іх і ў свой для іх час, кожны год,
пастанавілі жыды і прынялі на сябе і нашчадкаў сваіх і на ўсіх, што да іх далучацца, каб не парушалі гэтага, але каб сьвяткавалі гэтыя два дні згодна з іхным прызначэньнем, у ўстаноўлены час, кожны год.
і каб гэтыя дні былі векапомныя і сьвяткаваліся ва ўсе роды ў кожным племені, у кожнай вобласьці і ў кожным горадзе; і каб дні гэтыя Пурым не адмяняліся ў Юдэяў, і памяць пра іх каб ня зьнікла ў дзяцей іхніх.
Каб-жа гэтыя дні былі памятныя і слаўныя ад веку да веку ў кожным племені ў кожнай краіне і ў кожным месьце, і каб гэтыя дні і Пурым не адмяняліся ў жыдоў і памяць аб іх не загінула ў дзяцей іх.
Напісала таксама царыца Эстэр, дачка Абіхаіла, і Мардахэй Юдэй, з усёй настойлівасьцю, каб выконвалі гэта новае пісьмо пра Пурым;
Напісала таксама каралева Эстэр, дачка Абіхайла, і жыд Мардахэй з усёй настойлівасьцяй, каб выконывалі гэты новы ліст аб Пурыме,
і паслалі пісьмы ўсім Юдэям у сто дваццаць сем вобласьцяў царства Артаксэрксавага са словамі міру і праўды,
і разаслаў Мардахэй гэты ліст да ўсіх жыдоў у стодваццацьсем краінаў караля Артаксэркса са словамі міру і праўды,
каб яны цьвёрда спраўлялі гэтыя дні Пурым у свой час, як пастанавіў пра іх Мардахэй Юдэй і царыца Эстэр, і як яны самыя назначылі іх сабе і дзецям сваім у дні посту і ляманту.
каб цьвёрда пільнавалі ў свой час гэтых дзён Пурым, як устанавіў аб іх жыд Мардахэй і каралева Эстэр і як яны самыя забавязалі сябе і нашчадкаў сваіх на памятку посту і нараканьня.
Так загад Эстэры пацьвердзіў гэта слова пра Пурым, і яно ўпісана ў кнігу.
Так наказ Эстэр пацьвердзіў гэтае слова аб Пурыме і яго ўпісанае ў кнігу.