Эстэр 5 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
На трэці дзень Эстэр адзелася па-царску. І стала яна на ўнутраным двары царскага дома, перад домам цара; а цар сядзеў тады на царскім троне сваім, у царскім доме, проста і насупраць уваходу ў дом. Калі цар убачыў царыцу Эстэр, якая стаяла на двары, яна знайшла міласьць у вачах яго.
На трэці дзень Эстэра, апрануўшыся ў каралеўскую вопратку, зьявілася на нутраным двары каралеўскага дому, супроць каралеўскага палацу. Кароль-жа сядзеў на сваім каралеўскім пасадзе ў каралеўскім дом, супроць уваходу ў дом.
І працягнуў цар да Эстэры залаты скіпетр, які быў у руцэ ў яго, і падышла Эстэр і дакранулася да канца скіпетра.
Калі кароль пабачыў каралеву Эстэр, стоячую на двары, дык яна знайшла ласку ў ягоных вачох і кароль выцягнуў да Эстэры залаты сцэптар, што трымаў у сваёй руцэ. Тады Эстэр, падыйшоўшы, дакранулася канца сцэптару.
І сказаў ёй цар: што табе, царыца Эстэр, і якая просьба твая? Нават да паўцарства будзе дадзена табе.
І сказаў ёй кароль: — што табе, каралева Эстэр, і якая твая просьба? Калі бы нават прасіла палову каралеўства, дык і яно будзе табе данае.
І сказала Эстэр: калі цару заўгодна, хай прыйдзе цар з Аманам сёньня на гасьціну, якую я прыгатавала яму.
І адказала Эстэр: — калі кароль схоча, дык няхай прыйдзе кароль з Гаманам сягоньня на бяседу, што я яму прыгатавала.
І сказаў цар: схадзеце хутчэй па Амана, каб зрабіў па слове Эстэры. І прыйшоў цар з Аманам на гасьціну, якую прыгатавала Эстэр.
І сказаў кароль: — паклічце, чым хутчэй Гамана, каб зрабіць па волі Эстэр. І пайшоў кароль з Гаманам на бяседу, што зрабіла Эстэр.
І сказаў цар Эстэры пры піцьці віна: якое жаданьне тваё? яно будзе задаволена; і якая просьба твая? хоць бы да паўцарства, яна будзе выканана.
Потым, выпіўшы віна, сказаў кароль Эстэр: — якое тваё пажаданьне? Яно будзе здаволенае. Калі-б нават прасіла палову каралеўства, дык і яно будзе табе данае.
І адказвала Эстэр і сказала: вось маё жаданьне і мая просьба:
Адказала на гэта Эстэр і сказала: — маё пажаданьне і просьба наступная:
калі я знайшла добрую волю ў вачах цара, і калі цару заўгодна задаволіць жаданьне маё і выканаць просьбу маю, дык хай цар з Аманам прыйдзе на гасьціну, якую я прыгатую ім, і заўтра я выканаю слова цара.
калі я знайшла ласку ў каралеўскіх вачох і калі кароль схоча задаволіць маё пажаданьне і выканаць маю просьбу, дык няхай прыйдзе кароль з Гаманам на бяседу, што я прыгатую і заўтра я выканаю каралеўскае слова.
І выйшаў Аман у той дзень вясёлы і дабрадушны. І калі ўбачыў Аман Мардахэя каля брамы царскае, і той ня ўстаў і зь месца не скрануўся перад ім, тады напоўніўся Аман гневам на Мардахэя.
І выйшаў у той дзень Гаман вясёлы і добрай думкі, але калі пабачыў Гаман Мардахэя ў каралеўскай браме і той ня ўстаў з месца і не крануўся перад ім, тады напоўніўся Гаман гневам на Мардахэя.
Аднак жа сьцярпеў Аман. А калі прыйшоў у дом свой, дык паслаў паклікаць сяброў сваіх і Зэрэш, жонку сваю.
Аднак Гаман устрымаўся. Калі-ж прыйшо у свой дом, дык паслаў запрасіць сваіх прыяцеляў і жонку сваю Зэрэш.
І расказваў ім Аман пра вялікае багацьце сваё і пра мноства сыноў сваіх і пра ўсё тое, як узьвялічыў яго цар і як узьнёс над князямі і слугамі царскімі.
І расказываў ім Гаман аб вялікім сваім багацьці і аб мностве сыноў сваіх і аб усім тым, як узьвялічыў яго кароль і ўзьняў яго над князямі і каралеўскімі слугамі.
І сказаў Аман: ды і царыца Эстэр нікога не паклікала з царом на гасьціну, якую яна прыгатавала, акрамя мяне; так і назаўтра я кліканы да яе з царом.
І сказаў Гаман: — ды і каралева Эстэр нікога не паклікала на бяседу з каралём, якую яна прыгатавала, апрача мяне, яшчэ і на заўтра пакліканы я да яе з каралём.
Але ўсяго гэтага ня досыць мне, пакуль я бачу Мардахэя Юдэя, як ён сядзіць каля брамы царскай.
Мне аднак усё гэта нішто, пакуль я бачу жыда Мардахэя, седзячым каля каралеўскай брамы.
І сказала яму Зэрэш, жонка ягоная, і ўсе сябры ягоныя: хай падрыхтуюць дрэва вышынёю ў пяцьдзясят локцяў, і раніцай скажы цару, каб павесілі Мардахэя на ім, і тады весела ідзі на гасьціну з царом. І спадабалася гэта слова Аману, і ён падрыхтаваў дрэва.
І сказала яму Зэрэш, ягоная жонка і ўсе ягоныя прыяцелі: — няхай прыгатуюць шыбеніцу вышынёю пяцьдзесят лакцёў, а раніцою скажы каралю, каб павесілі на ёй Мардахая, і тады весела йдзі на бяседу з каралём. І спадабалася гэная рада Гаману і ён прыгатаваў шыбеніцу.