Эстэр 7 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
І прыйшоў цар з Аманам на гасьціну да Эстэры царыцы.
І прыйшоў кароль з Гаманам на бяседу да каралеву Эстэр.
І сказаў цар Эстэры таксама і ў гэты другі дзень у час гасьціны: якое жаданьне тваё, царыца Эстэр? яно будзе задаволена; і якая просьба твая? хоць бы да паўцарства, яна будзе выканана.
І сказаў кароль да Эстэр таксама і ў другім дні ў часе бяседы: — якое тваё пажаданьне, каралева Эстэр? Яно будзе выкананае і якая твая просьба? Калі-б ты нават прасіла палову каралеўства, дык будзе данае.
І адказвала царыца Эстэр і сказала: калі я знайшла добрую прыхільнасьць у вачах тваіх, цар, і калі цару заўгодна, дык хай будуць дараваны мне жыцьцё маё, паводле жаданьня майго, і народ мой, па просьбе маёй!
Тады адказала каралева Эстэр і сказала: — калі я знайшла ласку ў тваіх вачох, кароль, і калі кароль схоча, дык няхай будзе дараванае мне жыцьцё, на маю просьбу, і народ мой, на просьбу маю,
Бо прададзены мы, я і народ мой, на вынішчэньне, забіцьцё і пагібель. Калі б мы прададзены былі ў рабы і рабыні, я маўчала б, хоць вораг не адшкадаваў бы ўшчэрбу цара.
бо праданыя мы, я і народ мой на зьнішчэньне, забойства і загубу. Калі-б мы былі праданыя, як нявольнікі і нявольніцы, я маўчала-б, хаця вораг і так ня мог-бы выраўнаць каралю гэтую шкоду.
І адказваў цар Артаксэркс і сказаў царыцы Эстэры: хто гэта такі, і дзе той, які адважыцца ў сэрцы сваім зрабіць так.
І адказаў кароль Артаксэркс і сказаў каралеве Эстэр: — хто-ж гэта такі і дзе ён ёсьць, хто адважыўся ў сэрцы сваім зрабіць так.
І сказала Эстэр: вораг і няпрыяцель — гэты ліхі Аман! І Аман затрымцеў перад царом і царыцаю.
І сказала Эстэр: — найгоршы вораг і няпрыяцель гэта Гаман. І ўстрывожыўся Гаман перад каралём і каралевай.
І стаў цар у гневе сваім з гасьціны і пайшоў у сад пры палацы; а Аман застаўся ўмольваць за жыцьцё сваё царыцу Эстэр, бо бачыў, што вызначана яму ліхая доля ад цара.
Тады ўстаў кароль у гневе ад бяседы і пайшоў у сад каля палацу, а Гаман застаўся, каб прасіць аб жыцьцё каралеву Эстэр, бо бачыў вызначаны яму каралём благі лёс.
Калі цар вярнуўся з саду пры палацы ў дом гасьціны, Аман быў прыпалы да ложка, на якім была Эстэр. І сказаў цар: нават і гвалціць царыцу хоча ў доме ў мяне! Слова выйшла з вуснаў цара, — і накрылі твар Аману.
Калі кароль вярнуўся з саду, каля палацу, ў дом бяседы, Гаман быў упаўшы на ложа, на якім была Эстэр. І сказаў кароль: — Ці-ж яшчэ хоча згвалціць каралеву ў маім доме? Калі гэтае слова выйшла з вуснаў караля, зараз пакрылі твар Гамана.
І сказаў Харбона, адзін зь еўнухаў пры цары: вось дрэва, якое падрыхтаваў Аман Мардахэю, які гаварыў добрае цару, стаіць каля дома Амана, вышынёю ў пяцьдзясят локцяў. І сказаў цар: павесьце яго на ім.
І сказаў Гарбона, адзін з каралеўскіх скапцоў: — вось і шыбеніца, якую прыгатаваў Гаман для Мардахэя, які стараўся аб каралеўскім дабры. І сказаў кароль: — павесьце яго на ёй.
І павесілі Амана на дрэве, якое ён падрыхтаваў Мардахэю. І гнеў цара аціх.
І павесілі Гамана на шыбеніцы, якую ён прыгатавў Мардахэю. І гнеў караля сьціх.